Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Галоўчанка і Мішусцін раскрылі дэталі плана інтэграцыі Беларусі і Расіі

Доўгія перамовы аб інтэграцыі дзвюх краін завяршыліся падпісаннем у Мінску пастановы Саўміна Саюзнай дзяржавы. Даведаліся, у якіх сферах дасягнуты дамоўленасці, каб максімальна зблізіць эканомікі Беларусі і Расіі.
Sputnik
МІНСК, 10 вер – Sputnik. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і старшыня ўрада Расіі Міхаіл Мішусцін падпісалі ў Мінску пастанову Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб асноўных напрамках рэалізацыі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады.
Акрамя таго, кіраўнікі ўрадаў падпісалі сумесную заяву аб бягучым развіцці і далейшых кроках па паглыбленні інтэграцыйных працэсаў.
Самі саюзныя праграмы - гэта вельмі аб'ёмны дакумент, дзе дэталёва паказана, у якіх сферах і ў якія тэрміны бакі будуць збліжаць, гарманізаваць, уніфікаваць і інтэграваць заканадаўства.
А сферы, якія ахопліваюць праграмы, пералічаны ў сумеснай заяве кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расіі. Раскажам аб будучых напрамках у частцы інтэграцыі эканомік.

1. Макраэканамічная палітыка

Будзе сінхранізавана стратэгічнае кіраванне ў Расіі і Беларусі ў частцы макраэканамічнай палітыкі і фарміравання статыстыкі.
Гэта створыць аснову для сумеснай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, спросціць разгляд выпадкаў банкруцтва.

2. Грашова-крэдытная палітыка

Да снежня 2022 года Цэнтрабанк РФ і Нацбанк Беларусі падпішуць пагадненне пра механізмы гарманізацыі грашова-крэдытнай палітыкі.
Гэта павінна зрабіць падобным нізкі ўзровень інфляцыі ў дзвюх краінах, таксама будуць створаны падобныя фінансавыя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання.

3. Валютнае рэгуляванне

Будуць гарманізаваны правілы адкрыцця банкаўскіх рахункаў рэзідэнтамі ў банках-нерэзідэнтаў, правядзення валютных аперацый, а таксама патрабаванняў да рэпатрыяцыі валютнай выручкі.

4. Інфармацыйная бяспека ў фінансавым сектары

Бакі дамовіліся аб сінхранізацыі падыходаў у частцы інфармацыйнай бяспекі, таксама будзе створаны агульны механізм прызнання вынікаў аўдыту ў сферы інфабяспецы.

5. Фінансавы рынак

Прынята рашэнне аб гарманізацыі норм рэгулявання крэдытных і некрэдытных фінансавых арганізацый, а таксама фінансавага рынку ў цэлым. Сюды таксама прылічана і стварэнне адзіных прынцыпаў страхавання ўкладаў.
Будуць сінхранізаваны і правілы ў частцы лізінгавых арганізацый, мікрафінансавых інстытутаў. Вырашана дапусціць на рынкі банкаўскія і страхавыя арганізацыі.

6. Барацьба з "адмываннем" сродкаў

Будуць сінхранізаваны дзеянні і патрабаванні ў частцы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) грашовых сродкаў і фінансавага тэрарызму (ПАД/ФТ).
Дасягнута дамоўленасць паміж Цэнтральным банкам Расіі і Нацыянальным банкам Беларусі аб гарманізацыі заканадаўства ў галіне процідзеяння адмыванню у сферы ПАД/ФТ для фінансавага сектара.

7. Інтэграцыя плацежных сістэм

Вырашана інтэграваць нацыянальныя плацежныя сістэмы, сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў і разлікаў, сістэмы хуткіх плацяжоў.

8. Правы спажыўцоў фінансавых паслуг

Вырашана выпрацаваць прапановы па гарманізацыі заканадаўства Расіі і Беларусі для забеспячэння роўнага аб'ёму абароны праў спажыўцоў фінансавых паслуг у частцы выкарыстання аднолькавых паслуг.

9. Кантралюючыя органы

Ёсць дамоўленасць аб сінхранізацыі падыходаў у прасочвальнасці і працы інфармацыйных сістэм па абмене дадзенымі. Гэта дазволіць забяспечыць кантроль за абаротам тавараў, якія падлягаюць нагляду.

10. Маркіроўка тавараў

Будуць сінхранізаваны дзеянні, якія патрэбны для ўзаемнага прызнання сродкаў ідэнтыфікацыі ў мэтах бесперашкоднага доступу на рынак маркіраваных тавараў.

11. Падаткі і мытнае заканадаўства

У падатковай і мытнай сферах бакі дамовіліся заключыць міжнародныя дагаворы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках. Вырашана ўкараніць інтэграваную сістэму адміністравання ўскосных падаткаў Расіі і Беларусі, будзе створаны сумесны кансультатыўны орган - Камітэт Саюзнай дзяржавы па падатковых пытаннях.

12. Ветэрынарны і фітасанітарны кантроль

Будзе праведзена інтэграцыя інфармацыйных сістэм для аўтаматызацыі працэсу абмену дадзенымі па актах каранціннага фітасанітарнага кантролю (нагляду), забяспечана прасочвальнасць падкантрольных тавараў і падкаранціннай прадукцыі, што павысіць эфектыўнасць каранціннага фітасанітарнага і ветэрынарнага кантролю (нагляду).

13. Транспартны кантроль

Бакі дамовіліся аб распрацоўцы праграмнага забеспячэння, якое будзе выпрацоўваць абмен дадзенымі па выніках транспартнага кантролю на тэрыторыі дзвюх дзяржаў, што павысіць празрыстасць і бяспеку аўтамабільных перавозак.

14. Рэгуляванне транспартнага рынку

У вобласці паветранага транспарту вырашана ўстанавіць роўныя тарыфныя ўмовы пры аказанні паслуг аэрапортаў і аэранавігацыі, таксама будуць зняты абмежаванні па частаце і ўніфікацыі рэгулявання лётнай прыдатнасці.
У вобласці чыгуначнага транспарту плануецца ўніфікацыя заканадаўства, у тым ліку тарыфнага рэгулявання, ліцэнзавання, арганізацыі пасажырскіх і грузавых перавозак, бяспекі, патрабаванняў у сферы працоўных адносін.
Водны транспарт будзе хадзіць пад сцягамі дзвюх краін па ўнутраных водных шляхах па адзіных правілах.
Агульныя нормы заканадаўства будуць падрыхтаваны і па класіфікацыі аўтамабільных дарог, бяспецы дарожнага руху і ў іншых сферах, якія тычацца дарожнай гаспадаркі.

15. Адзіны рынак газу

Узгоднена фарміраванне цаны на расійскі газ для Беларусі на 2022 год. Уласна, пра гэта было аб'яўлена на сустрэчы расійскага і беларускага прэзідэнтаў 9 верасня ў Крамлі.
Гэта значыць цана застанецца на ўзроўні 2021 года і складзе $128,5 за 1 тыс кубаметраў.
Да 1 снежня 2023 года бакі павінны вызначыць і падпісаць у выглядзе дадатку да праграмы па газе і прынцыпы функцыянавання, рэгулявання аб'яднанага рынку газу і прызначыць тэрміны іх ўкаранення для "збліжэння умоў гаспадарання ў газавай сферы".

16. Адзіны рынак нафты

Бакі дамовіліся аб прыняцці міжнароднага дагавора аб аб'яднанні рынкаў нафты і нафтапрадуктаў Расіі і Беларусі, і гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў.

17. Адзіны рынак электраэнергіі

У гэтай сферы таксама будзе падпісаны міждзяржаўны дагавор, які замацуе правілы функцыянавання рынку электраэнергіі.

18. Атамная энергетыка

Будуць уніфікаваны заканадаўства па частцы эксплуатацыі аб'ектаў ядзернай энергетыкі, рэгулявання радыяцыйнай бяспекі, аварыйнай гатоўнасці і рэагавання, абыходжання з ядзерным палівам і радыеактыўнымі адходамі. Работа павінна быць завершана да канца 2023 года.

19. Аграрная палітыка

Аграрная палітыка прадугледжвае збліжэнне заканадаўстваў у гэтай сферы "з мэтай павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю" сельгаспрадукцыяй, зняцця ўзаемных бар'ераў, забеспячэння харчовай бяспекі і развіцця сельскай гаспадаркі.

20. Прамысловая палітыка

Дзве краіны маюць намер стымуляваць развіццё сумесных вытворчасцей, будуць прыбіраць бар'еры, павышаць празрыстасць і павялічваць тавараабарот.

21. Дзяржзаказ і дзяржзакупкі

Агульныя правілы будуць укаранёны ў сферы дзяржзаказу і дзяржзакупак, такім чынам будзе забяспечаны роўны доступ да дадзеных паслуг. Таксама бакі дамовіліся выкарыстоўваць пры дзяржзакупках у Расіі банкаўскія гарантыі, выдадзеныя беларускімі банкамі.

22. Правы спажыўцоў

Будзе заключана міжурадавае пагадненне аб Адзіных правілах па абароне праў спажыўцоў у Саюзнай дзяржаве. Тэрмін падпісання дакумента - да 31 снежня 2022 года.

23. Правілы канкурэнцыі

Беларусь і Расія ўвядуць адзіныя правілы канкурэнцыі. Агульныя падыходы замацуюць у міжурадавым пагадненні.

24. Гандлёвая дзейнасць

Будуць зацверджаны адзіныя патрабаванні і гарманізавана заканадаўства ў сферы рэгулявання гандлю і грамадскага харчавання.

25. Рынак сувязі

Рынкі сувязі і інфарматызацыі Беларусі і Расіі будуць працаваць на агульных прынцыпах. На тэрыторыі Саюзнай дзяржавы будзе адменены роўмінг. Дзяржпаслугі будуць у электроннай форме.

26. Рэгуляванне бухуліку

Мінск і Масква дамовіліся стварыць умовы для звароту супастаўнай кансалідаванай фінансавай справаздачнасці гаспадарчых суб'ектаў, аб фарміраванні інфармацыйнай базы для пашырэння знешнеэканамічных, інвестыцыйных і дзелавых сувязей, аб выхадзе гаспадарчых суб'ектаў на міжнародныя рынкі капіталу, а таксама аб доступе зацікаўленых асоб да фінансавай справаздачнасці гаспадарчых суб'ектаў.

27. Турыстычная дзейнасць

Калі коратка, то гарманізуюць правілы працы экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, стандарты якасці ў гасцініцах падвядуць пад агульныя правілы. У роўнай ступені будзе забяспечана абарона праў турыста.

28. Сацыяльна-працоўная сфера

Заключная праграма датычыцца ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы. Тут гарманізуюць заканадаўства ў частцы працоўных адносін, аховы працы, занятасці насельніцтва, сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння.

Падпісанне дэкрэта прэзідэнтамі

Акрамя пастановы аб асноўных напрамках рэалізацыі дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і сумеснай заявы, кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі ўхвалілі праект дэкрэта аб зацвярджэнні праграм на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
Дэкрэт будзе падпісаны прэзідэнтамі Беларусі і Расіі. Пасяджэнне ВДС адбудзецца 4 лістапада. Пасля таго, як дэкрэт будзе падпісаны лідарамі, праграмы стануць абавязковымі да выканання, пачнецца працэс іх ўкаранення.
Чытайце таксама:
Галоўчанка назваў ключавую мэту беларуска-расійскай інтэграцыі
Лукашэнка выказаўся пра інтэграцыю Расіі і Беларусі
Мішусцін распавёў аб прынцыпах інтэграцыі Беларусі і Расіі
Галоўчанка: двухбаковыя адносіны з Расіяй прайшлі праверку на трываласць
Лукашэнка пра перамовы з Пуціным: такіх крокаў мы яшчэ не рабілі