МІНСК, 14 ліс - Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю народнага артыста СССР Ігара Лучанка, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
На пачатку месяца Лучанок быў шпіталізаваны з інсультам, урачы ацэньвалі яго стан як цяжкі. Ён памёр 12 лістапада ўвечары.
"Прыміце мае спачуванні ў сувязі са смерцю выдатнага кампазітара сучаснасці, народнага артыста СССР Ігара Міхайлавіча Лучанка. З жыцця пайшоў чалавек вялізнага таленту, чыёй творчасцю па праву ганарыцца Беларусь", - сказаў Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што творы Лучанка - гэта ўзоры высокага мастацтва, яны заслужылі шчырую любоў розных пакаленняў ў многіх краінах.
Песні кампазітара, паводле слоў Лукашэнкі, сталі "залатымі шлягерамі на ўсе часы, эталонам прафесійнага майстэрства". Прэзідэнт назваў творы Лучанка неад'емнай часткай скарбніцы нацыянальнай культуры.
Памяць пра Лучанка, упэўнены прэзідэнт, захаваецца ў сэрцы кожнага беларуса.
Развітанне з народным артыстам СССР пройдзе сёння, 14 лістапада, у Доме афіцэраў у Мінску.
Чытайце таксама:
- Кампазітар-легенда: залатыя шлягеры Ігара Лучанка
- Нам за сваё жыццё не сорамна: апошняе інтэрв'ю Ігара Лучанка