Самы просты спосаб нясумна правесці выходныя — акунуцца ў народныя гулянні з нагоды Масленіцы. Балазе прапаноў паесці бліны і паназіраць за перацягваннем каната ў гэтыя выходныя больш чым дастаткова.
Але калі не Масленіца, то што?.. Варыянты ёсць: сустрэча з нашчадкам Радзівілаў у Нацыянальным мастацкім музеі, канцэрты Лаліты і "Агаты Кристи" ці доўгачаканая прэзентацыя выдадзенага на народныя грошы дыска з песнямі на вершы Рыгора Барадуліна.
"Агата Кристи" у Prime Hall
Браты Самойлавы рассталіся, але прыхільнікаў, здаецца, не страцілі. З лепшымі песнямі "Агаты Кристи" ў суботу ў Мінску выступіць адзін з заснавальнікаў і экс-саліст легендарнага гурта Вадзім Самойлаў.
Анансуюць двухгадзінную праграму з маштабным відэа-шоу ад легендарнага рэжысёра Віктара Вілкса.
Дзе: Prime Hall; калі: у суботу, а 20:00; кошт квіткоў: ад 60 рублёў.
Лаліта ў Палацы Рэспублікі
Спявачку называюць адной з самых тэмпераментных артыстак расійскай эстрады. У Мінск Лаліта вязе праграму, якую з вялікім поспехам прэзентавала на сцэне маскоўскай канцэртнай залы Crocus City Hall. Шоу тады выклікала захапленне публікі, нагадваюць арганізатары мінскага канцэрта. Кожнай песні падпявалі хорам сем тысяч гледачоў. Усе свае самыя вядомыя песні спявачка вязе і ў Минск.
Дзе: Палац Рэспублікі; калі: у суботу а 19:00; кошт квіткоў: ад 35 рублёў.
Мацей Радзівіл у Мастацкім
Нашчадак славутага роду — князь Мацей Радзівіл запрашае ў нядзелю пагутарыць у сценах Нацыянальнага мастацкага музея. Гаварыць будзе пра сваю калекцыю, частка якой легла ў аснову выставы "Радзівілы: лёсы краіны і роду". Выставу ўрачыста адкрыюць у панядзелак, а напярэдадні Мацей Радзівіл, паспяховы польскі фінансіст, прадпрымальнік, мецэнат і грамадскі дзеяч гатовы адказаць на пытанні.
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей; калі: у нядзелю ў 18:00; кошт квіткоў: 5 рублёў.
Прэзентацыя праекта "Песні Матчыны з Вушаччыны"
Прэзентацыя сумеснага музычнага праекта "Песні Матчыны з Вушаччыны" прымеркавана да дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. 24 лютага яму споўнілася б 82.
У праект і на дыск трапілі песні, якія ў дзяцінстве будучаму народнаму паэту спявала яго маці і якія ўжо ў наш час былі пераасэнсаваныя музыкамі з гуртоў "Re1ikt", "Vuraj", "Harmonic Style Project" і іншымі.
Дарэчы, грошы на запіс дыска і падрыхтоўку прэзентацыі збіралі пры дапамозе краўдфандынга. Карыстальнікі сеткі сабралі каля 85% ад неабходнай сумы.
Дзе: Палац культуры ветэранаў; калі: у нядзелю а 19:00; кошт квіткоў: ад 14 рублёў.
Лыжныя акрабаты
У суботу ў "Раўбічах" можна будзе паназіраць за выступленнямі лепшых фрыстайлістаў — лідэраў сусветнай лыжнай акрабатыкі. Пад Мінскам пройдзе этап Кубка свету па фрыстайле.
У спаборніцтвах возьмуць удзел каля 70 спартсменаў з 12 дзяржаў. Нагадаем, па выніках пяці этапаў Кубка свету сезона-16/17 у лыжнай акрабатыцы тры беларускія фрыстайліста ўваходзяць у дзесятку лепшых.
Вялікі хакей
Аматары хакея напэўна захочуць правесці суботні вечар на "Мінск-Арэне", назіраючы за хатнім матчам хакейнага клуба "Дынама-Мінск" супраць яраслаўскага "Лакаматыва". Гульня адбудзецца ў рамках плэй-оф Кубка Гагарына.
Заўважым, што мінчане чацвёрты раз у сваёй гісторыі выступаюць у накаўт-раўндзе, аднак далей першага раунда плэй-оф да гэтага часу каманда не праходзіла. У 2011 годзе ў 1/4 фіналу "зубры" ў серыі да чатырох перамог саступілі як раз яраслаўскаму "Лакаматыву" (3:4).
Дзе: "Мінск-Арэна"; калі: у суботу а 17:00; кошт квіткоў: ад 80 рублёў.
Развітальная лыжня
Арганізатары "Мінскай лыжні" настойваюць, што па-за залежнасці ад надвор'я развітальная з зімой гонка адбудзецца. "Мінскую лыжню" тры гады запар адмянялі з-за надвор'я. Але ў гэтым годзе спаборніцтвы павінны адбыцца. Усіх ахвотных прабегчы 2,5 кіламетра чакаюць на лыжаролернай трасе на праспекце Пераможцаў.
Першыя два старты будуць рэгламентаваны, у іх прымуць удзел каманды чыноўнікаў і сілавых ведамстваў. А потым на лыжню запросяць усіх астатніх — запланавана шэсць мас-стартаў.
Дзе: лыжаролерная траса на праспекце Пераможцаў; калі: у суботу з 11:30.