"Усё палезна, што ў рот палезла", або Халаднікі на любы густ
© Sputnik / Людмила ЯнковскаяХаладнік
© Sputnik / Людмила Янковская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць лянуху і прапануе фруктовыя супы ад ліпеньскай спёкі.
Сярэдзіна лета бясспрэчна чароўны час. Над квітнеючымі травамі, шчыруюць пчолы. У садзе, лузе, лесе вока радуецца рознаколернай палітры лета. Паўсюдна паветра напоўнена водарам ад лекавых раслін, якія ўвабралі ў сябе ўсю сілу ад зямлі і сонца.
Па-ранейшаму ў гаспадароў на зямлі багата працы і дзень у вёсцы пачынаецца да ўзыходу сонца, пакуль не надышла спёка. Гаспадыня, падаіўшы і выправіўшы ў поле карову, аглядае агарод, корміць хатнюю жывёлу, гатуе сняданак і думае пра абедзеннае меню. Адным словам, адну работу робіш, а дзве на цябе паглядаюць.
Кулінарная прахалода на любы густ
Традыцыйна цёплымі ліпеньскімі дзянёчкамі жанчынам няма часу завіхацца на кухні і гатаваць мудрагеліста. У спёку гатуюць лёгкія, але пажыўныя стравы, сярод якіх супы з садавіны і гародніны, разнастайныя халаднікі і… фруктовыя супы!
У мінулым фруктовыя супы былі вельмі папулярныя сярод розных слаёў насельніцтва. Шляхта ласавалася супамі з дадаткам віна, вяршкоў, цукру і мёду, духмяных спецый. Да такіх супоў падаваліся грэнкі з французскай булкі (багета). У вёсцы таксама гатавалі фруктовыя супы – толькі прасцейшыя па складу інгрыдыентаў. Прыгатаваныя са свежых лясных ягад з мёдам і салодкім малаком у прыкуску з мучнымі аладкамі, яны былі не менш смачныя.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯгадны суп
Ягадны суп
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
На жаль,многія цікавыя рэцэпты такіх страў былі не заслужана забыты, і цяпер самы час пачаць іх узгадваць.
Лянуха
З чаго гатаваць:
маладая капуста,
вада,
малако,
соль.
Як гатаваць. Вялок маладой белакачаннай капусты тонка нашаткаваць і зварыць у вадзе, дадаць соль па смаку і ў канцы варкі ўліць малако, давесці да кіпення.
Лянуху гатуюць у Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці. Тут у гэты сярэдне-густы суп нічога іншага не дадаюць і ядуць з хлебам. Капусты і астатніх інгрыдыентаў дадаюць столькі, колькі будзе порцый.
Ядуць суп і гарачым, і халодным.
Халаднік са шчаўя і буракоў
З чаго гатаваць:
700 г шчаўя,
400 г буракоў,
2 свежыя агуркі,
1 яйка,
2 шклянкі кефіру,
120 г зялёнай цыбулі,
2 ст лыжкі смятаны,
1 ст лыжка цукру,
зялёны кроп,
соль па смаку.
Як гатаваць. У падсоленай вадзе зварыць прамытае і нарэзанае шчаўе, ахаладзіць. Асобна зварыць цэлыя буракі, абабраць, накрышыць саломкай, змяшаць са шчаўем. Потым пакласці дробна нарэзаную і расцёртую з соллю і жаўтком зялёную цыбулю, нашаткаваныя свежыя агуркі, дробна скрышаны бялок, цукар, узбіты кефір.
Халаднік заправіць смятанай і крышаным кропам. Падаць з хлебам або варанай у "мундзірах" бульбай.
Халаднік з кіслага малака
З чаго гатаваць:
1 л кіслага малака,
жменя цыбулі,
некалькі лапак зялёнага кропу,
соль па смаку.
Як гатаваць. У кіслае малако ўкрышыць цыбулю і кроп, дадаць крыху солі.
Да халадніка падаць бульбяную кашу, запраўленую смажанай цыбуляй і скваркамі.
Халаднік з ягад
З чаго гатаваць:
1 л кіслага малака (кефіру),
300 г ягад (суніцы, клубніцы, маліна)
0,5 шклянкі смятаны,
100 г цукру
Як гатаваць. Ягады прамыць, перацерці праз сіта. Кіслае малако перамяшаць са смятанай, пакласці працёртыя ягады і цукар, зноў перамяшаць.
Падаць з грэнкамі.
Суп сунічны
З чаго гатаваць:
500 г суніц,
0,5 л вады,
2 сырыя жаўткі,
100-150 г цукру,
1 шклянка смятаны.
Як гатаваць. Суніцы перацерці з цукрам да ўтварэння аднароднай масы, развесці халоднай гатаванай вадой, дадаць жаўткі, узбітыя са смятанай.
Падаць з грэнкамі.
Грэнкі да фруктовых супоў
З чаго гатаваць:
0,5 батона,
1 яйка,
1 шклянка малака,
1 ст лыжка сметанковага масла,
1 ст лыжка цукровай пудры.
Як гатаваць. Зняць з батона скарынку, нарэзаць лустачкамі таўшчынёй 1 см. Змяшаць малако з яйкам. У гэту сумесь апускаць лустачкі і адразу ж класці на патэльню з разагрэтым маслам. Абсмажыць з абодвух бакоў.
Гарачыя грэнкі пасыпаць цукровай пудрай.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Гатуем посныя супы па беларускіх народных рэцэптах
Замест марозіва: самыя смачныя беларускія халаднікі
10 самых вядомых супоў свету