"Перша Прачыста ды Хлебны Спас – сёння й заўтра свята ў нас!", або Застолле па-дубровенску

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца сакрэтам паляпшэння ўраджайнасці збожжа ў наступным аграрным сезоне, нагадвае пра гісторыю свята Вялікай Спажы і раіць прыгатаваць па старадаўніх дубровенскіх рэцэптах мачанку на мясной поліўцы ды традыцыйныя скавароднікі да яе.
Жыцця адвечны лад! Сонца няўмольна коціцца па небасхілу да восені – на зыходзе месяц жніва з яго залатым прасторам зжатых ніў і духмянасцю хлебных караваяў новага ўраджаю.

Жніво завершана
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
А ў народным календары надышоў час Першай Прачыстай і Трэцяга Спаса.
Свята за святам
Першая Прачыстая – ці інакш Гаспажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная – свята ўраджаю, якое асабліва шануецца ў нашым народзе, а таксама царкоўная ўрачыстасць Успенне Прасвятой Багародзіцы – дзень смерці Божай маці і ўзяцця яе на неба. Згодна з царкоўным паданнем, у гэты дзень апосталы, якія прапаведавалі ў розных краінах, дзіўным чынам сабраліся ў Іерусаліме, каб развітацца і пахаваць Божую Маці.

Ікона "Голубое Успение" ("Успение Пресвятой Богородицы"), XV стагоддзе, Дзяржаўная Траццякоўская галерэя
© Sputnik / Владимир Вдовин
/ Сёлета гэтае вялікае свята прыпадае на пятніцу 28 жніўня, а ўжо ў суботу святкуюць Трэці Спас, які яшчэ называюць Хлебным ці Арэхавым.
Цікава, што царкоўную назву "Успенне" продкі тлумачылі тым, што да гэтага дня "выспяваюць" розныя плады. Іх, як і новы хлеб, збожжа разам з зелянінай і восеньскімі кветкамі асвячалі ў царкве. Асвячонае жыта перамешвалі з астатнім і пакідалі для наступнай сяўбы: лічылася, што так у новым аграрным сезоне яно будзе лепей расці.
Аднак да наступнай сяўбы ніве адпачываць нядоўга – да Успення трэба пастарацца не толькі падрыхтаваць да сяўбы зерне, але і пачаць заворваць. Продкі меркавалі, што гэта на наступны год дазволіць сабраць большы ўраджай. Адпаведна пасля Прачыстай пачыналіся засеўкі, з якімі і былі звязаны гаспадарчыя клопаты. У народзе так і казалі:
"Успленне – ці гатова насенне?",
а яшчэ
"Бяры сявеньку ды сей памаленьку".
А пакуль паўсюдна ладзіліся Дажынкі, якія ў Беларусі заўсёды святкавалі з асаблівым размахам. З тых часоў захавалася шмат цікавых выслоўяў накшталт наступных:
"Прачыстая прынясе хлеба чыстага"
ды
"Спажа – хлеба дзяжа".

Дажынкі ў Беларусі заўсёды святкуюць з асаблівым размахам
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Прачыстая і Хлебны Спас – два вялікія святы. А калі ж яны стаяць разам – гэта добрая нагода для сямейнай сустрэчы за столом! І сапраўды, пасля Успенскага посту застолле павінна быць багатым на пірагі са свежай мукі і разнастайныя стравы з мяса ды маладой гародніны. Балазе той ужо хапае. Дарэчы, калісьці гэтым часам сяляне пачыналі капаць "другі хлеб" – бульбу – і прыгаворвалі: "На Успленне – цягні бульбу за карэнне".
"Не патопаеш – не палопаеш…"
У Дубровенскім раёне, што на Віцебшчыне, пашанцавала трапіць у госці да жанчын, якія адраджаюць традыцыйныя мясцовыя стравы. У 2001 годзе яны ўтварылі клуб нацыянальнай кухні і гульні "Дубровенскія прысмакі", якому ў хуткім часе быў нададзены статус народнага і ён стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Сёлета ад удзельніцы клуба Сіняковай Тамары, якая жыве ў аграгарадку Ляды, давялося запісаць цудоўныя рэцэпты мясцовай народнай кухні – мачанку па-дубровенску і хлеб скавароднік, які падаюць да яе. Захавальнікам гэтых рэцэптаў была 97-гадовая бабуля гаспадыні Домна Сінякова, якая аб неабходнасці працаваць казала: "Не патопаеш, не палопаеш".
Мачанка па-дубровенску
Мачанку тут гатуюць на мясной поліўцы і з вялікай колькасцю разнастайнага свінога мяса, якое запраўляюць толькі цыбуляй і грыбным парашком.

Сала ды мяса да стравы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць:
300 г грудзінкі,
300 г шыі,
300 г рабрынак з храсткамі,
300 г свіной каўбасы,
300-400 г мясной поліўкі,
300 г цыбулі,
3 ст. л. грыбнога парашку,
0,5 ст. л. солі.

Грыбны парашок
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Заліць грыбны парашок шклянкай гарачай вады і адставіць убок.
Дробна парэзанае сала абсмажыць на патэльні да выдзялення тлушчу. Зняць выскваркі ў ёмістасць для тушэння, пакінуўшы на патэльні тлушч.
Мяса парэзаць сярэднімі брусочкамі і абсмажыць на разагрэтай патэльні асобна, без дадатку тлушчу.
У тлушч ад сала ўкінуць пакрышаную цыбулю і абсмажыць яе да залацістага колеру.

Падсмажаная цыбуля
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Абсмажанае мяса дадаць да сала і на яго месца выкласці нарэзаныя на сярэднія кавалачкі мясныя рабрынкі з храсткамі, абсмажыць. Зняць з патэльні, дадаць да мяса.
Парэзаць свежую каўбасу (пальцам пханую) на кавалкі ў 3 см і абсмажыць "бачоначкамі" на патэльні, дзе смажыліся рабрынкі. Дадаць да мяса.

Падсмажаныя мясныя інгрэдыенты да мачанкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Абсмажанае мяса пасаліць прыкладна 1 ч. л. солі з коптурам, дадаць цыбулю, уліць замочаныя грыбы і даліць мясной поліўкі (або вады) столькі, каб мяса было амаль ёй пакрыта. Тушыць 2 гадз.

Мачанка па-дубровенску
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падаваць гарачай разам са скавароднікам.
Скавароднік
Цікава, што скавароднік у Лядах называюць "лепёшкай" (бо побач Смаленшчына). Пры гатаванні ж карыстаюцца патэльнямі сярэдняга памеру, якія маюць мясцовыя назвы "на 6 яец" (дарэчы, мачанку пераважна гатуюць на патэльні "на 12 яец" – гэта значыць вялікага памеру!).
З чаго гатаваць закваску:
4 ст. л. аржаной мукі,
4-5 ст. л. вады.

Закваска
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць цеста:
160 г аржаной мукі,
160 г пшанічнай мукі,
1 шк. кіслага малака (сыроваткі),
1 ч. л. солі.

Цеста для скавародніка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць закваску. У 4 ст. л. мукі дадаць прыкладна 4-5 ст. л. цёплай вады і замясіць рэдкую закваску, як густая смятана. Накрыць сурвэткай і паставіць на ноч у цёплае месца, каб укісла і пачала пузырыцца.
Як гатаваць скавароднік. Злучыць два віда мукі, дадаць соль, "пузырыстую" закваску і акуратна перамяшаць, каб "пузырыкі" не палопаліся. Паступова, увесь час мяшаючы, даліць кіслага малака (ці кефіру) столькі, каб утварылася даволі густое цеста.

Скавароднік традыцыйны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Раздзяліць цеста на дзве часткі і выліць на разагрэтыя, змазаныя тлушчам патэльні сярэдняга памеру ("на 6 яец"). Выпякаць у печы 20 хв. спачатку на поду, а пасля паставіць вышэй і дапячы да румянай скарынкі.
Са святамі і смачных прыгод на кухні!

Дажынкі ў Беларусі
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Чытайце таксама:
"Маці наша хлеб пячэ, абліжаш лапату…", або Свята млынароў з пахам жытняга пірага
"Вялікі Спас – яблыкам час…", або Гатуем старажытныя ласункі на Праабражэнне
"Макава свята на ладкі багата…", або Як крыніца з Усялюба звязана з дубровенскай кухняй
