Час ісці па грыбы-падснежнікі, або Як зведаць глузд "у твар"
09:52 18.04.2021 (абноўлена: 17:51 16.10.2024)
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская прыадкрывае таямніцу чароўных смаржкоў і вучыць гатаваць далікатэсныя грыбныя стравы.
На двары другая палова красавіка, але не гледзячы на гэта, прапаную вам адправіцца ў лес не па кветкі, а па… грыбы-падснежнікі, сярод якіх смаржкі і глузды.
У Беларусі смаржкамі называюць розныя па якасцях, але блізкія па вонкаваму падабенству грыбы – глузд веснавы (строчки) і смаржкі (сморчки) розных відаў. Не гледзячы на тое, што першы з іх можа быць атрутным, абодва да гэтага часу высока цэняцца ў знаўцаў грыбоў і кулінараў.
Здаўна існавалі пэўныя народныя прыкметы, згодна з якімі нашы продкі спяшаліся ў лес па смаржкі і глузды:
- зацвіла ў нізінах шэрая альха;
- з’явіліся жоўтыя кветкі падбелу;
- калі ўзыйдзе авёс – з’яўляецца смаржковая шапачка, якую часам называюцю аўсянніцай, час з’яўлення – пачатак-сярэдзіна траўня;
- цвіце мядуніца – пік ураджаю смаржковых.
А ўжо калі "многа грыбоў вясной – то будзе ўраджай жыта ранняга пасеву". Прапаную гэта спраўдзіць, бо як казала калісьці жыхарка вёскі Падбор’е Лявоніха ці проста цётка Надзя: "Не глядзіце гаспадаркі, а бяжыце хутчэй у лес, грыбы пайшлі"!
Бабіна вуха ці хрушч?
Глузды і смаржкі – грыбы, блізкія і па знешнім выглядзе, і… па агульных назвах! У розных мясцовасцях Беларусі як іх толькі не называюць: старчок, тарчок, моршч і смаршчок, весялок і васілёк, вяселік, глухі васілёк, пажаровік і пажарка, грыбаў цвет, драгель, шмаргонец і шмаргонка, асялок, вяснянка і вяснярка, падснежнік, каўпак, вушы і бабіна вуха, рабчык…
Многія з гэтых назваў можна сабе патлумачыць, а некаторыя пакуль застаюцца незразумелымі. Напрыклад:
- старшчок, тарчок – тырчыць з зямлі,
- вяснянка і вяснярка, падснежнік – вясновы грыб, хоць і пладаносіць яшчэ і ўвосені,
- пажаровік і пажарка – расце на кастрышчах, там дзе парушаны слой зямлі,
- грыбаў цвет – нагадвае бутон мудрагелістай кветкі,
- моршч і смаршчок – шапачка з хвалістымі складкамі цёмна або светла-карычневага колеру.
Дарэчы глуздом гэты грыб называюць не выпадкова. Гэта народная назва ўзнікла ад звілістай мазгаватай паверхні шапачкі.
Хіба што толькі на Міншчыне можна сустрэць унікальную назву менавіта смаржка – смаркач, ды яшчэ на Уздзеншчыне – храпач, хрушч, хрушэль, вясёлка, асялок.
Але часцей за ўсё абодва грыба называюць наўпрост – смаржок.
Чароўны смаржок
Смаржкі звычайныя (смаржок звычайны, канічны і смаржковая шапачка) – цікавая разнавіднасць вясновых грыбоў! Лацінская назва смаржкоў Morchella. Растуць яны ў лісцёвых і мяшаных лясах на глебе і пладаносяць у траўні-чэрвені.
Гэты дзіўны грыб цэняць гурманы ў многіх краінах свету, а ў некаторых нават вырошчваюць штучна, як пячуркі.
З даўніх часоў пажыўныя грыбы цэняць за іх высокую харчовую каштоўнасць. Акрамя вады ў грыбах шмат бялка (таму іх часта называюць раслінным мясам), важных вітамінаў, а таксама мінеральных рэчываў. Так у смаржках бялка крыху менш, чым у падасінавікаў, вугляводаў больш, як у баравікоў, а па колькасці розных мінеральных рэчываў смаржок на першым месцы. Калій, форфар і жалеза, медзь, ёд, марганец, цынк і мыш’як вельмі важныя пры абмене рэчываў у клетках чалавечага арганізма, і яны ёсць у смаржках.
Мабыць, таму смаржок не на апошнім месцы сярод найбольш каштоўных грыбоў – такіх як баравікі, асавікі або падасінавікі, маслякі, махавікі, рыжыкі, грузды, лісічкі і апенькі восеньскія.
Каб не "з’ехаць з глузду", трэба ведаць глузд "у твар"
Глузд веснавы часта блытаюць са смаржком, і каб не блытаць гэтыя грыбы трэба добра ведаць як яны выглядаюць, вучыцца у знаўцаў грыбоў, якія дакладна ведаюць іх "у твар". Таксама няблага, перш, чым адправіцца ў лес шукаць "грыбныя прыгоды" азнаёміцца і з адмысловай літаратурай, у якой часта змешчаны не толькі малюнкі але і якасныя фотаздымкі.
У розных мясцовасцях Беларусі глузд веснавы (Gyromitra) расце ў хваевых лясах на пяшчанай глебе. Пладаносіць у красавіку-траўні-чэрвені.
У адрозненне ад бяскрыўдных смаржкоў глузды ўтрымваюць ў паверхні шапачкі атрутнае рэчыва гіраметрын. Гэта акалічнасць зрабіла ўмоўна пажыўнымі разам з глуздамі і бяскрыўдныя смаржкі.
І ўсё ж глузды ядуць!
У Германіі, Францыі, Чэхіі, Югаславіі, Балгарыі, Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі глузд веснавы лічаць далікатэсным грыбам і ўжываюць у выглядзе парашка з высушаных грыбоў*. Такі парашок захоўваецца значна даўжэй, чым іншыя нарыхтоўкі з грыбоў. Ён добрая заправа да супоў, соусаў, страў з тушанага мяса і гародніны.
У азначаных краінах гэты грыб у валюце каштуе у пяць разоў даражэй за сухія баравікі. Атрутны гіраметрын цалкам знікае ў грыбах падчас працэсу сушкі і працяглага праветрывання. Ужываць у стравах сушаныя глузды пачынаюць не раней як праз шэсць месяцаў.
Але ядуць глузды і свежымі. Спачатку грыбы добра мыюць, мяняючы ваду, каб выдаліць пясок, пасля адварваюць у вялікай колькасці вады напрацягу 5-7 хвілін, добра адціскаюць і адвар выліваюць. Затым грыбы яшчэ раз мыюць у праточнай вадзе і толькі тады смажаць або тушаць.
Дарэчы, у грыбной кулінарыі мноства цікавых страў з ужываннем як глуздоў, так і смаржкоў!
Грыбаўнік грыбы рве, грыбаўнічы бярэ, а грыбар адно знае – варыць
З любых сушаных грыбоў-падснежнікаў стравы гатуюць без папярэдняга адварвання. Усе грыбныя стравы гатуюць непасрэдна перад падачай на стол. Страва, якая астыла губляе свой смак. Пры паўторным падаграванні ў страве могуць узнікнуць атрутныя злучэнні. Для тушэння грыбоў найлепшым лічыцца паліваны чыгунны або шкляны посуд.
*Грыбны парашок
Падрыхтаваць яго можно наступным чынам: нарэзаныя скрылікамі і высушаныя глузды або смаржкі, моцна здрабняюць на млынку для перцу ці кавамолцы. Дробны парашок лепей распускаецца ў страве і ў далейшым лягчэй засвойваецца арганізмам.
Грыбны парашок захоўваюць у сухім месцы ў добра закаркаваных слоіках або бутэльках. Перад гатаваннем яго змешваюць з невялікай колькасцю цёплай вады, дзе ён павінны набрыняць напрацягу 20-30 хвілін, затым экстракт дадаюць у страву і вараць яшчэ 10-15 хвілін.
Смаржкі, смажаныя ў масле
З чаго гатаваць:
- 500 г свежых смаржкоў,
- 2 ст лыжкі вяршковага масла,
- сок лімона,
- перац,
- соль па смаку.
Як гатаваць. Пачышчаныя і добра прамытыя смаржкі, нарэзаць ломцікамі, пакласці ў гарачую ваду і варыць 5-10 хвілін, адкінуць на друшляк або сіта і адціснуць. Заправіць лімонным сокам, смажыць на масле да ўтварэння румянай скарынкі
Заўвага. Смаржкі звычайныя можна не падвяргаць цеплавой апрацоўцы, але калі іх усё ж адварылі, то адціскаць іх не варта, паколькі пры гэтым будуць страчаны большасць карысных рэчываў. Пасля адварвання грыбы адкідаюць на сіта і даюць адвару сцячы.
Смаржкі тушаныя
З чаго гатаваць:
- 500 г свежых смаржкоў,
- 0,5 шклянкі смятаны,
- 1 ст лыжка вяршковага масла,
- 1 ст лыжка мукі,
- соль па смаку.
Як гатаваць. Смаржкі замачыць у халоднай падсоленай вадзе на 1 гадзіну, каб зямля і пясок адмоклі, затым адкінуць на друшляк, апаласнуць чыстай вадой, даць ёй сцячы, скласці ў рондаль і падсмажыць на масле. Растрэсці над грыбамі муку, дадаць смятану, перамяшаць і тушыць да гатовасці.
Заўвага. Агульнае правіла: свежыя грыбы ва ўласным соку тушаць 15-20 хв.
Смаржкі з яешняй
З чаго гатаваць:
- 500 г свежых смаржкоў,
- 5-6 яец,
- 0,5 шклянкі смятаны,
- 2 ст лыжкі вяршковага масла,
- зеляніна кропу, пятрушкі,
- соль па смаку.
Як гатаваць. Пачышчаныя і добра прамытыя смаржкі, апусціць на 2-3 хвіліны ў кіпецень, адкінуць на друшляк, даць адвару сцячы, падсмажыць на масле і астудзіць. У начынне для гатавання ўзбіць яйкі, дадаць смятану і лыжку вяршковага масла. У гэту сумесь укласці смаржкі, пасаліць і, мяшаючы, трымаць на агні, пакуль маса не загусцее, выкласці на блюда і падаць страву гарачай, пасыпаўшы зелянінай.
Не ведаю, ці ўдасца сёлета адшукаць смарчкоў, але намілавацца пралескамі і паслухаць спевы птушак дакладна добрая нагода схадзіць у лес, каб набрацца здароўя і душэўных сіл.
Збіраючы не толькі вясновыя але і любыя грыбы памятайце: "Усялякі грыб у рукі бяруць, ды не кожны ядуць". Да ўсяго іншага, стравы з грыбоў, калі толькі асобныя грыбы не ўжываюць як лекі, разлічаны на здаровых людзей. Іх не ядуць на ноч і не гатуюць для дзяцей.
Калі ж вы аматар грыбных страў і вам усё ж пашанцуе і вы натрапіце на смаржковае грыбовішча, то жадаю вам скарыстацца рэцэптамі з майго кулінарнага сшытка.
Смачна есці!