Таямніцы Дзедаўскай талеркі, або Містыка і водар страў на Пакроўцы

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская ўзгадвае сакральныя цікавосткі падрыхтоўкі да ранніх кастрычніцкіх Дзядоў і раіць прыгатаваць па продкавым рецэпце з Полаччыны старажытную "кудравую" поліўку па-расасенску.
На працягу года свята Дзяды адзначаюць некалькі разоў: перад Масленым тыднем, на Радаўніцу, перад Сёмухай, Пятровіцай і на Асяніны. Аднак Восеньскія Дзяды (інакш Змітраўскія, Вялікія, Асяніны ды Тоўстая вячэра) самыя значныя.
Цікава, што ў розных рэгіёнах Беларусі ў залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці вернікаў і местачковых звычаяў тэрмін правядзення свята прыпадае на розныя дні ад сярэдзіны кастрычніка да лістапада. Так, напрыклад, на Магілёўшчыне традыцыйна пачыналі памінаць продкаў 11 кастрычніка. Гэты дзень называлі Пакроўцамі, бо тут менавіта перад Пакровамі і было прынята шанаваць Дзядоў.
Гэтак жа на Пакроўцы ў некаторых мястэчках Віцебшчыны сяляне хадзілі на набажэнства, наведвалі могілкі, каб прыбраць іх да зімы ды ладзілі "тоўстую вячэру" – сабраўшыся за агульным сталом "дзедавалі Дзяды", узгадваючы сямейныя гісторыі, звязаныя з продкамі.

Крыжы з фартушкамі і стужкамі на могілках у вёсцы Цераблічы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Не ад нас тое пайшло й не на нас яно кончыцца…"
Традыцыя шанавання сваякоў-нябожчыкаў мае язычніцкія карані. Нашы далёкія прадзеды шчыра верылі, што памерлы ператвараецца ў магутнага духа-продка, здольнага ўплываць на жывых. Таму блізкія яму людзі і імкнуліся яго задобрыць.
Адбывалася гэта наступным чынам. Каб не шкодзіць "мёртвым душам", у гэты святочны дзень не працавалі. Наогул жа Дзяды трэба было сустрэць як след, пачынаючы ад стараннага прыбірання ў хаце і на падворку, да мыцця ў лазні і гатавання багатай "тоўстай вячэры". Пры гэтым верылі, што на Дзяды душы продкаў побач. Таму ў лазні ім пакідалі крыху вады і венік, а ў хаце на стол ставілі "Дзедаўскую чарку" і "Дзедаўскую міску", куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу, прамаўляючы містычныя словы: "Перш чым сабе – продкам…". За святочным сталом, вакол якога збіралася ўся сям’я, гаспадар пасля малітвы пайменна звяртаўся да ўсіх памерлых продкаў, запрашаючы іх прыняць удзел у агульнай вячэры: "Святыя Дзяды, просім за пачэсны стол", або "Дзяды-радзіцелі, хадзіце да нас". Пры гэтым на кароткі час адчынялі дзверы і вокны, а юшку ў печы ўвогуле не зачынялі ўсю ноч, каб менавіта гэтым шляхам душы продкаў да раніцы маглі пакінуць хату.
Праз тры дні ежу на талерцы выносілі з хаты і аддавалі птушкам, праз якіх ежа, згодна са старажытнымі ўяўленнямі, трапляла да продкаў. Калі усё было зроблена як трэба, то лічылася, што ўшанаваныя продкі і надалей будуць спрыяць жывым у паўсядзённым жыцці.

Птушкі, па ўяўленнях старажытных беларусаў, звязаны з памерлымі продкамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Існавалі ў асяроддзі старажытных беларусаў і пэўныя забабоны. Так, сяляне верылі, што калі падчас вячэры са стала скінецца які-небудзь прадмет (сталовыя прыборы ці ежа), то іх нельга падымаць да раніцы. А вось на Полаччыне прыкметай прысутнасці душ продкаў лічылі наяўнасць вакол стала насякомых, якіх ні ў якім разе нельга было зганяць з ежы, бо гэта, маўляў, "Дзяды вячэраюць".
На стале, як на Дзяды
На Пакроўцы ў розных беларускіх мястэчках на стол ставілі розную колькасць страў – дзесьці цотную, дзесьці няцотную. Абавязкова гатавалі куццю, бліны, кісель, стравы з бараніны, з гародніны і грыбоў, разнастайную выпечку. Але, нягледзячы на іх вялікую колькасць, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Так, на Полаччыне ў канцы памінальнай вячэры было прынята падаваць у кубках "поліўку кудравую", выпіўшы якую, прысутныя адыходзілі ад стала.
Поліўка "кудравая"
Страва гатуецца паводле рэцэпта з вёскі Расасны, што ў Полацкім раёне на Віцебшчыне. Дарэчы, кудравай гэтую поліўку тутэйшыя сяляне называюць таму, што прыгатавана яна, паводле іх слоў, "як мае быць", гэта значыць найлепшым чынам!

Традыцыйная сялянская поліўка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць:
2 л вады,
400 г свініны (галавізны),
100 г сухіх грыбоў,
2 цыбуліны,
30 г алею,
1-2 лаўровыя лісты,
4-5 гарошын чорнага перцу,
1,5 ст. л. мукі,
2-3 ст. л. смятаны,
1 ч. л. насення кмену,
1 ч. л. насення кропу,
соль (да смаку).
Як гатаваць. Заліць мяса халоднай вадой і варыць на сярэднім агні, пакуль яно не стане лёгка адставаць ад костак. Затым мяса пасячы на дробныя кавалачкі.

Галавізна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Асобна зварыць загадзя прамытыя і замочаныя грыбы. Іх пасля дробна пакрышыць, а адвар працадзіць.

Сушаныя грыбы трэба замачыць і асобна зварыць
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Пасмажыць на алеі да залацістага колеру дробна скрышаную цыбулю.

Цыбуля на патэльні
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У "кацялок" укінуць мяса, грыбы, цыбулю, уліць грыбны адвар, дадаць перац, кроп, кмен, лаўровы ліст і соль. Уставіць у печ на 10 хв., каб, як кажуць полацкія гаспадыні, "пахлёкала" (пакіпела).

Страва гатуецца ў печы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Затым падкалаціць муку смятанай і ўліць у кіпячую поліўку. Давесці да кіпення.
Падаваць прыгатаваную страву з блінамі ці бульбай.
Добрых Пакроўцаў ды смачна есці з Дзядамі!

Поліўка кучаравая
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"Бабіна лета шчаўем сагрэта…", або Цёплая восеньская кулінарыя з полацкай печы
"З поля, з долу – усё да столу…", або Узвіжанне з бульбяным смакам
"Святкуй маё Цуда!", або Кулінарныя парады ў "дзень дзівосаў"