"Вясна-красна, жоўты пакос…", або Карысны ды смачны дзьмухавец на талерцы

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСмажаныя дзьмухаўцовыя разеткі ды мяса
Смажаныя дзьмухаўцовыя разеткі ды мяса - Sputnik Беларусь, 1920, 08.05.2026
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дае слушныя парады па своечасовым зборы палявых дзьмухаўцоў і раіць адрадзіць на аматарскай кухні старажытныя беларускія рэцэпты смажаных разетак малачаю, салаты з кульбабы і сыру ды знакамітага дзьмухаўцовага "мёду".
Па палях, па лясах лёгкай паходкай крочыць май! Быццам кадры ў кіно – мяняюцца малюнкі за вакном: яшчэ ўчора скрозь зялёнае покрыва палёў раптам стала свяціцца сонечнымі тварыкамі дзьмухаўцоў. Схапіўшы ў рукі кош, трэба спяшацца на выган, каб назапасіць кветак гэтай з усіх бакоў карыснай расліны. І, апынуўшыся сярод яе жоўтых квітнеючых галовак, зусім не да суму аб часе, які бяжыць хутчэй, чым хочацца. Што ж, вясновыя справы не чакаюць. Бо, як калісьці заўважалі продкі:
"Ранняя птушачка дзюбку калупае, а позняя вочкі прадзірае!"
© Sputnik / Альфред МикусТрэба спяшацца на выган, каб назапасіць дзьмухаўцоў
Заброшенный дом в деревне Погост  - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Трэба спяшацца на выган, каб назапасіць дзьмухаўцоў

Паспець сабраць "кульбабу"

Як толькі не называюць гэтае папулярнае пустазелле! Малачай, дзьмухаўцы, пустадуй, пляшывец, галава манаха, кульбаба, зубны корань – усё гэта назвы адной расліны, у якой карысна ўсё – ад кораня да кветкі. Моц яе настолькі магутная, што па праве дзьмухавец называецца беларускім жэньшэнем!
Так, сапраўды, дзьмухаўцы маюць цудоўныя ўласцівасці прыродных лекаў. Аднак свае каштоўныя якасці гэтая расліна праяўляе ў розны час, таму, збіраючы яе, трэба не спазніцца! З гэтай нагоды ў народзе справядліва заўважаюць, што "адклад не ідзе ў лад":
корань дзьмухаўца капаюць у красавіку, а яшчэ ў кастрычніку-лістападзе;
лісце на салату (таксама як і корань) ірвуць да цвіцення, а, каб працягнуць ім карыстацца, нават прыцяняюць;
а вось кветкі на гарбату і дзьмухаўцовы "мёд" збіраюць падчас цвіцення.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКветкі на гарбату і дзьмухаўцовы "мёд" збіраюць падчас цвіцення расліны
Кошык з дзьмухаўцамі - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Кветкі на гарбату і дзьмухаўцовы "мёд" збіраюць падчас цвіцення расліны
Кожная гаспадыня ведае, як цяжка змагацца з дзьмухаўцамі на градах: пакінуты ў глебе маленькі карэнчык абавязкова выцягнецца да сонейка. Ды што там глеба! Моц у ім такой сілы, што і гарадскі асфальт яму не перашкода. Дык можа лепей дамовіцца з упартым дзьмухаўцом і мець яго ў сябрах? Карацей кажучы, усё трэба рабіць у меру.

Кулінарым з малачаю

Разглядаць гэтую расліну з боку яе лекавых якасцей пакінеім да іншага часу. Сёння ж наша мэта – кулінарная. Тым больш, што з дзьмухаўца чаго толькі не гатуюць дасведчаныя і спрактыкаваныя гаспадыні, каб прыемна здзівіць самага зацятага гурмана!

Разеткі малачаю смажаныя

З чаго гатаваць:
3 разеткі лісця малачаю,
вада (па патрэбе),
20 г вяршковага масла,
10 г паніровачных сухароў,
5 г зеляніны кропу,
50 г любога адваранага мяса,
спецыі (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСвежыя разеткі дзьмухаўцоў трэба вымачыць у цёплай падсоленай вадзе
Свежыя разеткі дзьмухаўцоў - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Свежыя разеткі дзьмухаўцоў трэба вымачыць у цёплай падсоленай вадзе
Як гатаваць. Акуратна зрэзаць прыкаранёвыя разеткі маладога малачаю, каб яны засталіся цэлыя. Вымачыць у цёплай падсоленай вадзе на працягу 30-40 хв., асцярожна адкінуць на друшляк.
Потым запаніраваць у сухарах і падсмажыць на вяршковым масле.
Падаваць з кавалачкамі адваранага мяса, пасыпаўшы зелянінай кропу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРазеткі з дзьмухаўцоў смажаныя
Разеткі з дзьмухаўцоў смажаныя - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Разеткі з дзьмухаўцоў смажаныя

Салата з малачаю і сыру

З чаго гатаваць:
100 г разетак лісця малачаю,
падсоленая вада (па патрэбе),
10 г пер’я цыбулі,
20 г вяршковага масла,
20 г мяккага сыру,
1 ч. л. ільняной макухі,
лімонны сок,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМяккі сыр да салаты з малачаю
Мяккі сыр да салаты з малачаю - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Мяккі сыр да салаты з малачаю
Як гатаваць. Падрыхтаваць прыкаранёвыя разеткі маладога малачаю, варыць у падсоленай вадзе каля 15 хв. да мяккасці.
Затым абсмажыць на вяршковым масле, перакласці ў салатніцу, дадаць дробна нашаткаванае пер’е цыбулі (калі няма – можна выкарыстаць пер’е часнаку). Папырскаць лімонным сокам, пасаліць, пасыпаць макухай і нацёртым сырам накшталт брынзы.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСалата з разетак малачаю з сырам
Салата з разетак малачаю з сырам - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Салата з разетак малачаю з сырам

Дзьмухаўцовы "мёд"

Варыянтаў гатавання лекавага сочыва з жоўтых духмяных кветак нямала. Аднак асаблівую цікавасць уяўляе наступны.
З чаго гатаваць:
200 кветак,
1 л халоднай вады,
2 цытрыны,
1 кг цукру.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДзьмухаўцовы мёд
Дзьмухаўцовы мёд - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Дзьмухаўцовы мёд
Як гатаваць. Кветкі зварыць на працягу 1 гадз. і адкінуць на друшляк. У сіроп дадаць цукар і давесці да кіпення. Паменшыць агонь і варыць яшчэ гадзіну. За 15 хв. да гатоўнасці выціснуць у сіроп сок цытрыны. Астудзіць і разліць па слоічках.
Варта памятаць, што, хоць дадзенае варэнне вельмі смачнае, але ж яно, перш за ўсё, лекавае. Менавіта таму ўжываць яго рэкамендуюць з разліку 2 ч. л. "мёду" на 1 шк. вады.
Смачна есці!
© Sputnik / Вячеслав Бобков / Перайсці ў медыябанкДзьмухавец
Одуванчик - Sputnik Беларусь, 1920, 04.05.2026
Дзьмухавец
Чытайце таксама:
"Морква ды бурак – будзе лепшы смак…", або Што на Кузьму пасеешь, то й згатуеш
"Зямля выспявае – крапіва буяе…", або Красавіцкія клопаты ля ачага з пякучым пустазеллем
"Сакавік снегам сее, а часам сонцам грэе…", або Гатуем з бручкі посныя прысмакі
Стужка навiн
0