"Цмок" па-беларуску, або Гатуем старажытныя смакалікі да навагодняй ночы

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЯгадны пірог да Новага года
Ягадны пірог да Новага года - Sputnik Беларусь, 1920, 29.12.2023
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чаму трэба жыць з Цмокам у згодзе, і раіць задобрыць сімвал надыходзячага Новага года з дапамогай старадаўняй ракагі, знакамітага "цмокавага" пірага і "бабы на хуткую руку".
Да Новага года засталося некалькі дзён, і ў паветры лунае нейкае чараўніцтва.
Перадсвяточны ўздым перадаецца прадчуваннем хуткай радасці і весялосці. Гарады расквеціліся рознакаляровымі гірляндамі і святочна прыбранымі ёлкамі. Узрушаныя перадсвяточнай мітуснёй, гараджане спяшаюцца набыць падарункі для сяброў і блізкіх.
Сёлета – згодна з усходнім календаром – Год Зялёнага Драўлянага Цмока, таму ў кошыку пакупніка не-не, ды прымосціцца сувенірны сімвал Новага года. Што казаць, апошнія 30-40 гадоў мода адзначаць свята ва ўсходнім стылі замацавалася і стала звычайнай. Гэта бы вясёлая гульня: многім цікава, якога колеру апрануць сукенку, якую зрабіць прычоску і манікюр, што падарыць каханаму ці каханай і якія стравы паставіць на стол.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЁлачныя цацкі
Ёлачныя цацкі - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Ёлачныя цацкі

Беларускія "цмокавыя" паданні

Нягледзячы на грозны выгляд, Зялёны Драўляны Цмок памяркоўны і высакародны. У кітайскай традыцыі ён атаясамліваецца з імператарскай уладай, аўтарытэтам, мудрасцю і дабрабытам, цмок – гэта агонь, сіла і энергія. Акурат такія ж якасці належаць і беларускім цмокам, якія згодна з паданнямі калісьці вадзіліся на нашых землях і былі розныя па памерах, знешнім выглядзе і характары.
Беларускія цмокі – міфалагічныя персанажы, апісаныя ў баладах і чарадзейных казках. Адзін з іх – жахлівы Цмок, які жыў у балоце і патрабаваў, каб яму на з’яданне штодня прыводзілі хлопцаў і дзяўчат.
© Sputnik / Максим БогодвидБеларускія цмокі – міфалагічныя персанажы, апісаныя ў паданнях і казках
Дракон Зилант  - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Беларускія цмокі – міфалагічныя персанажы, апісаныя ў паданнях і казках
Даследчык традыцыйнай культуры, этнограф Адам Багдановіч у нарысе "Перажыткі старажытнага сусветасузірання ў беларусаў" тлумачыў, што згодна з народнымі вераваннямі Цмок – гэта галоўны чорт (Люцыпар), якога анёл закаваў у ланцугі і пасадзіў у каменную гару. Калі на зямлі адбываліся землятрусы, то народ тлумачыў гэта тым, што Цмок быццам варочаецца, або спрабуе парваць той ланцуг. І яшчэ верылі, што тоўсты цмокаў ланцуг раз’ядаюць чалавечыя грахі, як іржа жалеза, яны робяць яго танюткім, як волас. Паданне папярэджвае, што калі грахі аднойчы змогуць раз’есці гэты ланцуг, то Цмок вызваліцца – і ўжо тады надыдзе канец свету. Праўда ёсць і выратаватаване: калі людзі будуць менш грашыць, то свет ніколі не скончыцца.
Іншыя паданні апавядаюць, што Цмок – гэта тое самае, што і "вогненны змей", ці падобны да змея нячысцік Хут (істота, якая хутка ляціць па небе). Гэты Цмок таму:
"Хто жыве з ім у згодзе, прыносіць грошы і хлеб, робіць яго нівы больш ураджайнымі, а кароў гэтага гаспадара больш малочнымі" (па кнізе Уладзіміра Коваля "Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы").
Яшчэ адзін прадстаўнік з разнастайнай сям’і цмокаў мае характар пагардлівы і фанабэрысты. Гэтага Цмока ўяўлялі маларухомым, лянівым і тоўстым. Вядомы беларускі этнограф, даследчык паўночнай Беларусі Мікалай Нікіфароўскі пісаў:
"Прадбачлівая асцярожнасць захоўвае Цмокаў даўжэй, чым усіх нячысцікаў. Яны рэдка чапляюцца да простых вясковых людзей. На людзей сямейных цмокі не нападаюць. Затое парушальнікі грамадскіх абавязкаў першыя іх ахвяры".
І гэта не ўсе з Цмокаў!
Кажуць у возеры каля Лепеля вадзіліся яшчэ і вадзяныя, з выгляду падобныя да цюленяў, але з доўгай, выцягнутай шыяй. Згодна з мясцовымі паданнямі цмокаў тут вадзілася столькі, што былі яны звычайнай з’явай. Тутэйшыя апавядаюць, што ў сярэднявеччы за адну ноч ў Лепельскім возеры загінула іх сорак асобін! У другой палове ХХ стагоддзя ад старых людзей быў запісаны звычай, калі маладыя пасля вяселля, каб не здарылася чаго ліхога, прыносілі Цмоку ў якасці ахвяры вясельныя пачастункі (гарэлку і закуску). У 2013 годзе на беразе возера гэтаму Цмоку паставілі помнік, які стварыў скульптар Леў Аганаў. Да ўсяго тут час ад часу праходзіць фестываль "У гасцях у Лепельскага Цмока", прысвечаны развіццю і папулярызацыі сельскага турызму.
© Photo : lepel.byАдзін з лепельскiх цмокаў
Другi лепельскi цмок, якога ўсталяваў Райгаз - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Адзін з лепельскiх цмокаў
А паколькі беларускія цмокі любяць добра "пад’есці", то на адным з фестываляў пашанцавала пакаштаваць мясцовую смакацень з народнай кухні – незвычайны пірог у выглядзе Лепельскага Цмока!
Лепельскі фэст – не адзіная мая прыгода "знаёмстваў" з Цмокамі. Акурат у тых мясцінах сёлета зноў нечакана "сустрэлася" з імі – у пошуках старадаўніх кулінарных рэцэптаў завітала ў Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці і ў адной з вёсак убачыла ручнік, на якім у атачэнні вогнена-чырвоных кветак былі вышытыя цмокі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЦмок з Шаркаўшчыны
Цмок з Шаркаўшчыны - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Цмок з Шаркаўшчыны
Таксама даводзілася бачыць выявы цмокаў і нават на ліштвах старых хат. Усё гэта не выпадкова, бо старыя кажуць, што гэтыя мясціны – сапраўдная краіна Цмокаў. Праўда, ці не – сказаць не магу, на свае вочы іх не бачыла. Затое жанчынкі, якія вучылі гатаваць мясцовыя стравы, казалі, што быццам Цмокі любяць салодкае.
З такой нагоды, каб залагодзіць тутэйшых цмокаў, а разам з імі і прыехаўшага гасцяваць заморскага Зялёнага Драўлянага, прапаную гатаваць! Вось некалькі добрых рэцэптаў дэсертных страў і напіткаў, сярод якіх ёсць і вельмі старажытныя.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЦмокі, вышываныя на ручніку
Цмокі на ручніках - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Цмокі, вышываныя на ручніку

Накормім і Цмока

Калі на Навагоднім стале няма салодкіх страў, дык свята, лічы, і не адбылося! Нашы продкі ведалі толк у смакаліках, без якіх не адбывалася ніводная ўрачыстасць. Пірагі, печыва, пернікі, тарты і бабы, андруты, крэмы, жэле, марцыпаны, шарбеты, марожанае, зефіры, цукеркі, кава, гарбата, аршад і мазагран, кампоты і кісялькі, ракага… – усяго і не пералічыш!

Шакалад

З чаго гатаваць:
60 г шакаладнага парашку,
1 л малака,
цукар (па патрэбе).
Як гатаваць. Шакаладны парашок развесці ў невялікай колькасці халоднай вады, уліць у кіпячае малако і давесці да кіпення.
Замест парашку можна выкарыстоўваць шакалад (100 г). Тады ласунак гатуецца наступным чынам: шакаладную плітку трэба пацерці, усыпаць у халоднае малако і давесці да кіпення. Дадаць па смаку цукар.
© Sputnik / Алексей Сухоруков / Перайсці ў медыябанкШакаладную плітку трэба пацерці, усыпаць у халоднае малако і давесці да кіпення
Какао-бобы и какао-крупка на плитке премиального шоколада ручной работы - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Шакаладную плітку трэба пацерці, усыпаць у халоднае малако і давесці да кіпення

Какава

З чаго гатаваць:
25-30 г какавы,
30-40 г цукру,
0,5 шк. вады,
1 л малака.
Як гатаваць. Разведзеныя вадой какаву і цукар уліць, мяшаючы, у кіпячае малако, давесці да кіпення. Замест малака можна ўзяць ваду.

Ракага

З чаго гатаваць:
25 г какавы,
75 г крухмалу,
75 г рысавай мукі,
6 г карыцы,
3 г ванілі,
1 шк. малака,
280 г цукру.
Як гатаваць. Ад 1 да 3 ч. л. сумесі заліць 1 шк. халоднага малака і, увесь час мяшаючы, варыць да загусцення рысу на малым агні. Сачыць, каб не прыгарэла.
Як закіпіць, то ўліць у філіжанкі і падаць з печывам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКубачак старажытнай ракагі
Кубачак старажытнай ракагі - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Кубачак старажытнай ракагі

Суфле з шакаладу

З чаго гатаваць:
0,5 шк. манкі,
шчопаць солі,
2 шк. малака,
6 яек,
100 г шакаладу,
0,5 ст. л. масла,
паніровачныя сухары.
Як гатаваць. Зварыць манную кашу на малаку з соллю і маслам. Калі астыне, убіць туды жаўткі і ўліць шакалад, распушчаны ў малаку, потым моцна вымяшаць і асцярожна дадаць пену з яек. Тады добра нашмараваць форму маслам, абсыпаць сухарамі, уліць масу і паставіць у печ на 20-30 хв.
Кожнае суфле гатуюць перад падачай на стол.

Кісялёк шакаладны

З чаго гатаваць:
100 г шакаладу,
1 шк. бульбной мукі,
6 шк. малака,
0,75 шк. цукру.
© Sputnik / Анна НефедоваПадаваць з узбітымі вяршкамі
Черный кофе, сваренный в джезве на песке, особенно вкусный  - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Падаваць з узбітымі вяршкамі
Як гатаваць. Расцерці 100 г шакаладу, змяшаць са шклянкай бульбяной мукі, развесці гэта шклянкай халоднага малака, каб не было камячкоў. Закіпяціць 5 шк. малака з 0,75 шк. цукру і ўліваць патроху разведзены шакалад, мяшаючы лыжкай, пакуль не пачне адставаць ад сценак рондаля. Выліць у форму, спаласнутую вадой і пасыпаную цукрам, і паставіць на холад.
Падаваць з узбітымі вяршкамі.

Пірог "Цмок"

З чаго гатаваць:
3 шк. пшанічнай мукі,
20 г дражджэй,
1 шк. малака,
100 г сметанковага масла,
3 яйкі,
разынкі (мак),
150 г цукру,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Свежыя дрожджы накрышыць, дадаць 1 ч. л. цукру і добра расцерці, змяшаць з цёплым малаком, усыпаць палову мукі, замясіць цеста, пасыпаць тоўстым слоем мукі, накрыць ільняной сурвэткай і паставіць у цёплае месца.
Пасля таго, як цеста паднімецца, дадаць рэштку мукі, соль, расцёртыя з цукрам і маслам жаўткі, старанна вымесіць, у канцы замесу дадаць узбітыя бялкі. Паверхню цеста, каб не пакрылася скарынкай, варта змазаць тлушчам і даць падысці яшчэ раз.
Далей фарміруем "цмока". Раскачанае на стальніцы цеста пасыпаюць загадзя замочанымі разынкамі (расцёртым з цукрам макам) і скручваюць у рулет. Рулеты ў выглядзе "цмока" выкладаюць на бляху, змазваюць жаўтком і выпякаюць.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяТой самы пірог Цмок
Той самы пірог Цмок - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Той самы пірог Цмок

Баба на хуткую руку (паводле Вінцэнты Завадскай)

З чаго гатаваць:
10 яек,
1 шк. вяршкоў,
80 г дражджэй,
1 шк. масла,
1 шк. цукру,
скурка лімона (крыху горкага міндалю),
30-50 мл віна,
мука,
паніровачныя сухары.
Як гатаваць. Узбіць 10 яек цалкам, дадаць шклянку вяршкоў, дрожджы, шклянку масла, дробна пасечаную скурку лімона (трохі горкага міндалю) з кілішкам (30-50 мл) віна. Мукі ўсыпаць столькі, каб цеста было рэдкім (як на вафлі) і вымешваць паўгадзіны. Уліць гэтае цеста ў форму, вышмараваную маслам і абсыпаную сухарамі, паставіць у цёплае месца. Калі падымецца – асцярожна паставіць у печ (духоўку) і выпякаць каля гадзіны.
Вясёлых свят, шчодрага Новага года і сытага ды лагоднага да людзей Цмока!
© Sputnik / Максим Богодвид / Перайсці ў медыябанкФігурка кітайскага цмока
Фигура дракона на лодке - Sputnik Беларусь, 1920, 28.12.2023
Чытайце таксама:
Кулінарная машына часу, або Святкуем Новы год смачна
"Дзед цукеркі раздае ды смяецца ў вусы…": вершы пра Новы год
"У Піліпаўку дзень – да палудня…", або Кулінарныя вынаходкі ў Калядны пост
Стужка навiн
0