Ці патрэбна краінам ЕАЭС агульная лічбавая валюта?

© Sputnik / Владимир Астапкович / Перайсці ў медыябанкПлаты ферм для майнінгу крыптавалют
Платы ферм для майнінгу крыптавалют - Sputnik Беларусь, 1920, 30.06.2023
Падпісацца
Сваю нацыянальную лічбавую валюту, акрамя Расіі, сярод краін ЕАЭС тэсціруе толькі Казахстан. У Арменіі, Беларусі і Кыргызстане гэтае пытанне пакуль яшчэ на стадыі абмеркавання.
МІНСК, 30 чэр – Sputnik, Міхаіл Вераб’ёў. Расійская дзяржаўная дума 29 чэрвеня прыняла пастанову з прапановай аб стварэнні агульнай лічбавай валюты на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС).
Чым рэалізацыя гэтай ідэі можа дапамагчы краінам, якія ўваходзяць у арганізацыю – высвятляў Sputnik.

Спосаб супрацьстаяць арышту актываў

Грошы нельга трымаць у заходніх валютах і за мяжой, заявіў карэспандэнту Sputnik кіраўнік камітэта Дзярждумы па справах СНД Леанід Калашнікаў, тлумачачы матывы сваёй ініцыятывы.
Актуальнасць праблемы, паводле яго слоў, абгрунтоўваецца тым, што на Захадзе арыштоўваюцца не толькі актывы ЦБ РФ – нядаўна з гэтым сутыкнуўся і Расійска-Кыргызскі Фонд развіцця (РКФР).
Таму, адзначыў парламентарый, неабходна неадкладна пайсці ў іншую валюту – рубель, юань або лічбавую.
Далейшы лёс ідэі стварэння агульнай лічбавай валюты ЕАЭС залежыць ад урада і Цэнтральнага банка, адзначыў Леанід Калашнікаў.
Выкарыстанне такой плацежнай адзінкі ў трансгранічных разліках унутры ЕАЭС дасць магчымасць пазбегнуць арышту актываў, паколькі замежныя банкі пры ажыццяўленні плацяжоў задзейнічаны не будуць, растлумачыў дацэнт кафедры сусветных фінансавых рынкаў і фінтэха РЭУ імя Г. В. Пляханава Дзяніс Перапяліца.
Таксама, паводле яго слоў, агульная лічбавая валюта дазволіць пазбегнуць цяжкасцей з канвертацыямі валют і праблем з ліквіднасцю, а яшчэ пасадзейнічае паскарэнню, патанненню і спрашчэнню працэсу трансгранічных пераводаў.
"Краіны блізкага замежжа атрымаюць дасканалы плацежны інструмент, пазбаўлены недахопаў традыцыйнай сістэмы плацяжоў, якая выкарыстоўвае камерцыйныя банкі і міжнародныя плацежныя сістэмы", - лічыць ён.
Пад недахопамі маюцца на ўвазе магчымасці блакіроўкі трэцімі асобамі, як адбылося з банкамі, падключанымі да сістэмы SWIFT, удакладніў эксперт.
"Акрамя таго, SWIFT – дастаткова дарагая плацежная сістэма, якая спаганяе камісіі на кожным участку праходжання плацяжу", - адзначыў Перапяліца.
Паводле яго слоў, празрыстасць плацяжоў у агульнай лічбавай валюце істотна вырасце.
"Паколькі кожная адзінка гэтай валюты будзе валодаць сваім унікальным нумарам, можна будзе адсачыць увесь ланцужок плацяжоў з кожнай з іх", - удакладніў дацэнт.

Унутрырасійскі пілот

У Расіі праходзіць тэсціраванне свайго нацыянальнага лічбавага рубля, нагадаў карэспандэнту Sputnik кіраўнік напрамку "Фінансы і эканоміка" Інстытута сучаснага развіцця Мікіта Масленнікаў.
"Мы пакуль што ў сябе ў Расіі не пратэсціравалі, як будзе працаваць лічбавы рубель. Спачатку трэба напрацаваць нейкую практыку і паглядзець, як гэта ўсё будзе дзейнічаць, а потым выходзіць на нейкія больш маштабныя міжнародныя праекты", - лічыць ён.
Акрамя таго, трэба ўлічваць, што далёка не ўсе краіны ЕАЭС знаходзяцца на развітых рубяжах у гэтым пытанні, падкрэсліў Масленнікаў.
На гэты момант сваю нацыянальную лічбавую валюту, акрамя Расіі, сярод краін ЕАЭС тэсціруе толькі Казахстан. У Арменіі, Беларусі і Кыргызстане гэтае пытанне пакуль што толькі абмяркоўваецца.
Лічбавы рубель уяўляе сабой лічбавы код, які захоўваецца ў электронным кашальку на платформе Цэнтральнага банка. Ён ствараецца як сродак для правядзення плацяжоў і пераводаў (як сродак зберажэння або крэдытавання яго выкарыстоўваць будзе нельга).
Лічбавыя рублі стануць трэцяй разнавіднасцю расійскіх грошай у дадатак да наяўных і безнаяўных. Іх выпускам будзе займацца Цэнтрабанк. Рахунак у лічбавых рублях будзе захоўвацца не ў асобных камерцыйных банках, а на серверах ЦБ РФ.
Адрозненне лічбавых рублёў ад безнаяўных заключаецца ў тым, што яны будуць захоўвацца не на банкаўскіх рахунках, а на лічбавых кашальках на распрацаванай ЦБ РФ платформе. Разлічвацца імі пры гэтым можна будзе таксама праз мабільныя прыкладанні банкаў.
Аперацыі з лічбавымі рублямі, як чакаецца, можна будзе праводзіць і без доступу да інтэрнэта.
Прадугледжваецца, што лічбавы рубель увойдзе ў спажывецкі абарот да 2030 года.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Колькі грошай атрымліваюць беларусы з-за мяжы, падлічыў Нацбанк
Усё больш банкаў Беларусі пераводзяць валютныя разлікі Mastercard на юані
Лукашэнка: увядзенне адзінай валюты з Расіяй – пытанне не сённяшняга дня
Стужка навiн
0