"Бабіна" лета, або Сонечны дзень у гонар бабкі-павітухі

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЛялька-абярэг нованароджанага
Лялька-абярэг нованароджанага - Sputnik Беларусь, 1920, 07.10.2022
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская прапануе цяжарным "варажыць на пупарэзніцу" і тлумачыць, чаму гаспадар стогне, калі жонка раджае.
З надыходам кастрычніка задажджыла, і штодня, паглядаючы на неба, так і хочацца, каб нарэшце хмары рассунуліся і ў нябеснай сіні з гарэзлівай усмешкай вызірнула сонца. Маўляў, чаго зажурыліся, трымайце "бабіна лета"!
Сонейка высока і яму відаць далёка, бо нарэшце пацяплела і акурат у той дзень, калі кастрычнік "бабіна лета" абяцаў. Што ж гэта за лета такое і чаму яно "бабіна"?

"Бабка ў хаце – гаспадыня…"

Пад такой назвай ад 7 да 14 кастрычніка ў народным календары пазначаны час, калі было прынята пільна сачыць за небасхілам. Адсунем у бок астролагаў, ды і астраномы з метэаролагамі тут ні да чаго. Бо назіраннямі раней займаліся выключна цяжарныя жанчыны, якія рыхтаваліся да родаў.
Некалькі дзён яны "варажылі на шчаслівую бабку-пупарэзніцу" або, як па-цяперашняму, абіралі сабе акушэрку. Кожнаму дню гэтага тыдня яны надавалі імя адной з вядомых у акрузе бабак. Напрыклад, за панядзелкам замацоўвалі Анэлю, за аўторкам Даміцэлю, за серадой Мальгрэту, за чацвяргом Юстыну… і гэтак далей, пакуль усе вядомыя памочніцы пры родах не былі пералічаны. Затым назіралі – які дзень на тыдні быў найлепшы, а значыць сонечны і лагодны. Верылі, што рука ў такой бабкі будзе легкай і адпаведна роды пройдуць гладка.
Бабкі-пупарэзніцы ці павітухі, якія прымалі дзяцей у вёсцы, карысталіся вялікай пашанай. Прынятыя ёю дзеці, якіх умоўна называлі "ўнукамі", адносіліся да яе з асаблівай цеплынёй і павагай.
Дарэчы, асаблівы партрэт бабкі-павітухі прыводзіць у сваёй паэме "Доктар памог" Якуб Колас:

"…Бабка ў хаце – гаспадыня
І за ўсім сама глядзіць,
Ўсюды вока сваё кіне,
Ўсё ў руках яе кіпіць,
Робіць жыва ды рухава,
На ёй белы хвартушок,
Пазакасаны рукавы,
Хустка скручана ў кружок…
".

Па святах бабцы-павітусе насілі "гасцінцы" ад бацькоў і атрымлівалі ад яе самой невялікія пачастункі – так званыя "аддаркі". Нават калі дзеці вырасталі, яны не забываліся ўшаноўваць жанчын, якія дапамаглі з’явіцца ім на свет. Так, на масленічным тыдні, сабраўшыся гурбой, дарослыя ўнукі садзілі бабку на санкі ці ў вазок і везлі яе па вёсцы з вясёлымі крыкамі і жартамі прысутных да карчмы, дзе меркавалася бабку частаваць і, калі пашанцуе, самім пачаставацца. Для гэтага, перш чым везці бабку, "паганятыя" ў яе пыталіся: "Суха ці мокра"? Калі ў адказ чулася "мокра", то гэта азначала, што ад бабкі будзе выстаўлена гарэлка. У гэтым выпадку з песнямі яе везлі пасля карчмы дадому.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПа святах бабцы-павітусе насілі "гасцінцы" ад бацькоў
Пернічак сучасны - Sputnik Беларусь, 1920, 06.10.2022
Па святах бабцы-павітусе насілі "гасцінцы" ад бацькоў
Да нараджэння дзяцей ставіліся з усёй адказнасцю, бо падчас родаў маглі загінуць не толькі дзіця, але і маці. І хоць лічылі, што душа парадзіхі, якая памерла падчас родаў, трапляе ў рай, стараліся гэта не дапусціць. Таму бабка-павітуха з’яўлялася самай важнай і паважанай жанчынай сярод іншых.

Радзільныя прыкметы і павер’і

Самі роды былі абстаўлены безліччу забабонаў і перасцярог:
каб прывабіць бусла ў новую буслянку, клалі ў яе кавалак жалеза або медзі;
каб роды былі лёгкія, каля жанчыны на ложак клалі нож і суровыя ніткі;
дарэчы, каб роды прайшлі лёгка, з хаты выносілі ўсе вяроўкі, развязвалі ўсе вузлы не толькі ў парадзіхі, але і ў бабкі-павітухі, расшпільвалі ў адной і ў другой каўнер кашулі, распляталі парадзісе валасы, здымалі з яе фартух, спадніцу і лапці, з пальца – заручальны пярсцёнак. У хаце ж чыста прыбіралі, мылі лавы і стол, паўсюдна адчынялі дзверы, адмыкалі ўсе замкі і адчынялі юшку ў коміне;
працэс родаў трымалі ў таямніцы, каб пазбегнуць непатрэбных сведкаў, якія могуць сурочыць дзіця. Так, калі падчас родаў хтосьці зайшоў у хату, то павінен быў у ёй заставацца да іх завяршэння, а калі ж трэба было ісці, то той чалавек павінен быў пакінуць падарунак для дзіцяці. Таксама падчас родаў з хаты выправаджвалі сям’ю, катоў і сабак, ды пакідалі толькі тых, хто будзе дапамагаць пры родах – звычайна гэта была бабка-пупарэзніца і спрактыкаваная маладзіца;
падчас нараджэння дзіцяці, таксама каб роды былі лёгкія, каля жанчыны клалі разамкнёны замок, што азначала сімвалічнае раз’яднанне маці і дзіцяці;
купаючы дзіця, клалі ў ваду якую-небудзь жалезную рэч, каб ахаваць ад сурокаў;
у дзіцячую калыску клалі кавалак жалеза, каб яго ўласцівасці – моц і трываласць – перадаліся здароўю дзіцяці.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЛялькі-абярэгі нованароджаных
Лялькі-абярэгі нованароджаных - Sputnik Беларусь, 1920, 06.10.2022
Лялькі-абярэгі нованароджаных
Калі ж жанчына не хацела мець дзяцей (а нараджалі амаль кожны год), яна хавала замкнуты замок дзе-небудзь высока, пакуль ў яе зноў не з’яўлялася жаданне нарадзіць. Пры гэтым яна павінна была дастаць са схованкі замок і разамкнуць яго.
Цікава, што ў родах, якія былі цяжкія, прымаў удзел і сам гаспадар, але рабіў гэта вельмі незвычайным чынам. Так, каб паскорыць роды, мужчына клаўся на палаці і пачынаў стагнаць ды ойкаць, быццам яму баліць. Рабіць гэта меркавалася для таго, каб жонка не мучылася і хутчэй нарадзіла. Таксама пры цяжкіх родах муж мусіў паіць жонку вадой са свайго рота.
Цяпер, чытаючы якія былі прыкметы і павер’і, звязаныя з нараджэннем дзяцей, часам бывае смешна. Але ж калісьці яны былі важныя, асабліва ў тыя часы, калі медыцына не была на такім узроўні як цяпер.

Пачастунак для бабкі

Пасля родаў частку пупавіны закапвалі пад капяжом, каб дзіця шанавала родны кут і заўсёды вярталася да бацькоўскай хаты. А гаспадар у той час рыхтаваў святочны стол для першых гасцей. Так, у вёсцы Цераблічы, што ў Столінскім р-не Брэсцкай вобласці, апавядалі, што адразу пасля родаў да парадзіхі з пачастункамі прыходзілі суседкі і гаспадар наладжваў ім частаванне.

Пернік вясковы

З чаго гатаваць:
500 г пшанічнай мукі,
300 г мёду,
3 яйкі,
1 шк. цукру,
1 шк. смятаны або сыраквашы,
1 ч.л. соды,
1 ч.л. сумесі молатых карыцы, гваздзікі і духмянага перцу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПернік вясковы
Пернік вясковы - Sputnik Беларусь, 1920, 06.10.2022
Пернік вясковы
Як гатаваць. Мёд пракіпяціць, затым ахаладзіць. Жаўткі расцерці з цукрам дабяла, дадаць смятану, мёд, прыправы, муку, змяшаную з содай, і добра вымесіць. Узбіць бялкі і ўвесці ў цеста, асцярожна перамяшаць і выкласці на бляху, і адразу ж паставіць ў духоўку выпякацца. Гатовы пернік астудзіць, нарэзаць кавалкамі.
Народжаныя ў вялікіх і малых гарадах, мы рэдка ведаем як звалі тых, хто дапамог нам нарадзіцца. Таму "бабіна лета" – добры час, каб узгадаць сучасных "бабак" добрым словам.
Жыццё працягваецца і смачна есці!
Чытайце таксама:
Глог – лекі і старадаўнія ласункі, або Гісторыя на смак
Восень на "рабой кабыле", або Грэчка ў возе і на стале
"Прыйшоў Багач – кідай рагач…": завяршаем гаспадарчую працу і назіраем за надвор’ем
Незвычайная "каліна звычайная", або Сапраўдная беларуская кава
"Дай божа сваё спажыць…", або Гатуем па-шляхецку
Стужка навiн
0