Кухня нашых продкаў: гатуем стравы з фасоляй

© Pixabay / PexelsФасоля
Фасоля - Sputnik Беларусь
Падпісацца
А вы ведалі, што шмат стагоддзяў з фасолі выраблялі касетыку і выкарыстоўвалі яе кветкі як упрыгажэнне? Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае як ставіліся да гэта расліны на беларускіх землях.
Дзесяты месяц года размалёўвае нябачным пэнзлем ў яркія колеры дрэвы і ўсё часцей з-за няўстойлівага надвор’я адчуваецца подых зімы. Густыя туманы і дробны дождж, сонца праз хмары і пранізлівы вецер, мароз і часам снег. Усё гэта прымушае апранаць цёплае адзенне і часцей гатаваць смачныя стравы, каб палепшыць настрой і сагрэцца.
Купалле ў Глубокскім раёне - Sputnik Беларусь
Кухня нашых продкаў: гатуем па цётчыных рэцэптах
У беларускай народнай кулінарнай кнізе значнае месца займаюць стравы з фасолі – карыснай і пажыўнай расліны.
Пасоля, квасоля, шальбабон, фасоля - так называюць у розных мясцовасцях Беларусі гэту травяністую расліну з сямейства бабовых. Яе радзіма - Паўднёвая Амерыка і перш чым фасоля трапіла на стол у выглядзе смачнай стравы, яе выкарыстоўвалі ў якасці дэкаратыўнай кветкі.
У старажытных кітайскіх рукапісах першыя згадкі пра фасолю  прыпадаюць на 1280 год да нашай эры. Ведалі яе ў Старажытным Рыме, а ў Еўропе з фасолі нават рабілі такія касметычныя сродкі, як пудру бялілы. У Германіі і цяпер захавалася назва "бялільныя бабы". Найбольш упадабалі фасолю на поўдні Еўропы ў такіх краінах, як Балгарыя, Венгрыя, Румынія, а таксама ва Украіне, Малдове, на Каўказе і Беларускім Палессі. Тут розныя яе гатункі здаўна вырошчвалі на патрэбу сялян і шляхты. Апісваючы вясковыя агароды ў канцы ХІХ стагоддзя этнограф Чэслаў Пяткевіч заўважаў, што ў Рэчыцкім Палессі сялянкі садзяць толькі два гатункі: "тычковую" (тая што віецца) і "сядуху" (куставая). Гаспадыні лічылі, што смакавыя якасці ў сядухі горшыя, паколькі насенне ў ёй драбнейшае за буйную тычковую.
Цікава, што на сучасных палесскіх агародах і цяпер можна сустрэць тую самую, даўнюю тэхналогію пасадкі тычковай фасолі. На роўнай адлегласці адна ад адной сеюць па 5-6 фасолінак у кружкі дыяметрам 20 см, у цэнтр якіх пасля ўтыкаюць тычкі. Увосені, калі фасолю прыбіралі з градак, то спачатку яе звязвалі ў снапкі і так сушылі ў добра праветрываемых памяшканнях. Пасля, калі ў гаспадыні быў час, фасолю лушчылі і захоўвалі ў добра закаркаваным посудзе або проста ў струках.
Вядомы быў беларускім гаспадыням і іншы спосаб захавання пасолі. У заможных гаспадарках вырошчвалі і спаржавую фасолю, маладыя струкі якой сушылі і салілі рознымі спосабамі. Зялёныя струкі перасыпалі соллю і паслойна складалі ў альховыя ці дубовыя кадушкі, заліваючы зверху негарачым тлушчам. Перад тым, як прыгатаваць з такой фасолі страву, яе добра вымочвалі ў чыстай вадзе. У Першай беларускай кулінарнай кнізе "Літоўская кухарка", якую склала Вінцэнта Завадская шмат цікавых рэцэптаў з фасолі.
Фасоля зялёная ў стручках
Інгрыдыенты:
  • 800 г зялёнай фасолі
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 ст лыжка сухароў
  • Соль
Як гатаваць:
Маладыя стручкі спаржавай фасолі ачысціць ад валокнаў і зварыць у падсоленай вадзе. Адцадзіць і заліць растопленным маслам з сухарамі.
Масла з сухарамі можна падаць асобна і мачаць у яго стручкі фасолі падчас ежы.
Бобэнькі - Sputnik Беларусь
Герасім Гракоўнік: сустракаем гракоў і ласуемся бобэныкамі
Народныя лекары даўно заўважылі карысныя для здароўя чалавека якасці фасолі. У яе насенні, лапатках, траве ўтрымліваюцца амаль усе асноўныя рэчывы, неабходныя для паўнавартаснага харчавання. Бялкоў у фасолі 23-25%, яны засвойваюцца арганізмам на 75%. Гэтая акалічнасць робіць стравы з фасолі падчас посту вельмі каштоўнымі. Але акрамя бялкоў фасоля ўтрымлівае вялікі набор амінакіслот, у тым ліку незамяняльных, у прыватнасці аргінін, які ўплывае на арганізм, як інсулін. У сувязі з гэтым народная і афіцыйная медыцына сведчаць аб эфектыўнасці адвара бабоў пасолі, асабліва з дадаткам лісця чарніц, для лячэння лёгкіх і сярэдняцяжкіх форм цукровага дыябету. Аднак лічаць, што пры гэтым хворыя павінны сябе строга кантраляваць і быць пад наглядам у доктара.
Каб зрабіць адвар з лапатак фасолі, 1 ст лыжку здробненых лапатак пасолі заліць 0,5 л вады і на малым агні давесці да кіпення, выпарыць да паловы аб’ёму. Працадзіць і прымаць па 0,5 шклянкі 3 разы на дзень перад ядой пры цукровым дыябеце.
Багатая фасоля і на разнастайныя арганічныя кіслоты, карацін, вітаміны групы В,С,РР, фоліваю кіслату, правітамін А. У мінеральным складзе бабоў – калій, кальцый, фосфар, цынк, жалеза, медзь.
У народнай медыцыне фасолю ўжываюць як супрацьзапаленчы, бактэрыцыдны, сасудапашыраючы, абязбольваючы, мачагонны, нармалізуючы абмен рэчываў сродак. Акрамя цукровага дыябету фасолевым адварам лечаць ныркі і печань, рэўматоідны артрыт і падагру, гіпацыдны гастрыт і хваробы мачавога пузыра.
Але фасоляй не толькі лячыліся, з яе найперш гатавалі смачныя стравы.
Суп з белай фасолі
Інгрыдыенты:
  • 1,5 л фасолі
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 корань пятрушкі
  • 1 карняплод сельдэрэю
  • 1 парэй
  • 1-2 цыбуліны
  • 1-2 морквы
  • 1 французская булка (багет) на грэнкі
Як гатаваць:
Спелую белую фасолю заліць халоднай вадой, зварыць да мяккасці, працерці праз сіта. Тонка парэзаць пятрушку і нашаткаваць парэй, падсмажыць іх у вялікай лыжцы масла, дадаць да пюрэ з фасолі і развесці прыгатаваным асобна адварам карэння так, каб суп быў густы. Падаць з падсмажанымі з французскй булкі грэнкамі.
Белая фасоля
Інгрыдыенты:
  • 400 г белай фасолі
  • 1 ст лыжка мукі
  • 2 ст лыжкі воцату
  • Соль
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 шклянка булёну
  • 1 ч лыжка цукру
Як гатаваць:
Спелае зерне белай фасолі заліць халоднай вадой, зварыць да мяккасці ў падсоленай вадзе і адцадзіць. Распусціць лыжку масла, змяшаць з мукой і развесці булёнам. Дадаць у страву воцат, цукар, соль і закіпяціць.
Фасоля з кіслай капустай
Інгрыдыенты:
  • 100 г фасолі
  • 150г кіслай капусты
  • 20 г масла
  • 1 цыбуліна
  • 1 морквіна
  • 50 г вады
  • Соль
  • Перац
Як гатаваць:
Амаль да гатовасці зварыць у пасоленай вадзе папярэдне замочаную фасолю, адцадзіць. Асобна на масле стушыць капусту з крышанай цыбуляй і нацёртай морквай, дадаць вады. Укінуць у капусту фасолю, перац, давесці да кіпення і тушыць усё на малым агні 7-10 хвілін. Перад падачай пасыпаць зелянінай кропу.
Стужка навiн
0