22:26 09 красавіка 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.52
  • EUR2.74
  • 100 RUB3.37
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Посцім смачна: самыя цікавыя і смачныя рэцэпты (16)
14610

Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца поснымі рэцэптамі, каб вернікі змаглі зрабіць сваё меню больш разнастайным.

Жыццё селяніна на пачатку зімы, як заўсёды, поўнілася працай. Мужчыны знаходзілі занятак, звязаны з дробным рамяством і рамонтам, а жанчыны часалі лён ці садзіліся за кросны. Маладыя дзяўчаты хадзілі на вячоркі і амаль увесь месяц варажылі пра замужжа.

У снежні былі тры святы, на якія гаспадыням выпадала адпачыць. У Лельчыцкім раёне і цяпер гавораць, што на Піліпаўку ёсць тры "святкі", якія ідуць адзін за адным – Варвары, Савы і Міколы. У гэтыя дні не трэба "ні снаваць, ні ткаць, а можна паваражыць".

Варвары (Варвара, Варкі, Міколіна матка) – свята народнага календара, які ў хрысціянскай традыцыі адзначаецца 17 снежня, як дзень памяці пакутніцы Варвары. Ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень. Пакуль толькі "на вераб’іны крок", таму казалі так: "Варвара ноч уварвала, а дня прытачыла". Па народных уяўленнях з гэтага дня пачыналася сапраўдная зіма – з завеямі і моцнымі маразамі.

Прысвятак Варвара лічыўся Серадпосцем – сярэдзінай Каляднага посту.

На поўначы краіны гаспадыні ў гэты перыяд гатавалі рулі, цюпку, квасоліху, таўчонік, камы, груцу, мілту і мурцоўку і іншыя. Асноўнымі інгрыдыентамі для іх прыгатавання былі хлеб, бульба, крупы, бабы і цыбуля з льняным і канапляным алеем.  

Рулі

1 варыянт прыгатавання:

Тонкія скібы аржанага  хлеба нарэзаць кубікамі, дадаць канапляны або льняны алей, соль, дробна пакрышыць адну сырую цыбуліну і уліць гатаванай вады столькі, каб атрымаўся густы суп.

2 варыянт прыгатавання:

Спражыць некалькі скібак аржанага  хлеба і зрабіць з іх хлебны квас, дадаць дробна пакрышаную сырую цыбуліну і зеляніну кропу. Перамяшаць і есці халодным.

Заўвага: Не ў пост у квас крышылі варанае яйка і дадавалі дробныя кавалачкі варанага мяса.

Цюпка

Пакрышыць скарынкі жытняга хлеба, дадаць цёплую ваду, а калі не ў пост, то малако і пасаладзіць па смаку.

Таўчонік

Зварыць бульбу ў мундзірах, аблупіць, стаўчы гарачай, пасаліць і перамяшаць з мукой. Цеста выкласці на разагрэтую і змазаную алеям патэльню, якую можна абсыпаць тоўчанымі  сухарамі. Запякаць 30-40 хвілін, пакуль не з’явіцца прыгожая скарынка.

Камы

Сухія бабы замачыць на ноч. У асобных чыгунках зварыць бульбу і бабы, хутка аблупіць бульбу, пасля бабы, патаўчы, пасаліць і добра перамяшаць.

Не ў пост гэтую страву можна заскварыць салам і цыбуляй. У пост камы можна прыправіць смажанай на алеі цыбуляй і падаць з салёнымі агуркамі, грыбамі.

Бабы малецкія

Сухія бабы намачыць на ноч, некалькі разоў прамыць і зварыць да мяккасці. Калі вада не выпарылася, адцадзіць, пасаліць і крыху паперчыць. Пры жаданні можна падпражыць іх з алеям на патэльні.

Тэмы:
Посцім смачна: самыя цікавыя і смачныя рэцэпты (16)
Тэги:
беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская

Галоўныя тэмы