МІНСК, 25 жні — Sputnik. Будучыя выхадныя абяцаюць быць цёплымі і без дажджоў. Гэта выдатная нагода збегчы на прыроду. Але калі хочацца свята, яркіх і гучных уражанняў, Sputnik гатовы падказаць некалькі варыянтаў, як з асалодай бавіць час.
Навальніца
Чатыры маштабных шоў рыхтуюць у суботу каманды-удзельніцы фестывалю феерверкаў "Навальніца-2017". Беларуская каманда выступіць першай, будзе страляць, маляваць і здзіўляць пад жывую музыку Brutto&Ляпіс. Арганізатары нагадваюць, што беларуская каманда мае салідны вопыт работы з замежнымі поп- і рок-выканаўцамі. Да прыкладу, яна ўдзельнічала ў пастаноўцы піратэхнічнага шоў для "Rammstein".
Афіцыйна фестываль адкрыецца ў 20.00, але пляцоўка фестываля чакае гасцей з 12.00. Заяўлена мноства забаў для дзяцей і падлеткаў: ад холи-фэсту да скаладрома і атракцыёнаў на вадзе. Дарослым — у чаканні феерверкаў — абяцаюць салідны інтэрнацыянальны фудкорд і добрую музыку.
Класіка ў Ратушы
У гэтую суботу класіка ля Ратушы будзе гучаць у апошні раз. Сезон летніх open air 2017 у цэнтры Мінска закрываецца. У апошнюю суботу лета ў Верхнім горадзе будуць гучаць жамчужыны сусветнай класічнай музыкі ў выкананні галоўнага сімфанічнага аркестра краіны пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. Пачатак у 20.30.
Дні культуры Арменіі і Індыі
Удзень ля Ратушы ў гэтыя выхадныя таксама не будзе сумна. У суботу на сваё свята запрашаюць армяне, а ў нядзелю — індыйцы. Свята армянскай культуры пад назвай "Залаты абрыкос" пачнецца ў 13:00. Будзе канцэрт з удзелам Іскуі Абалян, Стэлы і іншых артыстаў, а таксама дэгустацыі, майстар-класы, магчымасць пазмагацца ў футбол і шахматы.
Канцэрт і нацыянальны пачастунак рыхтуюць і ў рамках Дня Індыйскай культуры. Акрамя таго, гледачы, якія апынуцца ўдзень у нядзелю ў Верхнім горадзе, змогуць убачыць, як праводзіцца індыйская вясельная цырымонія.
Vulitsa Ezha
У гэтыя выхадныя ў парку забаў "Дрымлэнд" адбудзецца фестываль вулічнай ежы Vulitsa Ezha. Анансуюць шмат прысмакаў у прыемнай атмасферы пад добрую музыку. Арганізатары кажуць, што прывязуць музыкаў, якіх Мінск яшчэ не бачыў, і запрашаюць усіх жадаючых "прыгожа зачыніць гэты сезон і развітацца з летам" — каб было што ўспомніць восенню.
Гасцей чакаюць у суботу і нядзелю з 12.00 да 22.00.
Эка-маркет "Пастэрнак"
Сваё гастранамічнае свята ў гэтыя выхадныя будзе і ў прыхільнікаў здаровага харчавання. У фае Палаца спорта ў межах штогадовых выстаў-кірмашоў "Нашым дзецям" і "Прывітанне, школа!" пройдзе эка-маркет "Пастэрнак". Гасцям абяцаюць мора уражанняў, масу эмоцый, вялікі выбар смачнай і здаровай ежы, шмат экалагічных тавараў, а таксама прыемныя розыгрышы і конкурсы.
Эка-маркет будзе працаваць у суботу і нядзелю з 10.00.