"Быць, як у таткі за плячыма…", або Спрадвечныя бацькавы звычаі і прысмакі

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра сямейныя традыцыі паважлівага стаўлення да бацькі, нагадвае бацькоўскія звычаі ў сялянскай хаце і прапануе прыгатаваць старажытную поліўку з лычамі па татулькіным рэцэпце з Клецкага раёна.
Як і ў многіх іншых народаў, адна з найважнейшых нацыянальных рыс беларусаў – павага дзяцей да бацькоў. І не выпадкова ў другой палове восені, калі ладзяцца дні памяці продкаў, у сучаснай Беларусі з’явіліся два святы, дарагія сэрцу кожнага сумленнага жыхара нашай краіны: Дзень маці (14 кастрычніка) і Дзень бацькі (21 кастрычніка).
Дзень бацькі свята адносна маладое, бо ўведзена, згодна з прэзідэнцкім указам, у 2022 годзе. Наогул, з гэтага часу ад 14 да 21 кастрычніка штогод у краіне ладзіцца тыдзень бацькоўскай любві.
Традыцыйна ў беларусаў існавала перакананне, што дзеці павінны выхоўвацца і расці ў сям’і, бо толькі там найлепшыя для гэтага ўмовы. І таму натуральна, што ў святочных мерапрыемствах прымаюць удзел установы адукацыі, аховы здароўя, культуры, а таксама шматлікія грамадскія арганізацыі. Сімвалічна, што пачынаецца сямейны тыдзень у Дзень маці, а завяршаецца менавіта ў Дзень бацькі.

Бацькі, фота з Клецкага раёна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Ад роднага таткі дорагі і латкі…"
З даўніх часоў пачэснае месца ў беларускай сям’і займаў бацька, звяртаючыся да якога, дзеці паважліва называлі яго "тата" ці "бацька", або ласкава "татка", "татуля", "татачка", "баця", "бацюхна" і інш.
Цікава, што ў адрозненне ад звароту "бацька" зварот "тата" лічыўся больш ветлівым, бо ўказваў на асаблівую павагу і любоў да роднага бацькі. Аднак, як бацьку не назавешь, ён менавіта той чалавек, побач з якім дзеці заўсёды адчувалі сябе надзейна абароненымі. Аб гэтым сведчаць наступныя народныя выслоўі:
"Ён за таткам, як за каменнай сцяной",
або
"Быць, як у бацькі за плячыма".
Таксама, падкрэсліваючы бацькаву падтрымку, дзецям, казалі й так:
"Хлеба не стане – бацька дастане".

З даўніх часоў пачэснае месца ў беларускай сям’і займаў бацька
© Sputnik / Сяргей Лескець
Сапраўды, у традыцыйнай сям’і бацька з’яўляецца кармільцам, гарантам дабрабыту і абаронцам ад любой знешняй небяспекі. Аднак ён жа сочыць за дысцыплінай усіх членаў сям’і, навучае ў гаспадарцы і зносінах з іншымі людзьмі. Да таго ж, як прадстаўнік асобнай сям’і бацька нёс адказнасць перад грамадствам за выхаванне дзяцей і іх маральнае аблічча, тым больш, што вялікі прыклад для дзяцей – сам бацька. Мабыць таму, у народзе і казалі:
"якое дрэва, такі клін, які бацька, такі сын";
"якое карэнне такое й насенне";
"бацька рыбак, і дзеткі ў ваду глядзяць".

Бацька рыбак – і дзеткі ў ваду глядзяць
© Sputnik / Давид Шоломович
Даглядаць – як бацька!
Менавіта бацька клапаціўся аб пасагу для дачкі: ён разам з маці збіраў грошы, гадаваў для будучай маладой гаспадаркі цёльную цялушку і інш. Сыну ж дапамагаў будаваць хату, купляў надзел зямлі для будучай гаспадаркі.

Менавіта бацька дапамагаў сыну будаваць хату
© Sputnik / Екатерина Чеснокова
Але ж народ падказваў, што бацькаў розум не заменіць свайго, ён можа толькі быць падмуркам да разумення глыбінь жыцця. З гэтай нагоды продкі прыкмячалі:
"Бацька з маткай навек не нагатуюць",
а яшчэ
"Бацькавым розумам хваліцца няма як".
Слова бацькі было законам, а яго жыццёвы вопыт цаніўся дорага. Так, нават калі бацька сталага ўзросту пачынаў падпарадкоўвацца старэйшаму сыну, ён не страчваў сваёй улады ў сям’і, а станавіўся распарадчыкам работ, якія сам ужо не мог выконваць. Аднак, нягледзячы на перавагу бацькоўскай волі, узаемапавага дзяцей і бацькі была ў сялянскіх хатах звычайнай справай. Калісьці знакаміты беларускі драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў: "Паважаў бацьку сын, шанаваў сына бацька". Дачка ж на вяселлі, звяртаючыся да бацькі, кланялася яму, прамаўляючы: "Таткаў куточак – родны дамочак. Заставайся, татка, здаровы, жыві багата…".

Слова бацькі было законам, а яго жыццёвы вопыт цаніўся дорага
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Дарэчы, бацька быў галоўным не толькі ў вясковай гаспадарцы, але йшчэ і за сталом – на чале звычайнага або святочнага абеду.
Гатуем смачна для бацькі
Без бацькі не пачыналася амаль ніякая трапеза. Каб у хаце заўсёды быў дабрабыт, бацька – як галоўны чалавек у сям’і – рэзаў хлеб. У яго міску маці ўкладала з гаршка адзіны кавалак мяса, падкрэсліваючы перад дзецьмі ролю бацькі як галоўнага карміцеля сям’і.

Каб у хаце панаваў дабрабыт, бацька заўсёды самастойна рэзаў хлеб
© Sputnik / Альфред Микус
Былі ў бацькі і любімыя стравы, якія яму, каб дагадзіць, гаспадыня гатавала часцей за іншыя. Напрыклад, накшталт поліўкі з лычамі, чый старадаўні рэцэпт захаваўся ў Клецкім раёне на Міншчыне.
Поліўка з лычамі
Гатавалі поліўку звычайна ў вялікім гаршку, не шкадуючы мяса. Дарэчы, па старажытным рэцэпце востры перац у яе не дадавалі, аднак у сучасным варыянце гатавання гэтай стравы перац прысутнічае.

Інгрэдыенты на поліўку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
З чаго гатаваць:
1,3 кг свініны (лыч, сэрца, язык, вушы),
1-2 цыбуліны,
1 галоўка часнаку,
3 лаўровыя лісты,
3-4 л вады,
зеляніна кропу,
1 стручок вострага перцу,
перац гарошкам (па патрэбе),
1,5 ст. л. солі.
Як гатаваць. Пачысціць вушы і лыч, зняць з языка абалонку, памыць.

Мяса парсюка для стравы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падрыхтаванае мяса парэзаць на буйныя кавалкі, заліць халоднай вадой, давесці да кіпення і зняць шум.

Мяса парэзаць вялікімі кавалкамі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Затым уставіць у печ (на пліту) і варыць на сярэднім агні 3 гадзіны. Дробна скрышыць 1-2 буйныя цыбуліны, пачысціць галоўку часнаку і разам са спецыямі, стручком вострага перцу ўкінуць у гаршчок з мясам. Варыць яшчэ 1 гадзіну. Як згатуецца, даць пастаяць 20 хв.

Поліўка варыцца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Перад падачай у міску ўсыпаць крыху кропу. Падаваць поліўку з варанай бульбай ці мучнымі блінамі.
Шануем свае карані ды смачна есці!

Парсюковыя лычы ў поліўцы і бліны да іх
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Таямніцы Дзедаўскай талеркі, або Містыка і водар страў на Пакроўцы
"Бабіна лета шчаўем сагрэта…", або Цёплая восеньская кулінарыя з полацкай печы
"З поля, з долу – усё да столу…", або Узвіжанне з бульбяным смакам