У чаканні новага хлеба, або Абед падчас жніва

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЖніво завершана
Жніво завершана - Sputnik Беларусь, 1920, 13.08.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра асаблівасці жнівеньскай гаспадаркі і дзеліцца рэцэптамі даўніх страў для хлебароба.
Жнівеньская раніца пахне спелым жытам, кропам і яблыкамі. У кветніку "гараць" рознаколерныя флоксы, напаўняючы паветра салодкім водарам. Кветкавы гадзіннік падказвае, што час бяжыць хутка і, каб не губляць яго дарэмна, трэба хутчэй брацца за справы. Пачалося жніво – і ўдзень, і ўночы гудуць камбайны. Ад гэтага сэрца поўніцца радасным хваляваннем у спрадвечным чаканні новага ўраджаю. Жніво ў вёсцы – гарачая пара, і асабліва багата клопату ў гаспадыні, якая імкнецца накарміць сям’ю простымі ў гатаванні і адначасова пажыўнымі стравамі.

"Як жыта палавее, гаспадар шалее"

Цяперашнім часам хлеб ёсць у кожнага. Яго нават пячы не трэба, дастаткова схадзіць у краму і набыць любімы гатунак. А даўней чаканне новага хлеба для земляроба было не простым. Даводзілася і плакаць, і трывожыцца, і радавацца.
Так, да часу красавання жыта ў большасці вясковых гаспадарак канчаліся запасы мінулагодняга хлеба і заставалася толькі галасіць ад трывалага пачуцця голаду: "Няма горшай балесці, як хочацца есці".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЖняя за працай
Жняя - Sputnik Беларусь, 1920, 12.08.2022
Жняя за працай
Вось і казалі: "Як жыта красуя, гаспадар галасуя".
Калі ж колас пачынаў налівацца, паступова рыхтаваліся да жніва. Чакалі "новы хлеб", бы дарагога госця, перад прыездам якога было прынята ўмывацца і шчыра радавацца. Адсюль і прымаўкі:
"Як жыта наліваецца, гаспадар умываецца",
ды яшчэ
"Як жыта палавее, гаспадар шалее". Шалее ад радасці, што зімою не давядзецца быць галодным.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБагатае калоссе
Жніво на парозе - Sputnik Беларусь, 1920, 12.08.2022
Багатае калоссе
Як даўней, так і цяпер, хлеб займае галоўнае месца на стале кожнага. У свядомасці народа ежа без хлеба лічыцца "пустой", не пажыўнай, маўляў:
"Без хлеба яда – да парога хада".
Час харчавання быў вядомы кожнаму, бо на яго арыентаваліся, дзелячы ім дзень:
сняданак у 7-8 гадзін раніцы;
абед у 11-12 апоўдні;
падвячорак у 15-16 гадзін папаўдні;
вячэра у 19-20 гадзін вечара.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСвята жніва
Свята жніва - Sputnik Беларусь, 1920, 12.08.2022
Свята жніва
Падчас вялікіх і адказных работ – такіх як сяўба, жніво, капанне бульбы і інш. – гэтага правіла не трымаліся так пільна. Самая распаўсюджаная ежа ў полі – гэта кавалак хлеба, скрылік салёнага сала і свежы агурок, або проста хлеб, які заядалі салодкім малаком.

Жнівеньскія стравы

Гатуючы каля печы, гаспадыня выкарыстоўвала прадукты, якія былі пад рукой: гародніну, што ўжо паспела вырасці на агародзе, малочныя прадукты, яйкі, рыбу, саланіну і грыбы.
Вось некалькі традыцыйных для жніўня страў.

Поліўка са свежымі грыбамі

З чаго гатаваць:
300 г свежых грыбоў,
3 бульбіны,
1 морква,
1 корань пятрушкі,
1 цыбуліна,
1 ст. л. сметанковага масла або свінога тлушчу,
1 ч. л. мукі,
0,5 шк. смятаны,
перац гарошкам,
лаўровы ліст,
зеляніна кропу,
соль.
Як гатаваць. Падрыхтаваныя грыбы абліць кіпенем, адціснуць, буйныя парэзаць і варыць разам з карэннем паўгадзіны. Затым поліўку пасаліць, пакласці нарэзаную крышанамі бульбу, падсмажаную на масле нашаткаваную цыбулю, дадаць перац гарошкам, лаўровы ліст і гатаваць, пакуль не зварыцца бульба. Муку спражыць на масле, развесці ахалоджаным булёнам, заправіць поліўку і даць ёй закіпець.
Падаць са смятанай, пасыпаць дробна нарэзаным кропам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПоліўка са свежымі грыбамі
Поліўка са свежымі грыбамі - Sputnik Беларусь, 1920, 12.08.2022
Поліўка са свежымі грыбамі

Таўканіца з салам

З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
100 г салёнага сала,
2 цыбуліны,
соль.
Як гатаваць. Бульбу абабраць, зварыць у падсоленай вадзе, адцадзіць, трошкі падсушыць і патаўчы. Сала нарэзаць дробнымі кубікамі, цыбулю нашаткаваць, падсмажыць на сале, перамяшаць з тоўчанай бульбай, выкласці на патэльню горкай і ўставіць у печ на некалькі гадзін, каб зверху ўтварылася румяная скарынка.
Падаць з кіслым малаком. Малако можна заправіць зялёнай цыбуляй або зелянінай кропу.

Бульба, тушаная з грыбамі

З чаго гатаваць:
800 г бульбы,
400 г свежых грыбоў,
120 г сала або 4 ст. л. топленага масла,
2 морквы,
перац гарошкам,
лаўровы ліст,
зеляніна кропу або пятрушкі,
соль.
Як гатаваць. Падрыхтаваныя грыбы абліць кіпенем, парэзаць і абсмажыць на сале або масле разам з нашаткаванай цыбуляй. Бульбу абабраць, нарэзаць буйнымі крышанамі, пакласці разам з грыбамі ў чыгунок. Дадаць соль, перац, уліць ваду і тушыць у негарачай печы або на малым агні да гатоўнасці бульбы. У канцы тушэння пакласці лаўровы ліст і зеляніну пятрушкі ці кропу.
Смачна есці і добрых ураджаяў!
Таксама на Sputnik:
Што ў полі родзіць, жнівень знаходзіць
Жыцень у дапамогу: як праходзіла жніво ў нашых продкаў
Весела і смачна: Зажынкі адсвяткавалі ў вёсцы Жораўка
Васілёк – аптэка і сталоўка ў адной талерцы
Вішнёвы рай: гатуем з вішань
Стужка навiн
0