https://bel.sputnik.by/20241102/zhytsts--vershy-maksma-luzhanna-na-darozhnykh-razvlkakh-sveyuts-padann-1068641627.html
Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…"
Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…"
Sputnik Беларусь
2 лістапада адзначаецца дзень нараджэння аднаго з самых лірычных паэтаў Беларусі. Знаёмцеся ў матэрыяле Sputnik з біяграфіяй і незабыўнымі вершаванымі радкамі... 02.11.2024, Sputnik Беларусь
2024-11-02T09:32+0300
2024-11-02T09:32+0300
2024-11-02T09:32+0300
максім лужанін
паэзія
беларуская літаратура
вершы
вершы на беларускай мове
вершы пра каханне
вершы пра беларусь
вершы пра радзіму
вершы пра восень
ад барадуліна да хадановіча: вершы на беларускай мове
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e6/0b/02/1068642753_0:117:954:654_1920x0_80_0_0_4c89750649dec08385147a7757571e3d.jpg
Паэзія, поўная касмізму, жыццёвай драмы і незвычайных лірычных знаходак – такая спадчына засталася беларускай зямлі ад творцы, які перажыў некалькі войнаў, несправядлівае пакаранне і дачакаўся прыжыццёвага прызнання, – Максіма Лужаніна.Спачатку быў "Маладняк"Аляксандр Амвросьевіч Каратай (а гэта сапраўднае імя паэта) нарадзіўся 2 лістапада 1909 года. Выхадзец з сялянскай сям’і з дзяцінства зведаў цяжкасці вясковага жыцця і непростыя ўмовы існавання сялянства ў часы Першай сусветнай вайны. Але ж з дзяцінства меў моцную волю і вялікае жаданне пазнаваць свет. Дзякуючы гэтаму, а пэўна яшчэ і таму, што родны бацька служыў дзякам у Прускай царкве (в. Прусы Слуцкага павета), хлопчык рана навучыўся чытаць.Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў 1924-1928 гадах у Мінскім беларускім педагагічным інстытуце. Якраз падчас навучэння ўпершыню быў надрукавы верш Максіма Лужаніна – "Звоніць восень". Дарэчы, тэма восені, да якой пазней далучыліся і ноткі касмізму, стала для маладога паэта адной з самых любімых.Да гэтага часу адносіцца і такі цікавы факт: Аляксандр Каратай паступова становіцца вядомым чытачу не толькі пад іменем Максіма Лужаніна. Рэдка сустрэнеш чалавека, які меў столькі творчых псеўданімаў. Так, беларусы знаёміліся з радкамі М. Бусловіча, Ал. Даведкі, Міколы Драча, Л. Трыера і нават "Шаўцоў". Праўда, апошні псеўданім быў калектыўным, бо пад ім акрамя Лужаніна друкаваліся Пятро Глебка і Паўлюк Трус.Нягледзячы на складаны посткастрычніцкі час, неверагоднае натхненне ішло поплеч з вучобай. Знаёмства з іншымі маладымі літаратарамі прывяло пачынаючага паэта ў легендарнае творчае аб’яднанне "Маладняк". Буйны росквіт паэтычнага асяроддзя аказаў значны ўплыў на Лужаніна. Менавіта ў гэтыя гады фарміруюцца яго эмацыянальныя лірычныя перавагі, навеяныя подыхам рамантызму і жыцёвымі чаканнямі. Такім чынам ужо праз тры гады пасля першага друкаванага верша паэта, у 1928 годзе, свет пабачыў і першы зборнік Лужаніна "Крокі", аб якім станоўча адзываліся Янка Купала і Цішка Гартны."Мой край азёрны...": шляхамі паэзіі Петруся Броўкі >>>Наступныя тры гады прайшлі за вучобай у БДУ, і ўжо ў 1931 годзе Лужанін прыступіў да працы ў часопісе вядомага літаб'яднання "Узвышша", дзе друкаваліся Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Змітрок Бядуля, Язэп Пушча і інш., а таксама на Беларускім радыё. У самым пачатку 30-х з’яўляюцца наступныя зборнікі з вершамі і паэмамі паэта: "Неаплачаны рахунак", "Галасуе вясна за вясну", "Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!", "Аднагалосна", "Першамайская вуліца" і "Галасы гарадоў".Ссылка і вайнаНечакана ў жыццё і творчасць маладога паэта ўварваўся драматычны віхор – 15 сакавіка 1933 года Максім Лужанін быў раптоўна арыштаваны па справе "Беларускай народнай грамады" і 10 жніўня асуджаны да 2 гадоў ссылкі ў Кемераўскай вобласці. Варта адзначыць, што паэт быў рэабілітаваны толькі ў жніўні 1956 года.Абазначаныя падзеі наклалі свой цяжкі адбітак на творчы шлях Лужаніна. З 1935 па 1941 гг. паэт становіцца рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве, і ў гэты час амаль нічога з яго твораў не выдаецца.Лёс і творчая спадчына Ніла Гілевіча: "Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!.." >>>Неўзабаве прыйшло наступнае жыццёвае выпрабаванне – чарговая вялікая вайна. Гады Вялікай Айчыннай Максім Лужанін правёў на фронце, удзельнічаў і ў Сталінградскай бітве, і ў іншых баях, вынікам чаго ўжо ў 1945-м пераможным годзе з’явіўся зборнік твораў ваеннай тэматыкі "Шырокае поле вайны". У 1944 годзе Лужанін быў прызначаны загадчыкам аддзела культуры газеты "Звязда" і адказным сакратаром знакамітага часопіса "Вожык".Паэт, перакладчык, сцэнарыстМаксіма Лужаніна звязвала сяброўства з многімі вядомымі літаратарамі таго часу, ды найбольш цесныя адносіны захаваліся менавіта з Якубам Коласам. І справа не толькі ў тым, што ў пасляваенны час Лужанін быў рэферэнтам АН БССР, сакратаром Якуба Коласа. Два паэты былі знаёмыя ўжо досыць доўгі час, разам ездзілі па грыбы, бо былі зацятымі грыбнікамі, а таксама адначасова адзначалі трайны дзень нараджэння – жонка Лужаніна паэтэса Яўгенія Пфляўмбаўм з’явілася на свет 1 лістапада, сам Лужанін – 2-га, а Якуб Колас – 3-га.Трэба адзначыць, што Максім Лужанін быў вельмі разнастайнай творчай асобай. Гэта датычыцца і асабістых вершаў, і перакладаў твораў іншых знакамітых пісьменнікаў і паэтаў.Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…" >>>Так, напрыклад, Лужанін перакладаў Максіма Горкага ("Жыццё Кліма Самгіна"), Аляксандра Грыбаедава ("Гора ад розуму"), Мікалая Гогаля ("Вечары на хутары ля Дзіканькі"), Аляксандра Фадзеева ("Маладую гвардыю"), Міхаіла Шолахава ("Яны змагаліся за Радзіму"), а таксама асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Івана Буніна, Юліяна Тувіма, Уладзіміра Маякоўскага, Яраслава Смелякова і інш.Пісаў Лужанін і сцэнарыі да кінастужак. А гэта і сцэнарый мастацкага фільма па п’есе Янкі Купалы "Паўлінка", і дакументальнай стужкі "Народны паэт", а таксма сцэнарны дуэт з Аркадзем Куляшовым да мастацкіх фільмаў "Першыя выпрабаванні", "Запомні гэты дзень"...Дарэчы, Максім Лужанін з 1959 года быў членам сцэнарнай калегіі, а у 1967-1972 гадах займаў пасаду галоўнага рэдактара кінастудыі "Беларусьфільм".Пасляваенныя творы Максіма Лужаніна прасякнуты грамадзянскай лірыкай і неўміручым рамантызмам. У гэты час свет пабачылі паэтычныя зборнікі з вершамі і паэмамі "Поступ" (1950), "Святло Радзімы" (1952), "Моваю сэрца" (1955), "Прасторы" (1958), "Росы на коласе" (1973), "Прага крыла" (1974), "Як нараджаўся новы свет" (1975), "Лявоніха" (1977)."Быў гэта толькі сумны сон…": шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі >>>Да гэтага перыяду адносяцца і празаічныя кнігі: "Колас расказвае пра сябе" (1964), "Дванаццаць вячорных вогнішчаў" (1968), "Людзі, птушкі, прастор" (1976) і інш. Дарэчы, за кнігу-эсэ пра Коласа ў 1965 годзе паэт быў удастоены літаратурнай прэміі імя песняра.Крокі ў вечнасцьПачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя творчасць Максіма Лужаніна набывае больш філасофскія рысы. Неверагоднасць жыццёвых колераў адбіваецца ў касмізме вечнага існавання светлых пачуццяў і неўміручасці паэзіі. Сведчанне таму – кнігі "Галасы пад выраем" (1980), "Паразмаўляй са мной, зямля" (1983), "Вярнуся ветрам" (1987) і шматлікія вершы, напісаныя ў 90-я.Пакінуў гэты свет Максім Лужанін 13 кастрычніка 2001 года.Паэзія праз усё жыццё… Менавіта такім літаратарам, які нёс светач лірызму і дабрыні, і быў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1969) і заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975) Максім Лужанін.Чытайце падборку лірычных вершаў на Sputnik.Чытайце таксама:
беларусь
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
2024
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
Навіны
ru_BY
Sputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
https://cdnn11.img.sputnik.by/img/07e6/0b/02/1068642753_0:28:954:744_1920x0_80_0_0_2913bcd53115ab2986d864faf5e3721d.jpgSputnik Беларусь
media@sputniknews.com
+74956456601
MIA „Rossiya Segodnya“
максім лужанін вершы пра радзіму беларусь каханне восень лірыка прырода жыццё біяграфія паэт паэзія культура спадчына беларуская літаратура максим лужанин стихи про родину любовь природа осень лирика жизнь биография поэт поэзия наследие белорусская литература
максім лужанін вершы пра радзіму беларусь каханне восень лірыка прырода жыццё біяграфія паэт паэзія культура спадчына беларуская літаратура максим лужанин стихи про родину любовь природа осень лирика жизнь биография поэт поэзия наследие белорусская литература
Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…"
2 лістапада адзначаецца дзень нараджэння аднаго з самых лірычных паэтаў Беларусі. Знаёмцеся ў матэрыяле Sputnik з біяграфіяй і незабыўнымі вершаванымі радкамі Аляксандра Каратая, працятымі восеньскім цяплом і разважаннямі пра спрадвечнае.
Паэзія, поўная касмізму, жыццёвай драмы і незвычайных лірычных знаходак – такая спадчына засталася беларускай зямлі ад творцы, які перажыў некалькі войнаў, несправядлівае пакаранне і дачакаўся прыжыццёвага прызнання, – Максіма Лужаніна.
Аляксандр Амвросьевіч Каратай (а гэта сапраўднае імя паэта) нарадзіўся 2 лістапада 1909 года. Выхадзец з сялянскай сям’і з дзяцінства зведаў цяжкасці вясковага жыцця і непростыя ўмовы існавання сялянства ў часы Першай сусветнай вайны. Але ж з дзяцінства меў моцную волю і вялікае жаданне пазнаваць свет. Дзякуючы гэтаму, а пэўна яшчэ і таму, што родны бацька служыў дзякам у Прускай царкве (в. Прусы Слуцкага павета), хлопчык рана навучыўся чытаць.
Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў 1924-1928 гадах у Мінскім беларускім педагагічным інстытуце. Якраз падчас навучэння ўпершыню быў надрукавы верш Максіма Лужаніна – "Звоніць восень". Дарэчы, тэма восені, да якой пазней далучыліся і ноткі касмізму, стала для маладога паэта адной з самых любімых.
Да гэтага часу адносіцца і такі цікавы факт: Аляксандр Каратай паступова становіцца вядомым чытачу не толькі пад іменем Максіма Лужаніна. Рэдка сустрэнеш чалавека, які меў столькі творчых псеўданімаў. Так, беларусы знаёміліся з радкамі М. Бусловіча, Ал. Даведкі, Міколы Драча, Л. Трыера і нават "Шаўцоў". Праўда, апошні псеўданім быў калектыўным, бо пад ім акрамя Лужаніна друкаваліся Пятро Глебка і Паўлюк Трус.
Нягледзячы на складаны посткастрычніцкі час, неверагоднае натхненне ішло поплеч з вучобай. Знаёмства з іншымі маладымі літаратарамі прывяло пачынаючага паэта ў легендарнае творчае аб’яднанне "Маладняк". Буйны росквіт паэтычнага асяроддзя аказаў значны ўплыў на Лужаніна. Менавіта ў гэтыя гады фарміруюцца яго эмацыянальныя лірычныя перавагі, навеяныя подыхам рамантызму і жыцёвымі чаканнямі. Такім чынам ужо праз тры гады пасля першага друкаванага верша паэта, у 1928 годзе, свет пабачыў і першы зборнік Лужаніна "Крокі", аб якім станоўча адзываліся Янка Купала і Цішка Гартны.
Наступныя тры гады прайшлі за вучобай у БДУ, і ўжо ў 1931 годзе Лужанін прыступіў да працы ў часопісе вядомага літаб'яднання "Узвышша", дзе друкаваліся Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Змітрок Бядуля, Язэп Пушча і інш., а таксама на Беларускім радыё. У самым пачатку 30-х з’яўляюцца наступныя зборнікі з вершамі і паэмамі паэта: "Неаплачаны рахунак", "Галасуе вясна за вясну", "Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!", "Аднагалосна", "Першамайская вуліца" і "Галасы гарадоў".
Нечакана ў жыццё і творчасць маладога паэта ўварваўся драматычны віхор – 15 сакавіка 1933 года Максім Лужанін быў раптоўна арыштаваны па справе "Беларускай народнай грамады" і 10 жніўня асуджаны да 2 гадоў ссылкі ў Кемераўскай вобласці. Варта адзначыць, што паэт быў рэабілітаваны толькі ў жніўні 1956 года.
Абазначаныя падзеі наклалі свой цяжкі адбітак на творчы шлях Лужаніна. З 1935 па 1941 гг. паэт становіцца рэдактарам Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве, і ў гэты час амаль нічога з яго твораў не выдаецца.
Неўзабаве прыйшло наступнае жыццёвае выпрабаванне – чарговая вялікая вайна. Гады Вялікай Айчыннай Максім Лужанін правёў на фронце, удзельнічаў і ў Сталінградскай бітве, і ў іншых баях, вынікам чаго ўжо ў 1945-м пераможным годзе з’явіўся зборнік твораў ваеннай тэматыкі "Шырокае поле вайны". У 1944 годзе Лужанін быў прызначаны загадчыкам аддзела культуры газеты "Звязда" і адказным сакратаром знакамітага часопіса "Вожык".
Паэт, перакладчык, сцэнарыст
Максіма Лужаніна звязвала сяброўства з многімі вядомымі літаратарамі таго часу, ды найбольш цесныя адносіны захаваліся менавіта з Якубам Коласам. І справа не толькі ў тым, што ў пасляваенны час Лужанін быў рэферэнтам АН БССР, сакратаром Якуба Коласа. Два паэты былі знаёмыя ўжо досыць доўгі час, разам ездзілі па грыбы, бо былі зацятымі грыбнікамі, а таксама адначасова адзначалі трайны дзень нараджэння – жонка Лужаніна паэтэса Яўгенія Пфляўмбаўм з’явілася на свет 1 лістапада, сам Лужанін – 2-га, а Якуб Колас – 3-га.
Трэба адзначыць, што Максім Лужанін быў вельмі разнастайнай творчай асобай. Гэта датычыцца і асабістых вершаў, і перакладаў твораў іншых знакамітых пісьменнікаў і паэтаў.
Так, напрыклад, Лужанін перакладаў Максіма Горкага ("Жыццё Кліма Самгіна"), Аляксандра Грыбаедава ("Гора ад розуму"), Мікалая Гогаля ("Вечары на хутары ля Дзіканькі"), Аляксандра Фадзеева ("Маладую гвардыю"), Міхаіла Шолахава ("Яны змагаліся за Радзіму"), а таксама асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Мікалая Някрасава, Івана Буніна, Юліяна Тувіма, Уладзіміра Маякоўскага, Яраслава Смелякова і інш.
Пісаў Лужанін і сцэнарыі да кінастужак. А гэта і сцэнарый мастацкага фільма па п’есе Янкі Купалы "Паўлінка", і дакументальнай стужкі "Народны паэт", а таксма сцэнарны дуэт з Аркадзем Куляшовым да мастацкіх фільмаў "Першыя выпрабаванні", "Запомні гэты дзень"...
Дарэчы, Максім Лужанін з 1959 года быў членам сцэнарнай калегіі, а у 1967-1972 гадах займаў пасаду галоўнага рэдактара кінастудыі "Беларусьфільм".
Пасляваенныя творы Максіма Лужаніна прасякнуты грамадзянскай лірыкай і неўміручым рамантызмам. У гэты час свет пабачылі паэтычныя зборнікі з вершамі і паэмамі "Поступ" (1950), "Святло Радзімы" (1952), "Моваю сэрца" (1955), "Прасторы" (1958), "Росы на коласе" (1973), "Прага крыла" (1974), "Як нараджаўся новы свет" (1975), "Лявоніха" (1977).
Да гэтага перыяду адносяцца і празаічныя кнігі: "Колас расказвае пра сябе" (1964), "Дванаццаць вячорных вогнішчаў" (1968), "Людзі, птушкі, прастор" (1976) і інш. Дарэчы, за кнігу-эсэ пра Коласа ў 1965 годзе паэт быў удастоены літаратурнай прэміі імя песняра.
Пачынаючы з 80-х гадоў мінулага стагоддзя творчасць Максіма Лужаніна набывае больш філасофскія рысы. Неверагоднасць жыццёвых колераў адбіваецца ў касмізме вечнага існавання светлых пачуццяў і неўміручасці паэзіі. Сведчанне таму – кнігі "Галасы пад выраем" (1980), "Паразмаўляй са мной, зямля" (1983), "Вярнуся ветрам" (1987) і шматлікія вершы, напісаныя ў 90-я.
Калісьці беларускі паэт Анатоль Вярцінскі выказаўся пра таленты Лужаніна: "За што б ён ні браўся – ўсюды, і ў прозе, і ў кінадраматургіі, перш за ўсё адчуваецца, што аўтар гэтых твораў – паэт".
Пакінуў гэты свет Максім Лужанін 13 кастрычніка 2001 года.
Паэзія праз усё жыццё… Менавіта такім літаратарам, які нёс светач лірызму і дабрыні, і быў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1969) і заслужаны дзеяч культуры Польскай Народнай Рэспублікі (1975) Максім Лужанін.
Чытайце падборку лірычных вершаў на Sputnik.
* * *
…Асеннія дні. Чырванее рабіна,
І просіцца з купіны ў рот журавіна.
Я гэтай празрыстаю, яснай парою
Ніяк не дараджу, дзе дзецца з сабою.
Уночы не спіш, дачакаешся рання –
І цягне і вабіць на шлях вандраванне!
Напэўна, напэўна за тым небакраем
Рака маладосці з бароў выбягае.
Іду і тапчу туманок вераснёвы,
І сонца ўсплывае лісцінай пунсовай.
Ніколі не бачыў, ніколі не быў,
Ніколі так моцна зямлі не любіў!
* * *
Вецер тузае ў небе вяроўкі дажджоў,
Біла восені бомкае ў лісце мядзянае.
Я далёка ад дому. Чакаю лістоў,
Хоць самому не верыцца ў неспадзяванае.
І ніякай уцехай не ўцішыш згрызот,
Што, відаць, не папраўдзе я лёсам абдзелены.
Не са мною на поўнач ідзе самалёт,
Дзе ўсміхаецца мара мая ненадзейная.
Не паклічаш назад, не схаваеш у спрат…
Хай табе пасміхаецца, хай забываецца!
Я збяднеў на цябе і табою багат:
Прамінула тваё, а маё не мінаецца.
* * *
Галлё шуміць… Як дзень, так ноч
За вокнамі хістаецца,
З вятрамі сварыцца яно,
І з лістам ліст спрачаецца.
І я ўлагоджваю вятры,
Міру лісты апошнія,
Палю асеннія кастры
І зоры наддарожныя.
А можа, згледзеўшы здалёк
Душа душы паклоніцца,
Падхопіць зыркі вугалёк
Мае лясной бяссонніцы.
* * *
Зноў ажыны паўзуць па зямлі.
Серп аджаўся і свеціць акрайцам.
Дзе ж вы тупалі, дні, дзе былі?
Ужо бусел за мора пабраўся.
І за выраем – з хат, па імхах
Позні верасень курыць дымкамі…
А якая мне трэба страха,
А якіх падарожжаў шукаю?
Каб жа ведаць! Спакой і віхор
Лёс няроўнаю мераю мераў:
Б’ешся, рвеш акіянскі прастор,
А вяртаешся шумай на бераг.
* * *
Каб выпадкам лёс дазволіў
Мне шляхі наноў абраць,
Ні за што, нідзе, ніколі
Не шукаў бы лепшых, брат,
Чымся весці лёт бунтоўны
Па нятораных, вандроўных,
Па-над прорвамі хрыбтах,
Дзе глядзіш са стромай кручы
На прастор, што не прыручан, –
І крыла дужэе ўзмах.
* * *
Калі вы даспееце ў свеце
да светлага чыну такога:
Ніхто на хаду не ўздымае,
ты ўласнаю воляю рушыш,
Вам будзе нядоўгай і лёгкай
да сонца любога дарога,
І стануць бяссмертнымі думы,
і стануць відушчымі душы.
* * *
Курыць надранішні прастор,
А я пад Шляхам Млечным
Іду, міргаюць вокны зор,
Адкуль цікуе вечнасць.
Здаецца, ходзіш так даўно
Па падваконню ў сонцаў,
Што мог бы стаць і сам акном
У вечнасць, у бясконцасць.
* * *
Некалі жыў адною
Думкай – і ўноч, і ўдзень, –
Хто ж там ідзе за мною,
Ці толькі ўласны цень?
Ці ўжо зусім не будзе
Гэткага, што б гукаў:
– Не занядбайце, людзі,
Продкам пачатых спраў!
Прымаразкам разводдзе
Скута, як шкло ў акне.
Сэрца на гэтым лёдзе
Не пакаўзнецца, не!
Чую, ўжо вырастае
Той, хто прыме зямлю.
Не пазнаю, не знаю,
Бачу яго, люблю.
Хай сабе непадобны
Ён да мяне і вас,
Святлейшы і болей добры –
Яму дазваляе час.
Вырас на мне карэннем,
Піў з нашых чыстых рэк,
Мае маё сумленне
Век той і чалавек.
* * *
Усё жыццё – усё адно:
Жыць у трызні, у парыванні,
Хапаць пяро, трывожыць ранне,
Аблётваць светы праз акно.
Яшчэ хвіліна – і радкі! –
Паўнавабранцы, паўсалдаты
Нязграбна робяць крок на хату
З прастораў сэрца напрасткі.
І – цуд! Наблізілася нейк,
Здалёк паўстала тая любасць…
Над светам – ноч, над тварам – губы,
Над Белай Вежай – першы снег.
* * *
Толькі вока заплюшчу,
Лячу за віхурай
З Белавежскае пушчы
У восеньскі Тураў.
На дарожных развілках
Сівеюць паданні
Аб народных асілках,
Народных паўстаннях.
Дрэмле ціхае месца.
Буяюць ажыны,
Мы тут вогнішча сэрцаў
Сваіх разлажылі.
І гарэў тры прадвесні
Касцёр партызанскі.
…Не даспевана песня,
Не складзена казка.
Але сэрцы – пад прыскам,
Яны не сатлелі, –
З той нязгаснаю іскрай
Той першай нядзелі.
Вы нас, добрыя людзі,
Для свят не шчадзіце,
А спатрэбіцца – ў будзень
Агонь разадзьміце.
Грыбныя прыкметы і вершы: "Налезла ў кошык верасовых па кулаку баравікоў…"
"Пажоўклых клёнаў ціхае святло…":
вершы пра восень