"З поля, з долу – усё да столу…", або Узвіжанне з бульбяным смакам

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае аб народных традыцыях восеньскага свята Узвіжанне і раіць прыгатаваць па старажытным дубровенскім рэцэпце бульбяныя камы па-расасенску.
Вандруючы па Беларусі, вока не раз з замілаваннем спыняецца на прыдарожных крыжах: прыгожа ўбраныя ручнікамі, кветкамі і рознакаляровымі стужкамі, яны сустракаюць падарожнікаў на ростанях каля малых і вялікіх вёсак. З даўніх часоў іх устанаўлівалі ў гонар Крыжа Збавіцеля – сімвала выратавання чалавечага роду.
Раней, калі вёска не мела свайго крыжа (ці патрабавалася яго замена на новы), гэта рабілі 27 верасня. Такая дата выбрана невыпадкова, бо менавіта ў гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць Узвіжанне Крыжа Гасподняга – даўняе хрысцяінскае свята, калі трэба забыцца на ўсе гаспадарчыя працы і лепей наведаць набажэнства ў царкве ды згатаваць святочны абед!

З даўніх часоў крыжы ставілі на ростанях каля малых і вялікіх вёсак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З гісторыі вядома, што ў IV стагоддзі, калі хрысціянства было прынята ў Рымскай імперыі, маці імператара Канстанціна Вялікага імператрыца Алена адправілася ў паломніцтва ў Іерусалім, каб адшукаць рэшткі крыжа, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Крыж быў знойдзены і пастаўлены для ўшанавання хрысціянамі як вялікая святыня.
"Усё ў хату ўздзвігаецца…"
Узвіжанне (або інакш Здзвіжанне, Дзвіжанне, Часнэйка) – свята "закрывання" зямлі на зіму. Асноўны ўраджай ужо сабраны, засталіся толькі яго рэшткі, якія ў прадчуванні блізкіх прымаразкаў гаспадары спяшаліся прыбраць з палеткаў ды прымаўлялі:
"Усё ў хату ўздзвігаецца, каб мароз не пабіў".

Ураджай ужо сабраны
© Sputnik / Сергей Лескеть
Адсюль і народная назва гэтага старажытнага і крыху таямнічага свята – Здзвіжанне.
Згодна з народнымі ўяўленнямі ў гэты дзень у прыродзе ўсё прыходзіць у рух, "здзвігаецца". Гэтым тлумачацца і назвы свята. Адна з іх – Здзвіжанне – звязана з назіраннямі за сонцам, якое ў час блізкі да восеньскага раўнадзенства нібы рухаецца, купаецца, пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі, "іграе і дрыжыць", "грае, прыгае, здзвігаецца".
Сапраўды, з’явы, звязаныя з Сонцам, у народзе заўсёды апісваюцца з асаблівай любоўю і цеплынёй:
"На Звіжанне, дак то раненька… сонца дзвігаецца, усякімі цвятамі скідаецца, і вот сіняе, далей краснае, зялёнае і падзвіжацца трохі, і тады ўсё… Сонца мяняецца… зробіцца такое яснае, уродзе чалавечак сядзіць…" (паводле кнігі У. Васілевіча "Жыцця адвечны лад: беларускія народныя прыкметы і павер’і").
Дарэчы, падобную з’яву можна назіраць толькі некалькі разоў у год: на Узвіжанне, а таксама на Дабравешчанне, Вялікдзень і Купалле.
Бывала, у некаторых раёнах гэткай парой яшчэ капалі бульбу. Тады казалі: "Узвіжанне бульбу капае".
А ў іншых мясцінах наадварот нічога не рабілі з зямлёй, каб краты не капалі зямлю на агародзе. Апошнімі з агародаў прыбіралі моркву, буракі ды капусту, бо яны не баяцца лёгкіх прымаразкаў. У клеці ж у гэты дзень было прынята "дзвігаць" бочкі з квашанымі агуркамі, каб добра перамяшаць расол.
І яшчэ адна назва – Дзвіжанне – звязана са змеямі, якія быццам бы менавіта ў гэты дзень пачынаюць выпаўзаць з нор, каб рушыць на зімовы сон да вясны. З гэтай нагоды продкі прыкмячалі:
"Дзвіжанне – гадзюкі здзвігаюцца ў кучу".
У гэты дзень забаранялася хадзіць у лес і стаяць у садзе, бо лічылася, што змеі запаўзаюць на дрэвы па яблыкі і могуць, падаючы з яблыні, укусіць. Сям-там сялянам забаранялася ў гэты час капаць зямлю, каб незнарок не выкапаць гада.

У гэты дзень забаранялася хадзіць у лес, каб незнарок не напаткаць змяю
© Sputnik / Григорий Сысоев
/ А яшчэ продкі шчыра верылі: каб назаўсёды пазбавіцца змяіных укусаў, трэба 27 верасня ўдзень легчы і крыху паспаць. Ды й пасля абавязкова паабедаць смачнымі стравамі, якія да свята прыгатавала гаспадыня!
Бульбяны далікатэс
Збіраючы кулінарную спадчыну беларусаў, сёлета давялося трапіць у вядомую з XVI стагоддзя вёску Расасна, што ў Дубровенскім раёне на Віцебшчыне. Менавіта ў гэтым мястэчку пашанцавала запісаць новы рэцэпт бульбяных камоў, якія звычайна гатуюць у нядзелю ды ў святы. Пра ўвішных гаспадынь тут кажуць: "Яна ў кіпятку купаная". Мабыць таму, дубровенскія камы незвычайна смачныя!
Камы па-расасенску
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
150-200 г салёнага сала,
2 цыбуліны,
5 яек,
зеляніна кропу.
Як гатаваць. Абабраць і зварыць бульбу, зліць адвар і стаўчы яе на таўканіцу.

Адвараная бульба
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Затым парэзаць прыкладна 100 г сала дробнымі кубікамі і абсмажыць на гарачай патэльні, каб вытапіць тлушч. Укінуць туды дробна нашаткаваную цыбулю і смажыць да залацістага колеру.

Цыбулька смажыцца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Засквару дадаць да таўканіцы і добра перамяшаць. Крыху астудзіць і скачаць камы (вялікія клёцкі). Запячы ў печы на патэльні, змазанай падмазкай (тоўстым кавалкам сала на відэльцы) да ўтварэння на камах лёгкай скарынкі.

Старажытныя камы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Адначасова нарэзаць на скрылікі астатняе сала, абсмажыць яго да празрыстасці, каб не вытапілася да выскваркі. На сала ўбіць столькі яек, колькі плануецца порцый, і падсмажыць так, каб жаўток застаўся мяккім.
Дарэчы, порцыя складаецца з аднаго кама, да якога падаецца яйка са скваркай. Зверху камы можна пасыпаць зялёным кропам. Да камоў падаюць кіслае малако.
Смачна есці!

Восеньскія дары
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Чытайце таксама:
"У лесе на дарожцы расце асілак на адной ножцы…", або Продкавыя згадкі грыбной кулінарыі
"Святкуй маё Цуда!", або Кулінарныя парады ў "дзень дзівосаў"
"Прышла Прачыста, падмяла – і чысто…", або Беларускія стравы на "багатым" стале
