"На Пятра крышку хлеба напякла", або Духмяныя рэцэпты са свежай мукі

© Sputnik / Альфред МикусХлеб з новай мукі
Хлеб з новай мукі - Sputnik Беларусь, 1920, 12.07.2023
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чаму продкі асабліва прыслухоўваліся да зязюлі ў Пятроў дзень і навошта пасля першага жніва рыхтавалі "хлебнае" застолле.
Сярэдзіна лета – сонечны рай! Удзень вока радуецца буянню кветак і раслін, а ўвечары зямля аддае паветру назапашаную за дзень цеплыню. Гэтым часам вёска пахне свежым сенам, парным малаком і… выпечкай са свежай мукі!
12 ліпеня святкуюць Пятра і Паўла і, як ні сумна, але ад гэтага дня продкі заўважалі першыя прыкметы восені:
"Пятрок – асенны святок"
ды

"Прыйшоў Пятрок –
апаў лісток,
прыйшоў Ілля –
апала два
".

© Sputnik / Сергей Пятаков / Перайсці ў медыябанк"Прыйшоў Пятрок – апаў лісток..."
Опавшие кленовые листья - Sputnik Беларусь, 1920, 11.07.2023
"Прыйшоў Пятрок – апаў лісток..."

Агародныя справы на Пятра

Гэтай парой часта прыходзілі дажджы, якія вядома ж перашкаджалі касавіцы і жніву. Наракаючы, у народзе казалі:

"Пятрок такі святок, што яму як ні ўгадзі, а ён усё-такі пагноіць сена",

і што пост, які папярэднічае святу, для таго
"каб угадзіць старому Пятру, каб ён пасылаў дождж, як людзі просяць, як яму Бог вялеў. А ён глухі да ўпарты, пасылае дождж, як людзі косяць сена".
© Sputnik / Альфред МикусКасьба
Липнишковские сенокосы - Sputnik Беларусь, 1920, 11.07.2023
Касьба
У свята сачылі за надвор’ем і слухалі, ці кувае зязюля. Так, лічылі, што, калі на святога Пятра ідзе дождж, то на Новы год будзе "страшная мяцеліца" і ўвогуле яшчэ цэлы тыдзень будзе ліць як з вядра. Наконт зязюлі казалі, што яна перастае куваць да Пятра. Аднак у само свята ўважліва слухалі: ці падасць голас птушыная вястунка? Бо калі яна кувала ў гэты дзень, то лічылі, што восень будзе цёплая, а калі надарылася пачуць зязюлю пасля Пятра, то гэта прадракала "лета доўгае і харошае, снег няскора выпадзе".
Вядома, што на Пятра ў Шумілінскім раёне пачыналі падкопваць бульбу, у Клецкім раёне больш не матычылі капусту, у гэтую пару гарбузнік закідвалі на плот, каб, раскінуўшы па градах свае "косы", ён не перашкаджаў расці іншым раслінам, як кажуць "не глушыў" іх. У гэты ж час працягваюць налівацца цыбуля і часнок, дружна растуць буракі і морква. Усё гэта штодня цешыць вока і сэрца руплівай гаспадыні.

"Хлебнае" застолле

Ад Пятра пачыналася і жніво, якое было прынята адзначаць выпечкай першых пірагоў і хлеба са свежай мукі. У Капыльскім раёне гаспадыні прыгаворвалі:
"На Пятра крышку хлеба напякла".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПрысмакі на Пятра
Прысмакі на Пятра - Sputnik Беларусь, 1920, 11.07.2023
Прысмакі на Пятра
На жніво запрашалі ў дапамогу суседзяў і ладзілі застолле. Вядома ж, цяпер няма патрэбы жаць на сваім полі, але ўзгадаць добрыя традыцыі продкаў будзе не лішнім. Тым больш, што ёсць добрая святочная нагода.
Таму прапаную сустрэцца з сябрамі і пачаставаць іх "пончыкамі сяброўскімі", або "пірагом з вішнямі", прыгатаванымі па даўніх беларускіх рэцэптах. Дарэчы, вішань сёлета багата – як ніколі!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПіражкі на свята
Піражкі на свята - Sputnik Беларусь, 1920, 11.07.2023
Піражкі на свята

Пончыкі сяброўскія ад Вінцэнты Завадскай

З чаго гатаваць:
12 жаўткоў,
1 кубак (200 г) цукру,
1,5 шк. вяршкоў,
1,5 л мукі,
50-65 г дражджэй,
3 ст. л. масла,
соль (па патрэбе),
1-1,5 шк. варэння,
0,75 кг тлушчу,
1 суцэльнае яйка,
цукар з карыцай (для пасыпкі).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВясковыя пончыкі
Вясковыя пончыкі - Sputnik Беларусь, 1920, 11.07.2023
Вясковыя пончыкі
Як гатаваць. Дванаццаць жаўткоў узбіць да белага колеру з кубкам цукру і змяшаць з цёплымі вяршкамі. Паступова ўсыпаць муку, узбіваючы, каб не было камякоў. Дадаць дрожджы, тры ст. л. масла, добра ўзбіць лыжкай да з’яўлення бурбалак і пакінуць, каб цеста падышло. Выкласці на стальніцу, раскачаць, выціскаць шклянкай невялікія пончыкі і класці на сіта. Начыніць варэннем без соку, пашмараваць з беражкоў яйкам, накрыць другой паловай пончыка і смажыць на распаленым тлушчы пад накрыўкай. Падсмажаныя пончыкі складаць на сіце, выкладзеным тонкай паперай, каб тлушч сцёк, і абсыпаць цукрам з карыцай перад падачай.

Пірог з вішнямі ці чарэшняй

З чаго гатаваць:
2 шк. мукі,
4 яйкі,
250 г цукру,
0,5 ч. л. соды,
750 г вішні (чарэшні),
ванілін (цынамон).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСвяточны пірог для хлебнага застолля
Святочны пірог для хлебнага застолля - Sputnik Беларусь, 1920, 11.07.2023
Святочны пірог для хлебнага застолля
Як гатаваць. Яйкі расцерці з цукрам, дадаць соду, муку, перамяшаць, вымясіць цеста. Затым дадаць вішні без костачак. Выкласці цеста на бляху, змазаную маслам і пасыпаную мукой. Выпякаць у гарачай духоўцы прыкладна 30 хв. Перамяшаць цукровую пудру з ванілінам ці цынамонам (карыца) і пасыпаць гатовы пірог.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Чым пахне ліпень: гатуем купальскія стравы і лекі з ліпы
"Век пражыць, як у ступе пратаўчы", або Стравы ў "затаўканым гаршку"
Абед для ламтуха, або Стравы з тоўчанай бульбы
Стужка навiн
0