"Божыя кавалі зіму падкавалі…", або Гаспадарчыя і кулінарныя традыцыі Восеньскіх Кузьмінак

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГалачкі з кменам
Галачкі з кменам - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра народныя асаблівасці святкавання Кузьмы і Дзям’яна і прапануе прыгатаваць па старажытных рэцэптах з Капыльшчыны аржаныя галачкі з кменам ды боршч па-цімкавіцку.
Згодна з народным звычаем 14 лістапада беларусы адзначаюць Кузьму і Дзям’яна (інакш Кузьма-Земян, Касьма-Даміян) або Восеньскія Кузьмінкі. Раней гэты багаты на традыцыі дзень шырока святкавалі і абавязкова збіраліся разам за сямейным сталом, каб падчас цёплай гутаркі пакаштаваць матчыны стравы.

Лепшы час для кавалёў

Кузьма і Дзям’ян – свята, якое могуць лічыць сваім прафесійным кавалі, шаўцы, лекары, земляробы і нават свацці. У даўнія часы нашы продкі верылі, што, каб мець плён у справах, дастаткова прамовіць перад працай:

"Кузьма-Дзям’ян, маці,
Дапамажы мне працаваці!
"

Цікава, што па народных уяўленнях Кузьма і Дзям’ян – божыя кавалі, якія здольныя не толькі ўпрыгожыць каванымі зоркамі неба, але і скаваць ледзяны ланцуг для зямлі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКаваная ручка на дзвярах касцёла
Каваная ручка на дзвярах касцёла - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Каваная ручка на дзвярах касцёла
Дарэчы, з мінулых стагоддзяў да нас дайшлі пагодныя прыкметы, звязаныя з гэтым прысвяткам. Так, напрыклад, продкі заўважалі, што да Кузьмы зіма не здолее закаваць раку. А вось калі ж лісце яшчэ трымаецца на дрэвах, то пэўна ў наступным годзе здарыцца недарод. Сёлета ж дрэвы распрануліся разам, а значыць будучага ўраджаю не паменшае!
Менш за два тыдні засталося да Піліпаўскага посту. Калісьці да гэтага часу на вёсцы спяшаліся завяршыць усе гулянкі, звязаныя не толькі з вяселлямі, але і з провадамі ў войскі. І, сапраўды, Кузьмінкі для гэтага – самы лепшы час.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАпрананне маладой падчас вясельнага абраду (рэканструкцыя)
Апрананне маладой падчас вясельнага абраду (рэканструкцыя) - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Апрананне маладой падчас вясельнага абраду (рэканструкцыя)
Непасрэдна на само свята сяляне стараліся не працаваць, бо пачыналіся Піліпаўскія Запускі, якія цягнуліся па 27 лістапада. У гэты час пачатае ў кастрычніку прадзіва трэба было адкласці ўбок. З такой нагоды ў Калінкавіцкім раёне перасцерагалі маладых гаспадынь і дзяўчат:
"У Запускі не прэдуць, на Крэшчэнне, Міхайла, Кузьму-Земяна. Рукі позаверняе, або рот набок скрывіць…" (паводле Беларускага народнага календара).
© Sputnik / Альфрэд Мікус"На Кузьму-Земяна не прэдуць...", - казалі продкі
Беларускі лён - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
"На Кузьму-Земяна не прэдуць...", - казалі продкі

Шавец без ботаў

Раней халоднае лістападаўскае надвор’е спрыяла працы не толькі кавалёў, якія, выконваючы замовы вяскоўцаў, усё часцей грукаталі молатам у сваіх кузнях на ўскрайку беларускіх мястэчак. У сваіх майстэрнях непасрэдна ў хаце (ці пры ёй) браліся за пашыў абутку шаўцы.
Абутак – важнейшы элемент традыцыйнага комплексу адзення (строю). Як даўней, так і цяпер ён вызначае статус чалавека, а ў глыбокай старажытнасці па ім меркавалі нават аб радавой прыналежнасці яго носьбіта.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБоты гаспадара
Колькі важаць крокі гаспадара - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Боты гаспадара
Абутку надавалі пэўную форму і шылі са скуры, упрыгожваючы адмысловай вышыўкай-абярэгам. Скураны абутак дорага каштаваў, і таму яго насілі часта толькі па святах. Дарэчы, ідучы да царквы басанож ці ў лапцях, беларусы неслі чаравікі, боцікі і боты з сабою, а ўжо абувалі непасрэдна перад уваходам у храм.
Часта боты перадаваліся паміж сваякамі – напрыклад, ад бацькі да сына. І хоць такую беражлівасць ухвалялі, але й часам з яе пасмейваліся, узгадваючы бацьку, які кпіў з сына:
"Я трыццаць год гэтыя боты насіў, а ён за тыдзень іх ушчэнт сцёр!"
Пра саміх жа шаўцоў жыхары мястэчак казалі:
"Шавец у падзёртых ботах ходзіць…".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВалёнкі вясковыя
Валёнкі вясковыя - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Валёнкі вясковыя
А яшчэ Кузьма і Дзям’ян з’яўляюцца сапраўднымі аматарамі беларускай кухні: у старой прыказцы сцвярджаецца, што яны менавіта тыя беларусы-ліцвіны, якія, ухваляючы нараджэнне маленькага Ісуса, прынеслі сваю любімую страву – "гаршчок бацвіны".

Кухня старажытнай Капыльшчыны

У лістападзе ў каморы ўсяго поўна. Мабыць таму, пакуль не надышоў перадкалядны пост, можна ласавацца шамтлікімі скаромнымі стравамі. У тым ліку накшталт тых, што гатуюць на Капыльшчыне.

Галачкі з кменам

З чаго гатаваць соус:
50 г вэнджанага сала (грудзінкі),
2 ст. л. смятаны,
1 цыбуліна,
2 ст. л. грыбнога парашку (здробненых сухіх грыбоў).
З чаго гатаваць страву:
500 г свежага аржанога хлеба (бохан),
2-3 яйкі,
2 ч. л. насення кмену,
1 ст. л. крухмалу,
1 ч. л. солі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяІнгрэдыенты для галачак
Інгрэдыенты для галачак - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Інгрэдыенты для галачак
Як гатаваць соус. Нарэзаць кубікамі сала, дробна скрышыць цыбулю. Пакласці сала на грэтую патэльню і смажыць, пакуль не вытапіцца тлушч.
Усыпаць цыбулю, абсмажыць да мяккасці, пад канец дадаць грыбны парашок і смятану. Пакінуць у цёплай печы на некалькі хвілін.
Як гатаваць страву. Хлеб намачыць у вадзе і, калі набрыняе, добра адціснуць. У хлебную масу ўбіць яйкі, усыпаць кмен, дадаць крухмал, соль і замясіць цеста.
Затым скачаць галачкі памерам з сярэднюю бульбіну.
Закіпяціць падсоленую ваду, апусціць у яе галачкі і варыць 3-5 хв. Пасля дастаць з вады і паліць соусам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГалачкі з кменам
Галачкі з кменам - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Галачкі з кменам

Боршч па-цімкавіцку

Страва гатуецца паводле рэцэпта з вёскі Цімкавічы.
З чаго гатаваць:
2,5 л вады,
200-300 г курынага мяса,
3 бульбіны,
1 морквіна,
1 цыбуліна,
5-6 сярэдніх бурачкоў,
1 галоўка часнаку,
2-3 ст. л. агурочнага расолу,
100 г алею,
0,5 ч. л. цукру,
1 лаўровы ліст,
10 г зеляніны пятрушкі ці кропу,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяІнгрэдыенты для баршчу
Інгрэдыенты для баршчу - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Інгрэдыенты для баршчу
Як гатаваць. Зварыць курынае мяса. Скрышыць бульбу, моркву, цыбулю, уліць расол, дадаць крыху солі.
Калі ўсё зварыцца, буракі буйна старкаваць, абсмажыць на алеі, дадаць у суп разам з цукрам і дробна скрышаным часнаком. Давесці боршч да кіпення, паменьшыць агонь і варыць яшчэ некалькі хвілін. У канцы варкі дадаць лаўровы ліст, зняць з агню і даць пастаяць некалькі хвілін.
Падаваць з чорным хлебам і смятанай, а таксама абавязкова пасыпаць сечанай зелянінай.
Смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБоршч
Боршч - Sputnik Беларусь, 1920, 13.11.2026
Боршч
Чытайце таксама:
"Зміцер, Зміцер зямлю выцер…", або Кастрычніцкі пах яблыкаў і морквы на продкавай кухні
"Быць, як у таткі за плячыма…", або Спрадвечныя бацькавы звычаі і прысмакі
Таямніцы Дзедаўскай талеркі, або Містыка і водар страў на Пакроўцы
Стужка навiн
0