Баюся выходзіць на вуліцу: беларуска з Алматы расказала пра сітуацыю ў горадзе

© REUTERS / PAVEL MIKHEYEVСтановішча ў Алматы
Становішча ў Алматы - Sputnik Беларусь, 1920, 13.01.2022
Падпісацца
Вольга прызнаецца, што нацярпелася страхаў, якія яе да гэтага часу не адпускаюць, хаця абстаноўка ў горадзе паступова вяртаецца ў нармальны ход.
Грамадзянка Беларусі Вольга, якая мае ў Казахстане від на жыхарства, жыве ў Алматы ўжо сямнаццаць гадоў. Па яе прызнанні, тое, што адбылося ў горадзе ў першыя дні новага года, у галаве да гэтага часу не ўкладваецца.
Яна патлумачыла Sputnik, што ў цэнтры горада ўлады даўно ўжо вызначылі месцы, дзе можна збірацца, праводзіць мітынгі, і гэтыя акцыі заўжды праходзілі спакойна, без эксцэсаў, а тут раптам здарылася непрадбачанае.
"Плошча Сатпаева, дзе рабілася самая дзікасць, знаходзіцца ўсяго ў трох кварталах ад нас. 3 студзеня пачалася стральба. Да нас даносіліся гукі аўтаматных чэргаў, разрываў святлошумавых гранат, адзіночных стрэлаў. Вядома, было страшна. Але больш за ўсё мы баяліся марадзёраў, якія бегалі якраз па цэнтры горада", - распавяла Sputnik Вольга.
Паводле яе слоў, на наступны дзень паліцы крам апусцелі. У некаторых прадавалі толькі па дзве аладкі ці булкі хлеба на рукі.
"Многія крамы разграбілі. У маіх сяброў вельмі пацярпеў бізнес. Некаторыя рэстараны, гандлёвыя аб'екты ў цэнтры горада не падлягаюць аднаўленню", - паскардзілася Вольга.
На вуліцу яна не выходзіла і не выходзіць да гэтага часу. Замкнулася ў кватэры разам з 9-гадовай дачкой. Прызналася, што пакуль пабойваецца.

Дапамога пасольства

У першыя дні Вольгу нават наведвалі думкі пакінуць Казахстан. Яна звязалася з беларускім пасольствам, расказала, дзе жыве, перадала пашпартныя дадзеныя.
"Вялікі дзякуй беларускім дыпламатам, якія на сувязі былі кругласутачна і выказалі гатоўнасць дапамагчы выехаць з Алматы", - расказала Вольга.
З-за таго, што аэрапорт быў захоплены, вылецець адразу не ўдалося, але пасольства прапрацоўвала нават магчымасць вывезці сям'ю суайчынніцы мікрааўтобусам. Але потым страхі крыху ўлягліся: вырашыла не зрывацца з наседжанага месца. Тым не менш, супрацоўнікі беларускага пасольства ўсё роўна тэлефанавалі, цікавіліся абстаноўкай і настроем, падтрымлівалі псіхалагічна.
Па словах Вольгі, цяжэй за ўсё было на працягу першага тыдня. Пасля ўводу міратворчых сіл АДКБ абстаноўка ў горадзе паступова прыйшла ў норму.
З 11 студзеня ў горадзе ўвесь час працуе інтэрнэт, даступна тэлефонная сувязь. У сераду адчыніліся непацярпелыя рэстараны і нават фітнес-клубы.
"Мае сяброўкі сёння ўжо схадзілі ў салоны прыгажосці. Людзі выходзяць на працу, пачынаюць вяртацца да прывычнага жыцця", - сказала Вольга.
Рэжым надзвычайнага становішча яшчэ не зняты, таму большасць працуе па скарочаным графіку, каменданцкая гадзіна дзейнічае, аб яе набліжэнні папярэджваюць сірэны.

Чужая мова

На думку Вольгі, а таксама паводле інфармацыі, якую яна мае, мірныя мітынгі ў Алматы працягваліся на працягу першых двух-трох гадзін, пасля чаго раптам адбыўся ўсплёск агрэсіі і радыкалізму.
"Карэнныя жыхары не могуць паверыць, каб мясцовыя пачалі разбураць свой уласны любімы горад. Гэта проста нерэальна. Тут практычна ўсе адзін аднаго ведаюць. У Алматы актыўна абмяркоўваецца, што тыя, хто бясчынстваваў, размаўлялі паміж сабой не на казахскай мове", – падзялілася Вольга.
Яна расказала, што цяпер людзі баяцца, што пасля вываду міратворцаў можа здарыцца другая хваля бясчынстваў. Разам з тым Вольга лічыць, што гэта прыкмета ўсё яшчэ панічнага настрою ў грамадстве, часта неабгрунтаванага. Яна ўпэўнена, што казахстанцы пераадолеюць крызіс, атрымаюць урокі, і ўсё нармалізуецца.
Беларускія міратворцы разам з казахамі працуюць на блокпастах – відэа - Sputnik Беларусь, 1920, 12.01.2022
Відэа
Беларускія міратворцы разам з казахамі працуюць на блокпастах – відэа
Таксама на Sputnik:
Грамадзяне Казахстана сталі часцей звяртацца з просьбамі аб пераездзе ў Беларусь
Сілавікі, зброя і грошы: першыя даручэнні і рэформы ўлад Казахстана
Эфектыўнасць місіі АДКБ у Казахстане відавочна ўсяму свету – Захарава
Місія міратворцаў у Казахстане завершана – Такаеў
Лукашэнка: аналіз падзей у Казахстане гаворыць аб знешнім фактары
Стужка навiн
0