Подзвіг грамадзянскасці ў лёсе і вершах Цішкі Гартнага: "Я аддаў бы усё старане…"

Цішка Гартны - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2024
Падпісацца
Сёння спаўняецца 137 гадоў з дня нараджэння самабытнага беларускага паэта і першага кіраўніка ўрада савецкай Беларусі.
Беларуская вёска… Колькі выпрабаванняў выпала на яе долю, колькі нягод перажыла яна падчас прыгнёту, рэвалюцый, войн і пасляваеннага аднаўлення. Але ж цярпенне, як і памяркоўнасць – фундаментальныя рысы беларускага народнага характару. Яны заўсёды дапамагалі выжываць, зноў і зноў адбудоўваючы сваю краіну і нараджаючы новыя пакаленні, што памятаюць сваю гісторыю і шануюць продкаў. Бо продкі і гісторыя – гэта спрадвечныя сінонімы ў народнай душы. Роўна як зямля і мова.
Да паэтычнай і грамадзянскай спадчыны, якую пакінуў пасля сябе Цішка Гартны, звяртайцеся ў матэрыяле Sputnik.

"Улетку пасвіў скаціну.., а ўзімку вучыўся "

23 кастрычніка па старому стылю 1887 года ў звычайнай сялянскай сям’і Жылуновічаў, што пражывала ў вёсцы Копыль, нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Дзмітрый. На жаль, бацька не меў свайго зямельнага надзелу, а маці прала і сыходзіла час ад часу на сезонныя работы. У такіх умовах хлопчык з маленства прызвычаіўся да цяжкай працы, каб зарабіць на жыццё. І толькі непрацяглы вольны час мог аддаваць з юнацкай гарачынёй вучобе.
Ужо пазней, Дзмітрый Фёдаравіч Жылуновіч (а гэта сапраўднае імя Цішкі Гартнага) напіша ў сваёй аўтабіяграфіі: "…бацька аддаў мяне пастухом у мястэчка... Улетку пасвіў скаціну ў полі, а ўзімку вучыўся".
Толькі ў 1905 годзе, у 18-гадовым узросце, будучы паэт і палітык скончыў на сваёй малой радзіме двухкласную школу. Ды зноў сышоў на працу – ў гарбарную майстэрню.
Праз некалькі гадоў, успамінаючы няпростае дзяцінства, Цішка Гартны напіша многа вершаваных радкоў, якія можна было б аб’яднаць ў адзіны цыкл сялянскай элегіі, бо многія з іх прасякнуты бязвыхаднасцю і сумам, як, напрыклад, наступныя:

"Цяжка жыць без долі,
Што рабіць – не знаю;
Хіба на свет выйду,
Долі пашукаю.

Выйду пад гаёчак,
Крыкну на ўсё поле:
Дзе так запрапала
Ты, без сэрца, доля?!"

Ад рэвалюцыянера да галавы ўрада

Віхура рэвалюцыйных падзей пачатку 20-га стагоддзя не абмінула сваім подыхам маладога гарбара. Так, ужо вясной 1906-га Дзмітрый Жылуновіч стаў сябраваць з мясцовай ячэйкай РСДРП ды прымаў удзел у рэвалюцыйным руху.
Неўзабаве, калі народныя хваляванні пачалі згасаць, юнак з палымяным сэрцам і сціплым позіркам у пошуках работы аб'ездзіў-абхадзіў амаль усю Беларусь, а таксама многія мястэчкі Украіны і Літвы. Але хутка Жылуновіч вярнуўся да партыйнай працы, дарэчы, удзельнічаў у выданні журналаў РСДРП, напісаных ад рукі.
Вандроўка з лірычным геніем Якуба Коласа: "Выходзіць сонца ў свой абход…" >>>
Адметны факт, што адбіўся на яго лёсе як грамадскага дзеяча і паэта: першы друкаваны верш "Бяздольны", які пабачыў свет ў 1908 годзе ў газеце "Наша Ніва", пацягнуў за сабой шматлікія разважанні і думкі грамадзянскай накіраванасці, што ўвасобіліся ў далейшых творах. На гэткай эмацыянальнай юнацкай хвалі на кніжных паліцах з’яўляецца першы зборнік паэта, а Беларусь урэшце знаёміцца з постаццю новага творцы – Цішкай Гартным.
Праз год – у 1914-м – Гартны пачынае карпатлівую працу над раманам "Сок цаліны", якому было наканавана стаць першым творам у беларускай літаратуры з новым для таго часу героем – завадскім працаўніком, які змагаецца за лепшую будучыню. І за прыкладам далёка не спатрэбілася хадзіць – сам Жылуновіч у гэты перыяд працуе на заводах спачатку "Вулкан", а потым "Айваз" у Петраградзе, у якім вядзе прапагандысцкую працу сярод бежанцаў-беларусаў, што былі вымушаны ратавацца ад жахаў Першай Сусветнай вайны. Канчаткова праца над раманам будзе скончана толькі ў 1929 годзе, хаця упершыню ён знойдзе свайго чытача ўжо ў 1922-м.
Здабыткі Кастрычніцкай рэвалюцыі Цішка Гартны прыняў з усёй грамадзянскай адказнасцю і рашучасцю. У хуткім часе, знайшоўшы падтрымку ў Леніна і Сталіна, Жылуновіч становіцца ля вытокаў стварэння савецкай беларускай дзяржаўнасці. У пачатку 1919 года, калі была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, Дзмітрый Жылуновіч прызначаецца старшынёй Часовага рабоча-сялянскага ўрада.

Асвета. Арышт. Вечнасць.

Пасля часовага палітычнага ўзлёту Жылуновіч больш часу стараецца аддаваць творчай працы. 20-я – 30-я гады – вельмі насычаны перыяд яго жыцця, што звязана, перш за ўсё, з яго пасадамі ў тагачасных СМІ: у 1920 годзе Цішка Гартны працаваў галоўным рэдактарам газеты "Работніцка-сялянская Беларусь" і рэдактарам выдання "Савецкая Беларусь", у 1922 – рэдактарам у часопісе "Полымя".
Жыццё і вершы Максіма Лужаніна: "На дарожных развілках сівеюць паданні…" >>>
У гэты ж час Дзмітрый Жылуновіч не пакідае грамадскай асветніцкай і дзяржаўнай працы. Ён узначальвае Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў рэспублікі, працуе намеснікам народнага камісара асветы, а таксама займае пасаду старшыні Галоўмастацтва.
Пазней уваходзіў Жылуновіч і ў прэзідыум Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта), ды неўзабаве стаў акадэмікам АН БССР, дзе працаваў у інстытуце гісторыі і кіраваў акадэмічным выдавецтвам. Да 1931 года таксама ўваходзіў у ЦВК рэспублікі.
Цішка Гартны меў моцнае памкненне аб’яднаць беларусаў, якіх падзеі некалькіх дзесяцігоддзяў раскідалі па розных краінах. З гэтай нагоды ён не аднойчы наведваў Берлін, а ў 1927 годзе здзейсніў вялікую вандроўку ў Еўропу разам з Янкам Купалам, Міхасём Чаротам і Міхасём Зарэцкім. У тым жа годзе было жаданне арганізаваць Усебеларускую федэрацыю пісьменнікаў і паэтаў, але паўсталі пэўныя перашкоды з боку літаб’яднання "Маладняк".
Пачатак 30-х Гартны сустрэў аповесцю "Зялёны шум" і раманам "Перагуды", прысвяціўшы іх новаму сялянскаму будаўніцтву.
Лёс і творчая спадчына Ніла Гілевіча: "Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!.."
Аднак у 1931 годзе Жылуновіча раптоўна выключаюць з ВКП(б) з фармуліроўкай "за сувязь з… нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі". Неверагодна, але грамадская дзейнасць паэта была неадназначна ўспрынята саратнікамі па партыі. І гэта нягледзячы на тое, што Цішка Гартны амаль адзін з першых літаратараў у Беларусі, хто выступіў з апавяданнямі на антыфашысцкую тэматыку.
Яшчэ праз пяць гадоў паэта арыштоўваюць. У выніку такіх падзей Жылуновіч пападае з-пад арышта ў псіхіятрычную бальніцу і ў 1937 годзе, па адной з версій, здзяйсняе самагубства. Рэабілітаваны паэт быў двойчы: у грамадзянска-прававых адносінах у 1955 годзе, цалкам – толькі ў 1987-м.
Так завяршыўся жыццёвы і творчы шлях Цішкі Гартнага. Але і дагэтуль радкі, напісаныя ім, захоўваюць гістарычную і духоўную памяць беларускага народа і здольны абуджаць лепшыя грамадзянскія пачуцці. У гэтым подзвіг яго няпростага, драматычнага жыцця. Нездарма яшчэ ў далёкім 1923 годзе пленум ЦК КП(б)Б выдаў пастанову, у якой планавалася надаць творцы ганаровае званне Народнага паэта Беларусі. І хоць да выканання гэтай пастановы справа не дайшла, і да сённяшнага часу паэт па праве, а не на падставе прызначэння, застаецца народным.
Да юбілею Цішкі Гартнага Sputnik падрыхтаваў падборку асобных твораў з яго паэтычнай спадчыны.
© Sputnik / Альфред Микус...Я аддаў бы усё старане, / Старане сваёй роднай і мілай!
Осень в Беларуси - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
...Я аддаў бы усё старане, / Старане сваёй роднай і мілай!

* * *

Мець бы жыццё бессмяротнае мне,
Мець бы вечныя свежыя сілы;
Я аддаў бы усё старане,
Старане сваёй роднай і мілай!

На кускі, на крупінкі, як пыл,
З кожным днём я б па ёй разлятаўся
І часціны нязмераных сіл
Ў кожным месцы даваць бы стараўся.

А дзе трэба было б заплаціць
Дзеля шчасця народа сабою,
Я хутчэй пастараўся б там быць
І сваёй адкупіцца душою…

І так з году ў год, да тых дзён,
Па кусочку б ў ахвяру я клаўся,
Пакуль цяжкае долі праклён
З стараною маёю расстаўся.

Каб жыццё бессмяротнае мець,
Каб мне вечную свежую сілу,
Я аддаў бы усё старане,
Старане сваёй роднай і мілай!

© Sputnik / Виктор ТолочкоДружна з ахвотай, / Гэй, да работы, / Брацця, скарэй!..
Уборочная в Минске - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Дружна з ахвотай, / Гэй, да работы, / Брацця, скарэй!..

* * *

Дружна з ахвотай,
Гэй, за работу,
Брацця, скарэй!

З песняю зычнай
Ў працы прывычнай
Будзе спарней.

Гора з нядоляй
Не знойдуць патолі
Болей сродзь нас;

Весела й хутка,
Мінута ў мінутку
Сойдзе нам час.

Ў стуку і груку
Забудзем мы муку
Працы сваёй.

Шчыра і смела
Гайда да дзела
Цеснай сям’ёй.

Там, дзе цярпенне
Родзіць імкненне –
Стане расці

Семя жывое
Шчасця людскога
Ў нашым жыцці.

Дружна з ахвотай,
Гэй, да работы,
Брацця, скарэй!

Праца рупная
Хай прывітае
Нас ўсіх хутчэй…

© Sputnik / Владимир Сергеев / Перайсці ў медыябанкЎзышоў месяц і паўкругам / Ў цёмным небе засвяціўся...
Луна: первая фаза - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Ўзышоў месяц і паўкругам / Ў цёмным небе засвяціўся...

* * *

Ўзышоў месяц і паўкругам
Ў цёмным небе засвяціўся,
Па дубраве і над лугам
Срэбным променем разліўся.

Ў зачарованым адзенні
Спіць трава і спяць кусточкі.
І замёрлі ў шалясценні
Руцяністыя лісточкі.

Ўкрадкай, ціханька гамоне
Мовай свежай і рачыстай,
Нібы грае, нібы звоне,
Ручаёк вадою чыстай.

І ні песні, і ні зыку
Круг-вакол не раздаецца.
Нямой сцішы цыркім блікам
Месяц весела смяецца.

© Sputnik / Юрий Иванов / Перайсці ў медыябанкЗ сярпом скрыжаваўся гартованы молат, / Вялікасць сусвету ў касмічным спляценні...
Концерт, посвященный 60-летию образования СССР - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
З сярпом скрыжаваўся гартованы молат, / Вялікасць сусвету ў касмічным спляценні...

* * *

Над шумным палацам, над курнаю хатай,
Над вуліцай цеснай, над полем прасторным
Вяшчун праляцеў, – агнязыркі, крылаты,
Здарэнняў вялікіх нязменны дазорны.

Бурлівага лёту сляды незмярымы,
Бязмоцным жыццё супыніць завіруху!
Палае агнямі абшар прад вачыма,
Калоцяцца палі ад бурнага руху.

Угору высока, да фарбаў блакіту
Нямоўчнага рэха шыбаюць прыбоі,
Адвечная мука няволі – разбіта,
Паломаны веры заўзентай устоі.

Ракетаю зыркай бліснулі імкненні,
З сярпом скрыжаваўся гартованы молат,
Вялікасць сусвету ў касмічным спляценні
Спусціў да зямлі разняволены волат.

Мільён у адным і адзін у мільёне
Закрэплены гартам завабнае мэты.
З грашыма багач, валадар у кароне, –
Ўрачыстыя песні для вас перапеты!

Глыбока зіяе бяздонне правалу,
Апушчаны нізка пад сонцам завесы,
Дымучай слатою вам выглядзяць галы,
Над днямі былога лёс хмары павесіў.

У вулках вястовых, над вёскай прасторнай
Лунае нязменна ў мірганні бліскучым
Вяшчун агнязыркі – свабоды дазорны, –
Працоўных людзей да Камуны завучы.

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяУ руках / Рэзвы мах, / Праца, як гульня. / Ці з сярпом, / Ці з цапом – / Ўсё пяе яна...
Свята жніва - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
У руках / Рэзвы мах, / Праца, як гульня. / Ці з сярпом, / Ці з цапом – / Ўсё пяе яна...

Беларуска

Як ідзе –
Шнур кладзе
Лёгкае хады.
Роўны стан
Увабран
Стужкаю ўсягды.

Свежы жар
Крые твар –
Свеціцца пагляд.
Валасы
Ў дзве касы
Спушчаны назад.

Паглядзіць –
Адарыць,
Сэрца ўскалыхне.
Падысці
Ў пачуцці
Да яе кожны мкне.

У руках
Рэзвы мах,
Праца, як гульня.
Ці з сярпом,
Ці з цапом –
Ўсё пяе яна.

Ні жуды,
Ні нуды
Ў песнях не чуваць.
Сонца, квет,
Цэлы свет
Рада б абнімаць.

Кожын верць
Паглядзець –
Погін каласоў.
Сіла, рух,
Вольны дух
З поля ды лясоў.

Хто маляр
Яе чар,
Строю, пекнаты?
Край з вякоў
Ніў, лясоў
Беларусь – то ты!

© Sputnik / Фридлянд / Перайсці ў медыябанкНяхай парэжа востры плуг / Абшары гэты на разоры / І збожжа ядрае, бы мора, / Ўхвалюе ветрыкам наўкруг...
Араты - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Няхай парэжа востры плуг / Абшары гэты на разоры / І збожжа ядрае, бы мора, / Ўхвалюе ветрыкам наўкруг...

* * *

Гляджу на поле я, на дол,
На нівы вузкія шнурамі,
Што скрозь ляжаць перад вачамі
Раўнінай чорнаю вакол, –

То плён упартай барацьбы,
Дастатак цяжкага змагання,
Якім валодаюць сяляне,
Нядаўна бедныя рабы…

Цяпер вось мары у жыцці!
Зямля – дзяржаўнае багацце…
Пахайце ж, гэй, яе вы, брацця,
Пасеў вялікі багаціць.

Няхай парэжа востры плуг
Абшары гэты на разоры
І збожжа ядрае, бы мора,
Ўхвалюе ветрыкам наўкруг.

За працу ж ўсе, ўжо час наспеў!
Зямля вызвеўшая чакае,
Калі над ёю залунае
Вясны вялікай ваш пасеў!

© Sputnik / Maksim Blinov / Перайсці ў медыябанк...Пей жа песні, надзея, мне, пей / Аб васкросшай краіне каханай!
Суперлуние, наблюдаемое в Москве - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
...Пей жа песні, надзея, мне, пей / Аб васкросшай краіне каханай!

Да надзеі

Не пакінь ты, надзея, мяне,
На адну не пакінь ты хвіліну,
Дай глыбокаю вераю мне
У васкросшую верыць краіну.

Напаі маю душу віном
Нестрыманай яскравай свабоды
І кажы мне галосна аб том,
Што заззяе яна для народа,

Які сілай панурлівых дней
З непрыветнаю доляй звянчаны…
Пей жа песні, надзея, мне, пей
Аб васкросшай краіне каханай!

© Sputnik / Альфред МикусДзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць, / Між лясоў, / паміж гор, / праз лагчыны...
Туман над рекой - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць, / Між лясоў, / паміж гор, / праз лагчыны...

Роднай краіне

Я люблю гэты вобраз краіны,
Дзе відаць на абшары кругом
Курганы, і пустыя раўніны,
І балоты, зарослыя мхом.

Я люблю гэты вобраз краіны,
Дзе Дзвіна й чысты Нёман плывуць,
Між лясоў,
паміж гор,
праз лагчыны
Свае воды у мора нясуць,

Дзе раскінулісь шэрыя вёскі,
А ў іх родныя песні чутны, –
Песні –
долі людской адгалоскі,
Песні –
жальбы загнанай душы.

Я люблю гэты вобраз бясконца,
Тыя вёскі, балоты, гаі,
Бо радзіўся я ў гэтай старонцы
I памру мо у гэтай зямлі.

© Sputnik / Владимир Вяткин / Перайсці ў медыябанкІ рэжа ён пласты паветра, / Качае хвалямі бары, / З зямлі нясецца ўзвеем ветру / Да стромы цёмнае гары....
Осень в Горном Алтае - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
І рэжа ён пласты паветра, / Качае хвалямі бары, / З зямлі нясецца ўзвеем ветру / Да стромы цёмнае гары....

Звон

З гары высокае званіцы
Званы прызыўна загулі;
І гуд грамовы іх імчыцца
Абшарам соннае зямлі.

Дрыжыць вакол ціша глухая,
Трасе паветра медны гул,
І ўсё, што спіць, ён паднімае
Вакол сябе, і там, і тут.

"Ўставай, хто спіць! – у звоне чутна
Размова гучных важкіх слоў, –
Скідай свой сон, ліхі, атрутны,
Цягучы сон даўгіх вякоў!"

І ўдар за ўдарам шле званіца,
Спушчае ўніз з сваіх прытул
Шарэнгам роўным, стройнай звіцай,
Ўсё болей гучны звонны гул.

І рэжа ён пласты паветра,
Качае хвалямі бары,
З зямлі нясецца ўзвеем ветру
Да стромы цёмнае гары.

Яшчэ мамент, і гудам звону,
Здаецца, неба страсяне
Ды зоў разгорне свой чырвоны
Па ўсёй зямлі і ў вышыне.

© Sputnik / Владимир Песня / Перайсці ў медыябанк...Адным збыўся ўжо час, / Цяпер чэрга да нас… / Надыходзе вясна к беларусам!
Весенние сережки на иве - Sputnik Беларусь, 1920, 04.11.2022
...Адным збыўся ўжо час, / Цяпер чэрга да нас… / Надыходзе вясна к беларусам!

Дарадчыкам

Вы ўсе кажаце мне,
Што маёй старане
Няма сэнсу сабе дабівацца
Лепшых шчасных дзянькоў
Для вялікіх збудоў,
Каб з краямі другімі зраўняцца;

Што мая старана
Ўжо не ўстане ад сна,
Які лёс на яе ўспеў накласці
І з якога не ўстаць
І не зможа паўстаць
Да святлейшае долі, да шчасця…

О, чакайце, браты!
На размоў ваш пусты
Вам краіна ўсячутна адкажа,
Як на шчасце, на бой
Ўміг вялікай гурбой
Яна люд свой збуджоны знаража,

Паглядзіце тады,
Які ён малады,
Колькі сілы магутнае мае;
І што зробіць яна,
Абудзіўшысь ад сна,
Як яе воля-свет разгайдае.

Не, не верце сабе!
Нам не нікнуць ў журбе,
Гледзючы на свой край доўгаспаўшы.
Дык не думайце, не, –
Што ўжо ён не ўскрасне,
Што ён мёртвы й навекі прапаўшы,

Сон пануе не век, –
Старана й чалавек
Так жа сама не век спачываюць,
Надыходзе чарод,
Устае край, народ,
Як вясною палі ажываюць.

Вось вясну перажыць
Ўсім краям належыць
Пад няўхільным прыроды прымусам.
Адным збыўся ўжо час,
Цяпер чэрга да нас…
Надыходзе вясна к беларусам!

Чытайце таксама:
Жыццё і творчасць Янкі Купалы: "Мне засталася спадчына…"
"Як звoняць свiтaльнa кpынiцы…": восеньскія вершы Aнaтoля Гpaчaнiкaва
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі
Стужка навiн
0