05:00 16 верасня 2019
«Радыё Sputnik»
  • USD2.05
  • EUR2.28
  • 100 RUB3.19
Веснавы абрад Юр’еўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну

ЦТ па беларускай мове. Часціны мовы: назоўнік

© Photo : Альфрэд Мiкус
Грамадства
Атрымаць кароткую спасылку
Вучым беларускую мову (48)
8710

Рыхтуйцеся да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове разам са Sputnik.

Назоўнік – гэта самастойная часціна мовы, якая абазначае прадмет і адказвае на пытанне "хто?" / "што?" Пачатковай формай назоўніка з'яўляецца назоўны склон, адзіночны лік: школа, дрэва, кот. У сказе назоўнік можа быць дзейнікам, выказнікам (а таксама ўваходзіць у іменную частку выказніка), дапаўненнем, недапасаваным азначэннем, акалічнасцю і звароткам.

Род назоўнікаў

Назоўнікі падзяляюцца на тры роды: мужчынскі, жаночы і ніякі.

Назоўнікі агульнага роду – тыя, якія ў сказе ў залежнасці ад палавой прыналежнасці таго, каго яны называюць, маюць граматычныя прыкметы жаночага або мужчынскага роду: сірата, плакса, Саша, Жэня.

Некаторыя назоўнікі, якія называюць асоб абодвух палоў, але маюць граматычныя прыкметы мужчынскага роду: урач, сакратар.

Род складанаскарочаных слоў (абрэвіятур) вызначаецца па структуры скарачэння або роду апорнага слова поўнай назвы. Да мужчынскага роду адносяцца абрэвіятуры, якія складаюцца з гукаў і пішуцца з малой літары (загс) або ўтвораны з ужыванем пачатковых частак слоў і маюць нулявы канчатак (калгас).

Назоўнікі ,якія ўжываюцца толькі ў форме множнага ліку, не маюць роду: дзверы, нажніцы.

Лік назоўнікаў

Назоўнікі ўжываюцца ў адзіночным ліку, калі гаворка ідзе пра адзін прадмет (дом), а ў множным – калі пра некалькі (дамы) або сукупнасць прадметаў (мінчане).

Толькі ў адзіночным ліку ўжываюцца зборныя, большасць рэчыўных, абстрактныя назоўнікі, назвы дзеянняў або стану, уласныя і назвы напрамкаў свету.

Толькі ў множным ліку бываюць назвы непадзельных і парных прадметаў, прамежкі часу, гульні, а таксама некаторыя рэчаўныя (дровы), назвы дзеянняў (выбары), уласныя (Ашмяны).

Склон назоўнікаў

Склон — гэта граматычная катэгорыя назоўніка, якая паказвае, як назоўнік адносіцца да іншых слоў у сказе. У сучаснай беларускай мове існуе шэсць склонаў:

  1. Назоўны (хто? што?)
  2. Родны (каго? чаго?)
  3. Давальны (каму? чаму?)
  4. Вінавальны (каго? што?)
  5. Творны (кім? чым?)
  6. Месны (аб кім? аб чым?)

Пра асобныя выпадкі і складанасці скланення назоўнікаў Sputnik ужо пісаў у "моўнай хвілінцы".

Агульныя і ўласныя назоўнікі

Агульныя назоўнікі — гэта назвы класаў аднародных прадметаў, прыродных з’яў, жывых істот, паняццяў: дом, сонца, кніга, цукерка, сабака.

Большасць з агульных назоўнікаў маюць формы адзіночнага і множнага ліку.

Уласныя назоўнікі – гэта імёны, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, геаграфічныя і астранамічныя назвы, назвы выдавецкай прадукцыі, прадпрыемстваў і інш.: Якуб Колас, Барсік, Мінск, Месяц, "Полымя" (часопіс), "Спартак" (фабрыка). Яны пішуцца з вялікай літары, назвы бяруцца ў двукоссе. Калі ў назве ёсць імя, яно не выдзяляецца двукоссем: гімназія імя Барыса Акрэсціна.

Уласныя назоўнікі могуць пераходзіць у агульныя і наадварот: Панама – горад і панама – від галаўнога ўбора, кот – жывёла і Кот – прозвішча.

Адушаўлённыя і неадушаўлённыя назоўнікі

Назоўнікі, якія адказваюць на пытанне "хто?" з'яўляюцца адушаўлённымі: маці, ластаўка, матылёк. Назвы міфалагічных істот,  шахматных фігур, карт і  ніжэйшых жывых арганізмаў таксама адносяць да адушаўлённых назоўнікаў: дамавік, валет, мікроб. Як адушаўлённыя скланяюцца назоўнікі мярцвяк, нябожчык і труп.

Адушаўлённыя назоўнікі падзяляюцца на асабовыя і неасабовыя. Асабовыя – гэта тыя, якія абазначаюць асоб паводле роднасці, нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасці, дзейнасці, якасцяў: бацька, праграміст, беларус, мінчанін, мізантроп.

Назоўнікі, якія адказваюць на пытанне "што?" адносяць да неадушаўлённых. Гэта могуць быць прадметы, расліны, з'явы прыроды: стол, дрэва, маланка.

Адрозніць адушаўлённыя назоўнікі ад неадушаўлённых дастаткова проста і граматычна: у адушаўлёных назоўнікаў формы вінавальнага склону множнага ліку супадаюць з формамі роднага склону, у неадушаўлёных — з формамі назоўнага склону:

Адушаўлённыя Неадушаўлённыя

В. бачу катоў, сабак

Р. няма катоў, сабак

Н. ёсць дамы, ложкі

В. бачу дамы, ложкі

Канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі

Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць прадметы, якія існуюць у рэчаіснасці. Яны могуць змяняцца па ліках і спалучацца з колькаснымі лічэбнікамі: два стала, тры хлопцы, адзін дом.

Абстрактныя назоўнікі - тыя агульныя на зоўнікі, якія абазначаюць пачуцці, стан, якасці: журба, незалежнасць, гонар. Яны маюць форму адзіночнага ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі.

Зборныя і рэчаўныя назоўнікі

Зборныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў ці асоб, якія з'яўляюцца непадзельным цэлым: калоссе, лісце, моладзь, народ. Яны ўжываюцца толькі ў адзіночным ліку і не спалучаюцца з колькаснымі лічэбнікамі.

Рэчыўныя назоўнікі называюць рэчывы аднароднага саставу, якія можна падзяляць, але нельга лічыць: малако, мука, шоўк. Рэчыўныя назоўнікі маюць адну форму ліку: адзіночнага або множнага.

Тэмы:
Вучым беларускую мову (48)
Тэги:
Цэнтралізаванае тэсціраванне, Беларуская мова

Галоўныя тэмы