"Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты", або Грачанік па-маларыцку
09:32 18.02.2023 (абноўлена: 17:10 01.03.2023)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрачанік па-маларыцку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца сакрэтам, навошта ў дзень Агаф’і асвячаюць хлеб і соль, і распавядае, чаму грачнёвая бабка лепей за бульбяную.
Пасля працяглых зімовых свят жыццё паціху ўваходзіць у звыклыя рытмы. Міжволі ў галаве раяцца ўсялякія думкі аб тым, чаго чакаць наперадзе, якім будзе год?
Хутка ўжо два месяцы, як нарадзілася зімовае сонейка і чалавеку, што жыве бліжэй да зямлі, ужо відаць пэўныя змены ў прыродзе. Крыху пабольшыўся дзень, і, здаецца, што ноч ужо не такая непраглядна цёмная і доўгая. І хоць зіма – час, калі можна крыху болей паляжаць пад цёплай коўдрай, усё ж такі вёска прачынаецца рана.
"Бядуй, не бядуй, а за працу бярыся!"
На сяле кажуць, што "зіма ўцякае цёмнымі начамі", але пакуль што гэта халодная пара года яшчэ ў сіле. Частыя адлігі чаргуюцца з прымаразкамі, утвараючы слізготу. Гэта звычайны стан беларускага надвор’я для лютага. Тое ж самае было і сто гадоў таму, што відаць са старых газет, у якіх, напрыклад, пісалі:
"Сёлетняя зіма ня вельмі цікавая, і шмат каму ўжо далася яна ў знакі, бо да гэтаго часу саўсім не было снегу, часта праходзіў дождж, вада замярзала і рабілася тады страшэнная слізгота: шмат пакалечылася людзей і коней…".
Але бядуй, не бядуй, а за працу бярыся!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРаспаленая печ
Распаленая печ
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
5 і 18 лютага ў народным календары каталікі і праваслаўныя ўзгадваюць святую Агату (Агаф’ю), якая была закатавана на агні і памерла 5 лютага 251 года. У гэты дзень асвячаюць хлеб і соль. Вера ў тое, што кавалачак гэтага хлеба з соллю мог бараніць ад пажару, перуна і раптоўных хвароб, жыве ў народзе і дагэтуль. Духмяны хлебны кавалак бяруць з сабой у падарожжа, а маці дае яго дзецям, калі тыя пакідаюць родны дом. Святая Агата лічыцца апякункай прафесій, звязаных з агнём, а таксама медсясцёр і хворых на грудныя хваробы. Да яе звяртаюцца аб выратаванні падчас стыхійных бедстваў. Беларусы Беласточчыны кажуць:
"Хлеб святой Агаты
не пусціць бяды да хаты".
Таму зразумела, чаму напярэдадні гэтага свята продкі абавязкова пяклі хлеб.
Пячом хлеб ад Агаты
Выпякаць хлеб уласнаручна справа цяпер модная і карысная. І хоць свежы хлеб на любы густ сёння можна набыць у краме, ды, тым не менш, паспрабуем спячы грачанік па-маларыцку або грачнёвую бабку.
Грачнёвая бабка зусім не падобна да бульбяной, але ж хлеб гэты вельмі смачны і карысны. Не чакайце, што у вас адразу атрымаецца спячы гэты хлеб як след. Тут патрэбна практыка і вялікае жаданне, ды яшчэ, па магчымасці, хатняя печ, але спячы грачанік магчыма і ў духоўцы. Гэты рэцэпт падаю так, як патлумачыла мне гаспадыня Калянкевіч Кацярына Іванаўна, і разлічаны ён на 6-7 боханаў. А яшчэ гаспадыня ўсё мерала на жмені і шчопаці. Давялося потым гэтыя жмені ўзважваць, таму вес прадуктаў прыкладны і трэба гэта ўлічваць.
© Sputnik / Альфред МикусНапярэдадні свята продкі абавязкова пяклі хлеб
Напярэдадні свята продкі абавязкова пяклі хлеб
© Sputnik / Альфред Микус
Грачанік па-маларыцку
Перад тым, як пячы грачнёвую бабку, трэба памятаць:
робячы рошчыну, не кідаюць шмат прасяной кашы, іначай цеста зробіцца цяжкім,
грачнёвай мукі не сыплюць больш, чым патрэбна, паколькі яна цяжкая і цеста можа асесці,
каб паскорыць працэс ферментацыі цеста, у рошчыну можна дадаць 150 г дражджэй, але гэта не пажадана, таму што цеста можа перабрадзіць,
грачнёвую муку гаспадыні мелюць самі з абмалочанай грэчкі, якая вырасла на ўласным полі. Муку прасейваюць, каб адкінуць буйныя лушпайкі, – лічаць, што такая мука надае пэўны смак хлебу.
З чаго гатаваць:
4,5 кг пшанічнай мукі,
100 г поснага масла (алею),
100 г дражджэй,
100 г проса,
300-350 г грачнёвай мукі,
2,5 л вады,
1 ст. л. цукру,
1 ст. л. солі без верху.
Як гатаваць.
© Sputnik / Альфред МикусПячы хлеб – справа доўгая. Спачатку трэба падрыхтаваць цеста
Пячы хлеб – справа доўгая. Спачатку трэба падрыхтаваць цеста
© Sputnik / Альфред Микус
Робім рошчыну. Пшанічную і грачнёвую муку прасеяць праз сіта, зварыць і астудзіць прасяную кашу, расцерці яе або ўзбіць блэндэрам. Развесці ў цёплай вадзе дрожджы, дадаць прыкладна 100 г варанага проса, усыпаць 100-150 г прасеянай грачнёвай мукі, у якой павінны застацца рэшткі грачнёвых лушпаек, прыкладна 200 г пшанічнай мукі вышэйшага гатунку і перамяшаць. Уліць 2,5 л вады, дадаць яшчэ 1,8 кг мукі, зноў добра вымясіць. Накрыць пасудзіну чыстым палатном і паставіць у цёплае месца на 5 гадзін. Цеста, перабрадзіўшы, павінна апусціцца.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗатым пасля вымешвання цеста кладзецца ў формы для выпякання
Затым пасля вымешвання цеста кладзецца ў формы для выпякання
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Замешваем цеста. Дадаць у цеста 1 ст. л. солі без горкі, крыху меней цукру, 100 г алею і ўсыпаць прыкладна 300 г (дзве вялікія жмені) грачнёвай мукі, усыпаць усю пшанічную муку і замясіць цеста. Накрыць цеста чыстым палатном і паставіць у цёплае месца падыходзіць. Абмяці, даць цесту падысці 2 разы.
© Sputnik / Альфред МикусСтавяцца формы з будучым грачанікам у выпаленую і чыста вымеценую ад попелу печ
Ставяцца формы з будучым грачанікам у выпаленую і чыста вымеценую ад попелу печ
© Sputnik / Альфред Микус
Выпечка. Раскласці цеста ў формы вышынёй прыкладна 10 см, даць яму падысці зноў і толькі тады паставіць у выпаленую і чыста вымеценую ад попелу печ. Выпякаць не больш за 40 хв. Патрэбную тэмпературу печы вызначаюць кінутай у яе прыгаршняй мукі – калі мука не задымілася, то можна ставіць пячыся хлеб.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГрачанік з печы атрымоўваецца заўсёды духмяны і вельмі смачны!
Грачанік з печы атрымоўваецца заўсёды духмяны і вельмі смачны!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Часта ў дзежцы застаецца крыху цеста – тады гаспадыня на патэльні смажыць "грачнёвыя падпалкі", якія нагадваюць невялікія піражкі. Гатуюць іх наступным чынам: трэба нагрэць патэльню на вуглях, уліць 50 г алею і наліць цеста ў форме аладак, якія пякуць з двух бакоў. Дарэчы, падпалкі пяклі звычайна для дзяцей.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася", або Грамніцы-паўзіміцы
"Хавай нос у апанасаўскі мароз", або Стравы з гусі і качкі
Папулярныя стравы з казачнай расліны, або Не складаней за "параную рэпу"