Топ археалагічных адкрыццяў 2025 года ў Беларусі
© Sputnik / Виктор ТолочкоРаскопкі на гарадзішчы на Менцы, архіўнае фота

© Sputnik / Виктор Толочко
Падпісацца
Эксклюзіў
Чарговы археалагічны сезон прынёс беларускім вучоным вялікі "ўраджай" знаходак і пад зямлёй, і пад вадой.
Самым буйным даследчым праектам у археалогіі ў рэспубліцы які год застаецца вывучэнне гарадзішча на Менцы, што, безумоўна, дае свой каштоўны плён.
Найбольш каштоўныя і цікавыя знаходкі каторы год запар гісторыкі робяць на тарфяніках, хаця сёлета дадаліся і рэдкія артэфакты з вострава пасярод возера Сялява.
Зрабілі свой "каштоўны ўклад" у навуку сёлета і чорныя капальнікі. Нягледзячы на ўсе забароны на правядзенне раскопак ці пошуку, аматары працягваюць разбураць помнікі гісторыі.
Вікінгі на Менцы
Здаецца, гісторыкі вось-вось паставяць кропку ў спрэчцы, дзе з’явіўся летапісны Менск – на беразе Свіслачы ці ўсё ж гэта было гарадзішча на Менцы.
© Sputnik / Виктор ТолочкоГарадзішча

Гарадзішча
© Sputnik / Виктор Толочко
Навукоўцы змаглі дакладна датаваць, калі было пабудавана гарадзішча на Менцы, дзякуючы ўнікальнай захаванасці драўніны, з якой былі ўзведзены клеці.
Цяпер беларускія археолагі могуць з поўнай упэўненасцю казаць, што дубы, якія паслужылі для будаўніцтва абарончых умацаванняў Менска, былі ссечаны ўзімку паміж 997 і 998 годам нашай эры. Гэта аўтаматычна робіць старажытней Менск, які ў летапісе ўпершыню згадваецца пад 1067 годам.
У старажытнарускі перыяд Менск быў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам, што пацвярджаюць знаходкі гэтага сезона. Упершыню пры раскопках гарадзішча быў знойдзены кавалак амфары са скандынаўскай рунай. Гэта жывое сведчанне таго, што жыхары горада маглі сабе дазволіць віно з паўночнага Прычарнамор’я – яго ім прадавалі вікінгі, якія не толькі ваявалі, але і былі вядомымі гандлярамі.
© Sputnik / Виктор ТолочкоКавалак амфары з рунай XI-XII стагоддзяў

Кавалак амфары з рунай XI-XII стагоддзяў
© Sputnik / Виктор Толочко
Гісторыкі знаходзілі розныя артэфакты, якія пацвярджалі, што ў Мінску жылі рамеснікі, у тым ліку ювеліры. У гэтым археалагічным сезоне пашчасціла знайсці каменную ліцейную форму Х-XI стагоддзяў у вельмі добрай захаванасці.
© Институт истории НАН БеларусиКаменная ліцейная форма Х-XI стст.

Каменная ліцейная форма Х-XI стст.
© Институт истории НАН Беларуси
Цяпер навукоўцы могуць не меркаваць, а сцвярджаць, што трапецападобныя падвескі былі не імпартным, а мясцовым упрыгажэннем.
Таямніцы Заслаўскага замка
У гэтым годзе археолагі прыступілі да вывучэння ўязной брамы бастыённага замка XVI стагоддзя, што абярнулася сапраўднай сенсацыяй. Замак сур’ёзна даследавалі больш за 50 гадоў таму, і тады вучоныя зафіксавалі наяўнасць падземнага ходу.
© Sputnik / Виктор ТолочкоРаскопкі ў замку ў Заслаўі

Раскопкі ў замку ў Заслаўі
© Sputnik / Виктор Толочко
Цяпер гэты ход вярнулі з небыцця раскопкі пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі Івана Спірына.
© Sputnik / Виктор ТолочкоТайны ход у Заслаўскім замку

Тайны ход у Заслаўскім замку
© Sputnik / Виктор Толочко
Паводле яго слоў, падчас папярэдняга даследавання быў знойдзены люк для ўваходу, але сам ход поўнасцю раскрываць не сталі. На гэты раз яго поўнасцю адкапалі для наступнай кансервацыі і рэстаўрацыі.
"Хутчэй за ўсё, гэта частка дрэнажнай сістэмы замка і тут быў зліў вады. Пры гэтым ён мог служыць і альтэрнатыўным выхадам з замка і выкарыстоўвацца для вылазак", - лічыць Іван Спірын.
Прычым нідзе ў Беларусі вы больш не ўбачыце такіх падземных хадоў у такой захаванасці, што робіць яго надзвычай каштоўным для вывучэння гісторыі.
Каралі часоў Хеопса
Беларускія балоты не першы год падаюць вучоным каштоўныя сведчанні жыцця старажытных людзей. Торф стаў лепшым кансервантам для вырабаў з косці і дрэва.
У гэтым сезоне загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Максім Чарняўскі зноў даследаваў помнік Крывіна-3, які з’яўляецца стаянкай ранняга этапу паўночнабеларускай культуры (сярэдзіна і другая палова ІІІ тысячагоддзя да нашай эры).
Лепшай аналогіяй і параўнаннем будзе той факт, што прыблізна тым часам егіпцяне ўзводзілі свае піраміды. Раней у гэтым беларускім балоце ўжо знаходзілі вырабы з косці, як лыжка ці флейта. У мінулым годзе археолагі нават знайшлі драўляны коўш, які мала чым адрозніваецца ад сучаснага.
© Photo : из личного архива Максима ЧернявскогоПадвескі касцяных караляў

Падвескі касцяных караляў
© Photo : из личного архива Максима Чернявского
На гэты раз пад вадой у торфе ўдалося адшукаць камплект касцяных караляў. Гэта амаль трохвугольныя падвескі адных караляў, зробленыя з трубчастай косці. Яны аказаліся вельмі моцна зацёртымі, а гэта значыць чалавек, які яго насіў, шанаваў каралі і не раставаўся з ім.
Старажытныя могілкі
Летам археолагі зноў вярнуліся да вывучэння вострава пасярод возера Сялява. Цікавасць не пустая – тут размяшчаюцца помнікі археалогіі, пачынаючы з мезаліту і заканчваючы Сярэднявеччам.
У гэтым сезоне раскопкі вяліся на гарадзішчы ранняга жалезнага веку. Менавіта тут удалося знайсці пахаванне позняга неаліту, якое адносіцца да культуры шнуравай керамікі, а таксама пахаванне днепрадзвінскай культуры ранняга жалезнага веку. Дадатковыя пошукі якраз і дазволілі зрабіць выснову, што гэта найстаражытнейшыя на беларускай тэрыторыі могілкі.
Навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Аляксандр Вашанаў расказаў, што ў ходзе вывучэння гарадзішча былі знойдзены часткі шкілета, у прыватнасці, былі выяўлены асобныя фрагменты чэрапа, ніжняй сківіцы, зуб, частка трубчастай косці, фаланга пальца.
© Photo : из личного архива Александра ВашановаЗнойдзены на раскопках зуб чалавека

Знойдзены на раскопках зуб чалавека
© Photo : из личного архива Александра Вашанова
Пакуль складана датаваць пэўна гэтае пахаванне, таму што да канца незразумела – было яно патрывожана ці не. Але ў навукоўцаў ёсць фрагменты астанкаў, і, што немалаважна, зуб, што дазволіць правесці аналіз ДНК.
© Photo : из личного архива Александра ВашановаЗнойдзены наканечнік стралы

Знойдзены наканечнік стралы
© Photo : из личного архива Александра Вашанова
Таксама гісторыкі знайшлі на востраве цікавы аб’ект, які ўяўляе сабой выкладку з абпаленага каменя. У ёй выявілі два металічныя артэфакты – наканечнік стралы IV-III стагоддзя да нашай эры (папярэдняе датаванне) і жалезная сякера.
Нацыянальны набытак
У Беларусі не першы год спрабуюць паўплываць на чорных капальнікаў, якія ігнаруюць законы і працягваюць не толькі займацца мэтанакіраваным пошукам артэфактаў з металашукальнікамі, але і прадаюць на ўсялякіх аўкцыёнах свае знаходкі.
У гэтым сезоне ні для каго знаёмага з тэмай не было сакрэтам, што ў Брэсцкай вобласці была знойдзена ўнікальная каменная сякера. Шчаслівы ўладальнік рэдкага артэфакта хаваецца пад нікнэймам Tair на найбуйнейшым форуме для чорных капальнікаў у краіне.
© SputnikКаменная сякера на найбуйнейшым форуме для чорных капальнікаў у краіне

Каменная сякера на найбуйнейшым форуме для чорных капальнікаў у краіне
© Sputnik
Паміж іншым ужо 13-й год – і нічога: знаходзіць і прапануе купіць рэчы, якія не проста каштоўныя самі па сабе, а важныя для вывучэння жыцця і побыту людзей у старажытнасці.
Сякера, выстаўленая гэтым разам, з’яўляецца ўсяго толькі пятай па ліку знойдзенай у Беларусі менавіта такога тыпу. Гэты выраб адносіцца да культуры шарападобных амфар – 3200-2800 гадоў да нашай эры, гэта значыць гэтаму артэфакту сама меней 5 тысяч гадоў.
Унікальнасці яму дадае той факт, што ён зроблены з крэменю, здабытага на тэрыторыі Польшчы. Гэта рэдкі матэрыял, і нашым навукоўцам вядомыя літаральна адзінкі вырабаў з такога крэменю.
У Польшчы зараз гэты матэрыял лічыцца з-за сваёй прыгажосці і рэдкасці нацыянальным здабыткам. Таму такая сякера павінна быць музейным экспанатам, а не лотам на форуме для чорных капальнікаў і калекцыянераў па-за законам.
Сякера, вырабленая пяць тысяч гадоў таму, так і просіцца на вялікую вітрыну ў новы Гістарычны музей Беларусі, дзе ёй самае месца.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"