12 ліпеня праваслаўная царква ўшанавала памяць Святых Пятра і Паўла. У гэты дзень у вёсцы Шыпілавічы Любанскага раёна Мінскай вобласці ўжо дзевяты год запар прайшоў фестываль традыцыйнай народнай культуры "Пятровіца" - свята, падобнае да Купалля і прысвечанае яднанню з прыродай, будучаму ўраджаю і любові.
З раніцы незамужнія дзяўчаты хадзілі ў поле да векавога дуба, вязалі на яго стужачкі з просьбай сустрэць наканаванага і плялі святочныя вянкі.
Вечарам дзяўчаты і жанчыны вадзілі карагоды ў вёсцы. Калі яны сустракалі на сваім шляху мужчыну, яго зацягвалі ў круг і вадзілі вакол карагод.
Само свята пачалося з набажэнства каля прыдарожнага крыжа, затым прысутных чакаў канцэрт мясцовых народных калектываў.
Пасля абраду распальвання вогнішча замужнія, умудроныя жыццём жанчыны падзякавалі святым і вымавілі святочныя наказы-просьбы пра добры ўраджай, сямейнае шчасце. У вогнішча ў якасці дару кінулі па жмені солі.
Асноўная частка абраду - абыход незамужніх дзяўчат сямейнымі жанчынамі. Дзяўчыны, якія хочуць замуж, станавіліся адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, абыходзілі іх "змейкай" з абрадавай песняй. Пасля станавіліся ў кола вакол вогнішча, а дзяўчаты, у сваю чаргу, вадзілі вакол іх свой карагод. Такім чынам старэйшыя дабраслаўлялі маладых на шчаслівае сямейнае жыццё.
Мужчынам таксама дасталася своеасаблівае благаслаўленне. Даўней дзяўчыны зрывалі старыя шапкі з жанатых мужчын і кідалі іх у агонь, каб было шчасце ў сямейным жыцці. Але ў гэты раз шапкі зрабілі з паперы.
Па павер'і, Пятроў Дзень - гэта апошні дзень у годзе, калі незамужняя можа знайсці сабе пару. Таму хлопец з дзяўчынай, у якіх маецца ўзаемная сімпатыя, скакалі, узяўшыся за рукі, праз вогнішча і цалаваліся. Дзяўчына аддавала упадабанаму хлопцу свой вянок. Увесь святочны вечар пара гуляла і танчыла разам.
Увечары можна было пакаштаваць духмянай юшкі: па біблейскіх паданнях, Святы Пётр быў рыбаком, таму ў Пятроў дзень прынята карміць мужа і блізкіх рыбай або юшкай, каб абараніць сваю сям'ю ад разладу і скандалаў.
Арганізавалі свята аматары гісторыі і старажытных традыцый беларусаў - стваральніца школы Пятровіца Анастасія Кухарэнка і этнахарэограф, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля "Верабейкі" Сяргей Выскварка.