"Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася", або Грамніцы-паўзіміцы
09:32 11.02.2023 (абноўлена: 16:05 01.03.2023)
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАдварная грудзінка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліццца старадаўнімі сакрэтамі грамнічных свечак і навучае, чаму на Стрэчанне нельга паліць у печы, нават калі вельмі хочацца, і як не застацца на свята галодным.
Пра няўстойлівасць надвор’я ў лютым кажуць: "Люты наробіць плюты". Сёлета апошні месяц зімы пачаўся з надзіва лагоднага надвор’я і, хоць сонца схавалася за снежнымі хмарамі, у прыродзе ўжо відаць змены да вясны.
Найбольш значнае свята месяца – Грамніцы або Стрэчанне, якое каталікі і праваслаўныя адзначаюць 2 і 15 лютага. У народзе лічылі, што вясна пачынаецца менавіта ад гэтага свята, і прыкмячалі, што на Грамніцы да абеду зіма, а пасля абеду ўжо вясна.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЛюты наробіць плюты
Люты наробіць плюты
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
І, тым не менш, да цёплых вясновых дзянёчкаў яшчэ далёка. Таму і казалі:
"Да Грамніц
пільнуй рукавіц,
А на Грамніцах
у тых самых рукавіцах".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРукавіцы, рукавічкі, рукаўкі, рукавачкі…
Рукавіцы, рукавічкі, рукаўкі, рукавачкі…
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Грамніцы (Стрэчанне, Устрэчанне) – свята жывога агню мае язычніцкія карані і звязана з даўнім богам грымот і маланак Грамаўніком (Перуном). Адсюль і назва свята – Грамніцы. А вось царкоўна-славянская назва "Сретенье" ператварылася ў Стрэчанне або Устрэчанне і тлумачылася, як сустрэча зімы з летам.
Дарэчы, "Сретенье" ў хрысціянстве азначала сустрэчу Сімяона з Ісусам Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў.
"Пакуль гром не загрыміць, зямля не адтае"
Вясновыя навальніцы і дажджы пад уладай Грамаўніка спрыялі росту расліннасці. У народзе верылі, што расліны надзелены вялікай жыццёвай сілай, якая бы памірае і можа адрадзіцца праз агонь. Вярнуць сілу раслінам можна было праз адмыслова зробленую ляльку з саломы, якую урачыста спальвалі на Грамніцы.
Лічылася, што агонь ад грамнічнай маланкі здольны быў быццам бы ажывіць зямлю пасля першых грымот, таму продкі казалі:
"Пакуль гром не загрыміць, зямля не адтае".
А яшчэ, на думку народа, Грамніцы таму так называюцца, што ў гэты дзень святы Юрый "чысціць сваю стрэльбу і выпрабоўвае яе на чарцях". Калі ён у іх страляе – грыміць, адсюль і грымоты, што з’яўляюцца з гэтага дня. Але ж продкі верылі, што дзякуючы асвечаным у гэты дзень грамнічным свечкам, гэтыя грымоты не шкодзяць ні людзям, ні жывёлам, ні збудаванням.
У апошнюю суботу перад Грамніцамі з воску, сабранага ўвосень, рабілі свечкі, якія выкарыстоўвалі ў розных сямейных абрадах і каляндарных святах.
© Sputnik / Альфрэд МікусСвечкі выкарыстоўвалі ў розных сямейных абрадах і каляндарных святах
Свечкі выкарыстоўвалі ў розных сямейных абрадах і каляндарных святах
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Свечка, асвечаная на Стрэчанне, мела вялікую сілу і называлася грамніца. Яна лічылася трывалым абярэгам ад нячыстай сілы, і таму многія імкнуліся мець яе ў хаце. Выкарыстанне гэтай свечкі ў народнай магіі, гаспадарцы і нават медыцыне было вельмі разнастайнае. Лічылася, што чэрці, ведзьмы і ліхія духі ўсяляк пазбягаюць агню і дыму ад гэтых свечак. Казалі, што нават не запаленая своечасова грамніца быццам нервуе ведзьмаў і чараўніц так, што "…калі маюць да грамніцы доступ, грызуць яе зубамі".
У народзе і цяпер можна пачуць аповеды аб сіле стрэчанскай свечкі, падобныя да наступнага:
"Кожны хазяін ішоў у цэркаў, дзе свяціў ету свечку, хаваў за пазуху і прыносіў дадому. Кусочкі свячы даваліся людзям і жывёлам, як лякарства, насіліся ля цела, як амулет. Імі падкурвалі пры іспугах, ліхарадках бальную жывёлу, семяна, адзежу".
Або, напрыклад:
"Калі пачыналася навальніца, то іх запальвалі, каб маланка хату не спаліла. Яны як бы зберагалі нас ад нячысцікаў. Свечы гэтыя вешалі над хлявамі. Каб ведзьмы не забралі малако ў каровы. Калі чалавек умірае, даюць у руку свечку, свячона свечка вельмі добра ў хаце. Яе запальвалі, маліліся богу, абыходзілі ўсе вуглы ў хаце і абыходзілі шчэ і хлеў, каб ніяка нячыста сіла не прыкасалася. Калі гналі ў чаргу кароўку, то ішлі з гэтаю свячою да кароўкі, маліліся, абыходзілі кругом, а тады гоняць у поле штоб здоровенька була, у пору дадому прыходзіла, малачко давала".
Каб скласці доўгатэрміновы метэапрагноз, у перыяд з 2 да 15 лютага пільна назіралі за надвор’ем. Існавалі пэўныя прыкметы, згодна з якімі і меркавалі – якой чакаецца вясна, бо якое надвор’е на Стрэчанне, такой вясна і будзе!
Паліць у печы – забараняецца!
У гэты святочны дзень гаспадыня магла спаць крыху болей, бо паліць у печы да ўзыходу сонца забаранялася. Калі на тое забыцца, то чакай бяды для любімай кароўкі – верылі, што ведзьмы будуць адбіраць у яе малако.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПаліць у печы да ўзыходу сонца забаранялася!
Паліць у печы да ўзыходу сонца забаранялася!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Кросны снаваць з 2 да 15 лютага таксама было не пажадана, у сувязі з гэтым на Гарадзеншчыне верылі, што каля будынкаў будуць "снаваць" ваўкі. Калі ж да свята не падмесці дачыста падлогу, то ўлетку ад мух спасу не будзе.
Прыкметы прыкметамі, але ж "дзе няма ахвоты, там няма работы". Сям’ю карміць трэба, таму можна прыгатаваць што-небудзь загадзя. А паколькі свята – то і страва павінна быць адпаведнай: святочнай і смачнай. Як наступны добры рэцэпт з зімовай народнай кухні!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСвіная грудзінка для адварвання
Свіная грудзінка для адварвання
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Парасяціна адварная
З чаго гатаваць:
800 г парасяціны,
1 л вады,
1 морква,
1 цыбуліна,
1 корань пятрушкі,
2 ч. л. мукі,
3 ст. л. смятаны,
перац,
лаўровы ліст,
соль.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПарасяціна адварная
Парасяціна адварная
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Закіпяціць падсоленую ваду і пакласці туды мяса цэлым кавалкам (замест парасяціны можна скарыстаць мясную грудзінку без рабрынак). Дадаць моркву, корань пятрушкі, цыбулю і варыць на слабым агні паўгадзіны. Затым пакласці ў каструлю перац гарошкам, лаўровы ліст і давесці мяса да гатоўнасці.
Дарэчы, адварваць парасяціну лепей у печы або духоўцы некалькі гадзін, пакуль мяса з салам не стане мяккім і далікатным – нож павінен уваходзіць у яго "як па масле".
Парасяціну выняць, булён працадзіць, дадаць у яго пасераваную муку, разведзеную ахалоджаным булёнам, пракіпяціць, уліць смятану, прагрэць. Гэтым соусам паліць парэзаную кавалкамі парасяціну.
Падаць страву можна з любымі саленнямі, гарачай бульбай, хлебам або блінамі.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Хавай нос у апанасаўскі мароз", або Стравы з гусі і качкі
Папулярныя стравы з казачнай расліны, або Не складаней за "параную рэпу"
"Бабскае" свята, або Дзень варэнікаў
Хвёдар Студзянец, або Запрашэнне на "Свежыну"
"Навошта той клад, калі ў дзетках лад", або Салодкі стол для святога Юльяна