У чаканні Божай ласкі, або Гатуем да Вігілійнай вячэры па-старажытнаму
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВігілійная вячэра
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская прапануе святочныя рэцэпты традыцыйных рыбных страў і раскрывае таямніцу, у чым моц каляднай аплаткі і якая карысць ад "чароўнага сена".
Яшчэ не так даўно існавала цудоўная традыцыя адпраўляць віншавальныя лісты па пошце. Як прыемна было, адкрыўшы паштовую скрыню, убачыць ліст ад далёкіх родзічаў і сяброў з пажаданнем вясёлых свят. Цяпер дасылаюць электронныя, шаблонныя лісты, і яны не выклікаюць тых эмоцый, якія можна адчуць, трымаючы канверт у руках. Зазірнуўшы на днях на пошту, назірала, як хлопчык, спраўджваючы адрасы па тэлефоне, заклейваў канверты, дасылаючы віншаванні да бабуль і дзядуль. Цеплыня абгарнула сэрца, бо нагод для паштовак і лістоў сёння нямала.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКалядная паштоўка з Вены 1908 года
Калядная паштоўка з Вены 1908 года
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
25 снежня – Нараджэнне Хрыстова, якое адзначаюць каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты. Вось ужо болей за дзве тысячы гадоў значная частка хрысціян у гэту чароўную ноч вітае прыход у свет Хрыста.
Паўсюдна пануе ўзнёслы святочны настрой, і хочацца абдымацца і рабіць добрыя справы. Напрыклад, запрасіць ў госці знаёмага адзінокага чалавека, раздзяліўшы з ім свята. Усе шчыра жадаюць адзін аднаму шчасця і Божай ласкі. Паўсюль чуюцца святочныя спевы, а вуліцы мястэчак поўняцца пахамі страў, прыгатаваных да сустрэчы аднаго з найвялікшых свят для ўсяго хрысціянскага свету.
На змярканні 24 снежня пачынаюць рыхтавацца да вігілійнай вячэры. Вігілія – гэта слова мае паходжанне ад лацінскага "vigiliare", што азначае начное чуванне (няспанне). У каталікоў так называюць дні, якія папярэднічаюць найвышэйшым святам. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся на Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі. Дарэчы, яе яшчэ называюць Куццёй, таму што сярод святочных страў абавязковай лічыцца крупяная каша – куцця.
Святочныя "забабоны"
Усе беларускія каталікі неадменна распачынаюць вячэру з дзялення аплаткі – прэснага белага хлеба, бо ён – сімвал Хрыста. Далей пачынаюць частавацца астатнімі стравамі. Да таго ж, у вёсках існавала традыцыя дзяліцца аплаткай і са свойскай жывёлай, каб тая не хварэла і добра пладзілася. А ў тых мясцінах, дзе вяліся ваўкі, за плот ім выстаўлялі рэшткі святочнай вячэры, бо верылі, што, пачаставаўшыся ёй, драпежнікі не будуць шкодзіць гаспадарцы.
Таксама з хлява прыносяць крыху духмянага сена і раскладаюць яго на сталешніцы, пакрываючы зверху чысцюткім белым абрусам. Нават тыя каталікі, хто не жыве ў вёсцы, стараюцца прыдбаць хоць жменю сена да свята. Гэта сена нагадвае ўсім пра яслі, у якіх спаў маленькі Ісус. Пасля вячэры, з гэтага сена з-пад абруса цягаюць саломку, варожачы на добры лёс у наступным годзе. Лічыцца, што чым даўжэйшая саломінка, тым лепей.
А цяпер да вячэры!
Вячэра пачынаецца на змярканні 24 снежня. У доме накрываюць стол, за якім збіраецца ўся сям’я. Запальваюць свечы і пачынаюць чытаць урывак з Евангелля паводле святога Лукі, у якім апісваецца нараджэнне Ісуса ў Віфліеме (Батлееме). На стале мусяць знаходзіцца найбольш смачныя посныя стравы, колькасць якіх заўсёды няцотная.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСтары гаршчок для куцці
Стары гаршчок для куцці
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Кожная гаспадыня гатуе стравы па сваім выбары, часта абапіраючыся на сямейныя традыцыі. Але ёсць стравы, якія павінны быць прыгатаваныя абавязкова. Гэта тычыцца куцці – кашы з ячменнай або пшанічнай крупы, запраўленай у гэты вечар мёдам. Цяпер такую куццю часам вараць з рысу, дадаючы ў яе разынкі і арэхі. Гатуючы посныя стравы, да святочнай вячэры выкарыстоўваюць самыя лепшыя і нават далікатэсныя прадукты. І такіх страў робяць шмат.
На стале прысутнічаюць бліны, аўсяны кісель з цыбуляй, стравы з грыбамі, рыба, прыгатаваная рознымі спосабамі, у тым ліку рыбны халадзец і рыбная юшка, грыбны квас і іншае. Але не будзем губляць часу: нагадаю добрыя рэцэпты старадаўніх страў, якія могуць ўпрыгожыць сённяшні святочны стол.
Вячэра пачынаецца з лёгкага супу. І рыбная юшка тут вельмі дарэчы! Для яе прыгатавання прыдасца любая рачная рыба, але найлепей – яршы. Можна таксама выкарыстаць стромгу і сцерлядзь, якія цяпер гадуюць рыбныя гаспадаркі. Іх разам з ласосем і асятром можна набыць у крамах. Паасобку ўсе гэтыя рыбы выдатна прыдадуцца да гэтага святочнага супу. Яшчэ больш вытанчаным яго робіць моцнае віно, падобнае да мадэры. Рэцэпт разлічаны на вялікую кампанію і, зрэшты, так сустракалі свята нашы продкі крыху больш за сто гадоў. Эх, святкаваць, дык святкаваць!
Юшка са сцерлядзі
З чаго гатаваць:
1,25 кг дробнай рыбы,
1,25-1,5 кг буйной рыбы,
1 корань пятрушкі,
2 морквы,
1 карняплод сельдэрэю,
1 парэй,
2 цыбуліны,
10-12 гарошын духмянага перцу,
2-3 лаўровыя лісты,
1 лімон,
200 г мадэры,
соль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМожна прыгатаваць юшку і са шчупака
Можна прыгатаваць юшку і са шчупака
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пачышчаную дробную рыбу, набор падрыхтаванага і пакрышанага карэння, цыбулю, перац пакласці ў гаршчок, заліць вадой і ўставіць у печ ці на пліту, каб закіпела, зняць пену. Калі зварыцца, працадзіць рыбу і гародніну праз рэдкую сурвэтку (кавалак марлі складзены ўдвая), выціснуўшы як мага болей гушчы. Пакласці ў булён нарэзаную кавалкамі і загадзя прысоленую сцерлядзь, варыць, здымаючы пену, дадаць у канцы варкі лаўровы ліст і пасаліць на смак. Лімон нарэзаць кружочкамі, пакласці ў супніцу і заліць кіпячым супам, у які можна ўліць шклянку мадэры або іншага моцнага віна.
Асятрына печаная з гарчычным соусам
З чаго гатаваць:
1,5-2 кг асятра,
1 морквіна,
1 корань пятрушкі,
2 цыбуліны,
2 яйкі,
кавалак хлеба,
0,75 шк. белага віна,
0,25 шк. воцату,
1 шк. юшкі,
2-3 ст. л. гарчыцы,
1,5 ст. л. масла або алею,
соль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАсятры з рыбнай гаспадаркі
Асятры з рыбнай гаспадаркі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Нашмараваць бляху маслам, выкласці яе нарэзанымі пласцінамі морквы, цыбулі і пятрушкі. Узяць вялікі мясісты кавалак пачышчанага і прамытага асятра, пасаліць, пакласці на высланую гароднінай бляху, паліць зверху падсмажанай на масле цыбуляй, астуджанай і змешанай з двума ўзбітымі яйкамі, пасыпаць цёртым хлебам і паставіць у гарачую духоўку. Пасля запякання зняць з бляхі.
Гарчычны соус гатуецца наступным чынам. Трэба змяшаць з віном шклянку юшкі, зваранай з рыбнай галавы і больш дробных кавалкаў асятра, воцатам, дадаць некалькі лыжак гарчыцы. Усё закіпяціць і заліць гэтым соусам запечанага асятра.
Халадзец з лінёў
Халадзец з рыбы – вельмі смачная закуска. Гатуючы яе, звычайна дадаюць жэлацін, але можна абысціся і без яго, бо галава, хвост, плаўнікі і скура з луской маюць вялікі запас прыроднай клейкасці. Асабліва смачны халадзец атрымліваецца з лінёў, але, са слоў гаспадыні, ад якой я запісала гэты цудоўны рэцэпт, з таўсталобіка ён атрымаецца не горшы. Можна таксама ўжыць карпа ці амура. Рэцэпт быў запісаны ў вёскі Спорава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ад Марыі Мікалаеўны Пашкевіч.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБудзе добры рыбны халадзец
Будзе добры рыбны халадзец
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць:
500 г рыбы,
1 цыбуліна,
2 лаўровых ліста,
1 ч. л. молатых спецый (каляндра, чорны перац)
2 зубкі часнаку,
зеляніна кропу,
вада,
1,5 ч. л. солі.
Як гатаваць. Акуратна пачысціць рыбу ад магчымага смецця, не абціраючы ад слізі, выдаліць вантробы, жабры, разрэзаць на вялікія кавалкі, пакласці ў гаршчок і заліць гарачай гатаванай вадой "на адзін палец вышэй як рыба". Уставіць у печ і давесці да кіпення, зняць шумоўкай пену, каб юшка была чыстая, і варыць яшчэ 20 хв. Дастаць гаршчок з печы і пакласці ў яго дробна насечаныя цыбулю і кроп, дадаць лаўровы ліст, спецыі, пасаліць і паставіць варыцца яшчэ на 10 хв., каб зварылася цыбуля. Гэтым часам дробна пакрышыць часнок, пакласці яго ў форму для халадца. Дастаць рыбу з печы і выкласці яе кускамі на часнок, акуратна заліць яе юшкай і аздобіць зверху лапкай кропу. Паставіць у халоднае месца, каб халадзец застыў. Да стала падаць з варанай бульбай.
Жэле лімоннае
Без дэсертаў у свята ніяк! Жэле – традыцыйны, прыемны на смак дэсерт да любога свята. Вядома ж, можна пайсці ў краму і набыць некалькі пачкаў гатовага канцэнтрату жэле. Але ж і прыгатаваць яго няцяжка, бо замарожаныя свежыя ягады ёсць амаль у кожнай гаспадыні, а лімоны да свята трэба мець абавязкова.
З чаго гатаваць:
1 шк. цукру,
5 шк. вады,
цэдра з аднаго лімона,
30 г жэлаціну,
1 ст. л. лімоннага соку.
Як гатаваць. Загадзя заліць халоднай гатаванай вадой жэлацін, каб набрыняў. Распусціць цукар у пяці шклянках вады, дадаць туды цэдру лімона і набрынялы жэлацін, зварыць. Працадзіць праз сіта, дадаць 1 ст. лыжку лімоннага соку, перамяшаць, уліць у форму і паставіць на холад, каб застыла. Перад падачай апусціць формы ў гарачую ваду на 2 хв. і выкласці на талерку.
"Зора засвяціла – свет узвесяліла…"
Пасля прыемнай вячэры, усе, хто мае сілы, ідуць у касцёл на Святую Імшу, якая ў каталікоў называецца Пастэрка – ад лацінскага слова pastor, гэта значыць пастух. Так Імша названа ў гонар тых віфліемскіх пастушкоў, якія ў тую ноч непадалёку пасвілі свой статак.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАнёлак
Анёлак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Анёлы спачатку ім абвясцілі навіну аб нараджэнні Хрыста, і пастухі разам са сваімі авечкамі ды козамі першыя пакланіліся Збаўцу.
Гэтую памятную сцэнку можна і сёння пабачыць у кожным касцёле. У яслях ляжыць Дзіцятка Ісус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца яго маці і святы Іосіф. Каля іх на сене – вол з вослікам, а крыху далей з пашанаю кленчаць пастушкі…
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСцэнка Нараджэння Ісуса
Сцэнка Нараджэння Ісуса
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дэкарацыі гэтай сцэнкі ахайна захоўваюць у кожным касцёле, а фігуркі – сапраўдныя творы мастацтва! На іх прыходзяць палюбавацца ды далучыцца да святочнага настрою і вернікі іншых канфесій.
У гэты ж вечар можна пачуць калядкі. На вуліцах і каля касцёлаў час ад часу сустракаюцца гурты моладзі, якая спявае іх з асаблівым запалам. Гэта выклікае цёплы водгук у сэрцах вернікаў, якія выходзяць з касцёла пасля набажэнства.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАнёлы спяваюць, пастушкі іграюць...
Анёлы спяваюць, пастушкі іграюць...
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"У Батлееме вясёла навіна
Божая Маці нарадзіла сына.
Анёлы спяваюць, пастушкі іграюць
Дзіва, дзіва абвяшчаюць…".
Углядаючыся ў вячэрнія нябёсы, хочацца верыць, што там, дзесьці у вышыні, ёсць адзіная, самая дарагая для чалавецтва зорка, якая здольна сагрэць усіх, асвятляючы ў цемры чалавечы шлях.
"Учора з вячора засвяціла зора,
Зора засвяціла – свет узвесяліла.
Свет узвесяліўся, Хрыстос нарадзіўся…".
Жадаю вам вясёлых свят ды смачнай вячэры!
І няхай ваша паштовая скрыня, хоць і ў камп’ютары, будзе поўная цёплых пажаданняў!
Чытайце таксама:
"Божае вогнішча", або Святкуем смачна на вігілійную вячэру
Зімовы квасок для смачнага посту, або Перадкалядны гірос
Хутка Каляды: рыхтуем посны стол па народных рэцэптах