"Святкуй маё Цуда!", або Кулінарныя парады ў "дзень дзівосаў"

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае аб гаспадарчых і дзявочых забабонах у "дзень цудаў" і раіць звярнуцца на ўласнай кухні да старажытнага рэцэпта традыцыйнай духмянай "пячэні" з Гомельшчыны.
Калісьці напярэдадні Другой Прачыстай святкавалі "дзень цудаў", які ў народным календары замацаваны за 19 верасня. Сяляне верылі, што ў гэты дзень з людзьмі могуць здарацца ўсялякія дзівосы. І часам небяспечныя! Таму продкі стараліся быць абачлівымі ў гаспадарчых справах, у зносінах са сваякамі, без патрэбы не хадзіць у лес і наогул не выпраўляцца ў дарогу.
Што рабілі? Радаваліся кароткаму адпачынку, які быў неабходны сярод напружаных працоўных будняў.

Вясковая хата
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Аб асаблівай значнасці гэтага дня гавораць шматлікія народныя прымаўкі, якія захаваліся да нашага часу, накшталт наступнай:
"Прачыста гаворыць: "Мяне не святкуй, а святкуй маё Цуда!"".
А вось аб небяспечных здарэннях 19 верасня папярэджвала іншае выслоўе:
"Не так бойся Прачыстай, як цуда яе!"
Напярэдадні Малой Прачыстай у гэты дзень адзначалі і прысвятак Міхайла, падчас якога чакалі традыцыйна няўстойлівага надвор’я ды моцных вятроў, якія маглі вярнуць азяроды, дзе сушылі пасолю і гарох. Таксама з-за такой непагадзі асцерагаліся паліць святло ў хлявах, каб незнарок не ўчыніць пажару.
З’есці падарожнік і чакаць нарачонага
На Палессі ж "на Цуда" дзяўчаты пачыналі варажыць на суджанага, бо неўзабаве – ужо на Пакровы – можна было чакаць сватоў. Трэба адзначыць, што ў мінулым, калі лёс дзяўчат вырашалі пераважна бацькі, імкнуцца даведацца аб будучым лёсе было звыкла. І тут беларускія дзяўчаты выяўлялі цуды вынаходніцтва. Сёння цяжка ўявіць, як сучасная дзяўчына магла б паўтарыць варажбу юных жыхарак старадаўняй вёскі Моталь (зараз аграгарадок), што ў Іванаўскім раёне на Брэстчыне.

Мотальская царква
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Так, дзяўчына ішла на скрыжаванне дарог, дзе мусіла, стаўшы на калені, чытаць "Ойча наш" дзевяць разоў. Затым маталянка павінна была адарваць зубамі лісток падарожніка, прыгаворваючы:
"Ты, святый падарожнік,
Ты стаіш пры дарозі,
Бачыш старого й малого,
Покажы мне мілого…".
Пасля трэба было моўчкі вярнуцца дадому і хутчэй класціся спаць, паклаўшы пад падушку лісток падарожніка. Лічылася, што ў такім выпадку дзяўчыне павінен прысніцца нарачоны.

Дзявочы ложак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вядома ж, варажылі пасля сямейнай вячэры. А каб у хаце не было сварак за сталом, маладухі стараліся трымацца пэўнага этыкету:
не бразгалі лыжкамі, нажом аб стол і міскі;
не білі гаршчок аб гаршчок, прыбіраючы іх пасля мыцця на месца;
забаранялася есці адной лыжкай ці кусаць адзін кавалак хлеба;
з сальнічкі соль забаранялася браць пальцамі – гэта рабілі нажом ці "цаўём" лыжкі;
падаючы сальніцу з соллю, трэба было ўсміхнуцца і паставіць перад тым, каму спатрэбілася соль, а вось браць сальнічку з рук таго, хто яе падае, забаранялася;
да таго ж на стале нельга было рассыпаць соль, а калі такое здаралася, то яе страсалі з абруса назад у сальніцу;
пад’еўшы, на стале не можна было пакідаць недаедзены хлеб.

Дзхяўчыне нельга было пакідаць на стале недаедзены хлеб
© Sputnik / Тамара Беляева
Лічылася, што такія правілы спрыялі паспяховай дзявочай варажбе. Аднак, якія ж гаданні на пусты страўнік? Таму дзяўчыне на выданні загадзя было неабходна пазавіхацца ля печы, балазе напярэдадні Малой Прачыстай у хаце ўжо было багата свежай гародніны, грыбоў і мяса!
Дзівосная страва ў дзень цуду
Гэтая страва гатуецца паводле традыцыйнага рэцэпта з Гомельшчыны.
Пячэня
З чаго гатаваць:
300 г ялавічыны,
200 г грудзінкі,
300 г ялавічнай пячонкі,
300 г мукі пшанічнай,
200 мл малака,
500 г бульбы,
2 цыбуліны,
2 морквы,
100 г вяршковага масла,
200 г алею,
1-2 ст. л. таматнай пасты,
зеляніна пятрушкі,
кроп,
1 лаўровы ліст.
молаты перац (па патрэбе),
соль (да смаку).

Мяса да пячэні
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Замачыць у малаку пячонку. Скрышыць цыбулю і абсмажыць на патэльні на масле. Затым прысаліць, дадаць туды нарэзаную кружочкамі моркву, нарэзаную кубікамі грудзінку і ялавічыну, абсмажыць да гатоўнасці.
На дно гаршка для запякання пакласці нарэзаную скрылікамі бульбу, затым засмажанае з морквай і цыбуляй мяса, дадаць распушчаную ў вадзе таматную пасту, спецыі, соль, зверху накрыць усё бульбай і паставіць у печ (духоўку). Запякаць на працягу 30 хв. пры тэмпературы каля 180 градусаў.

Пячэня гатуецца ў печы – сапраўдныя смакі нараджаюцца толькі так!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Пасля абкачаць пячонку ў муцэ і абсмажыць на алеі, пакласці яе зверху на бульбу і, не мяшаючы, паставіць дапякацца яшчэ на 45 хв.
Добрых цудаў разам з беларускай кухняй!
Чытайце таксама:
"У лесе на дарожцы расце асілак на адной ножцы…", або Продкавыя згадкі грыбной кулінарыі
"Маці наша хлеб пячэ, абліжаш лапату…", або Свята млынароў з пахам жытняга пірага
Каралева шляхецкіх палісаднікаў, або Гатуем "мігдалы" з ружавых пялёсткаў