Пачастунак для Русалкі і земляны снядак: гатуем сыр па беларускіх рэцэптах

Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца рэцэптамі сыру, які знайшла ў шматлікіх гастранамічных падарожжах.
Sputnik

Заканчваецца Русальны тыдзень, які ў народзе таксама называлі Гранным, Праводным ці Духавым.

Адным з элементаў абрадаў Граной нядзелі, якой завяршаўся Русальны тыдзень, была агульная вячэра з сырам. Беларускія гаспадыні ведалі шмат рэцэптаў, кожная перадавала свій з пакалення ў пакалення і хавала ад зайздросніц.  

Сыр для русалкі

Інгрыдыенты:

  • 3 літры салодкага малака
  • 1 кг тварагу
  • 1 чайная лыжка соды
  • 1 яйка
  • 1 сталовая лыжка солі
  • 2 сталовыя лыжкі масла
  • Форма

Як гатаваць:

Рэцэпт гэтага плаўленага сыру распавяла Цыркун Валянціны Іванаўны, якая жыве ў вёсцы Крышылавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, таму і спосаб прыгатавання прыводзіцца з яе слоў.

Пачастунак для Русалкі і земляны снядак: гатуем сыр па беларускіх рэцэптах

"Тварог трэба адтапіць, каб ён быў крупістым. Пакуль закіпвае малако, дадаць туды яйка, зняць пенку і хутка кінуцб туды тварог, каб густавата было, потым ён яшчэ загусцее. Атрымаецца цянучка. Памешваем, пакуль не зробіцца сыроватачка жоўценькая на паверсе. Ставім у печ ці духоўку, каб дагрэўся. Жаўцее, сыроватка аддзяляецца, а мы грэем. От, сыроватка атрымалася зверху, цяпер хутка атцэджваем на марлю, адкідваем на талерку, зараз жа дадаем масла, соду, трошкі падсальваем і таўчом хутка, вымешваем датуль пакуль не стане тугаватым і тады перакідваем ў сухую форму. Астуджаем і сыр гатовы. Можна есці з мёдам ці варэннем. А сода нам патрэбна, каб ён больш пушысты быў. Без соды яго не размяшаеш ні за якія грошы!".

Сыр клінковы

Інгрыдыенты:

  • 10 л малака
  • 1-2 ч лыжкі солі
  •  2-3 ч лыжкі кмену

Як гатаваць:

Кіслае малако з несабранай смятанай паставіць у цёплую, але не гарачую печ або ў ёмістасць з гарачай вадой. Зліць сыроватку, дадаць соль, кмен, добра перамяшаць, выкласці масу ў палатняны мяшэчак, пашыты клінам, падвесіць яго. Пасля таго, як сыроватка сцячэ, клінок зняць, пакласці паміж двума дошчачкамі і прыціснуць.

Праз 12 гадзін  клінковы сыр можна есці.

Сыр земляны на сняданак

Інгрыдыенты:

  • 1,5 л смятаны
  • Соль
  • Кмен

Як гатаваць:

Гэты рэцэпт з кнігі "Літоўская кухарка" Вінцэнты Завадскай для тых, хто хоча адчуць смак гісторыі на язык, мае магчымасць здабыць густую хатнюю смятану і здольны да эксперыментаў і рызыкі.

Пачастунак для Русалкі і земляны снядак: гатуем сыр па беларускіх рэцэптах

Паўтара літра свежай густой смятаны пасаліць, змяшаць з кменам, пакласці ў сырнік з моцнага палатна, завязаць і закапаць у зямлю ў садзе або ў падвале на 24 гадзіны. Дастаўшы з зямлі, асцярожна выняць з мяшэчка, каб не пакрышыўся.

Замест кмену можна выкарыстаць крыху тоўчанай гарчыцы.

Чытайце таксама: