Няма чалавека, які б не ўсведамляў каштоўнасці здароў’я. Яго, як кажуць, ні за якія грошы не купіш! Ведалі, што хваробу з цела выгнаць цяжэй, чым яе атрымаць. А калі ўжо такое сталася, то каб вылечыцца карысталіся тым, што было пад рукой і магло стаць лекамі. З частымі зімовымі хваробамі змагаліся лазняй, зёлкамі і парадамі дасведчаных народных лекараў. Але і без іх кожная гаспадыня ведала, што калі сям’ю карміць правільна, выкарыстоўваючы найбольш карысныя для гэтага часу прадукты, то ўсе будуць здаровыя.
Малако і хлеб
© Pixabay
Каб хвароба не прычапілася, нашы бабулі раілі есці кіслае малако (кефір, йогурт, ражанку, варанец, прастаквашу, сыроватку), тварог і смятану, якія на іх думку ўмацоўвалі арганізм і давалі яму сілу справіцца з хваробамі. З гародніны выдзялялі капусту, бульбу, моркву, буракі, гарбуз, рэпу і кабачкі. Так, калі кагосьці з сямейнікаў замучыў насмарк, то гатавалі стравы з кабачкоў. Яны лёгка засвойваюцца, паляпшаюць абменныя працэсы і выводзяць з арганізма лішнюю вільгаць. З садавіны, акрамя насушаных пладоў шыпшыны, рабіны, чорных парэчак і маліны, народныя лекаркі асабліва выдзялялі вішні, якія давалі хворым пры прастудах, анеміі, артрытах. Ну і вядома ж у кожнай добрай гаспадыні заўсёды ў склепе былі прыпасы з чорнай рэдзькі, рэпы і хрэну.
Хрэн – найкаштоўнейшае з пустазелляў! Змагацца з ім практычна немагчыма, і калі ён пасяліўся на агародзе, то будзе расці там на карысць гаспадыні заўсёды. З хрэну можна прыгатаваць не толькі ўсім вядомы востры соус і шмат іншых цікавых і карысных страў, але, перш за ўсё, выкарыстоўваць яго ў якасці лекавага сродку.
Час налягаць на хрэн
Стомленаму чалавечаму арганізму ад хрэну вялікая карысць. Народная медыцына раіць ужываць яго вонкава – пры падагры і рэўматызме ў выглядзе гарчычнікаў, а таксама ўнутр – як узмацняючы сродак пасля разумовых і фізічных нагрузак, пры захворваннях печані, горла, зубной болі, як мачагонны, адхаркваючы сродак, для паляпшэння стрававання ды пры іншых захворваннях.
Вялікая каштоўнасць хрэну не толькі ў тым, што ў ім утрымваецца вялікая колькасць вітаміна С (а яго ў хрэне ў пяць разоў болей чым у лімоне), свежы сок з каранёў расліны мае чароўны лізацым – рэчыва, якое здольна разбураць абалонкі бактэрыяльных клетак. Хрэнам і цяпер лечаць авітамінозы, а калісьці з-за сваёй даступнасці ён быў важным сродкам супраць цынгі.
Хрэн ў якасці соуса да мясных і рыбных страў і дагэтуль шырока выкарыстоўваецца ў традыцыйнай кулінарыі. Ён паляпшае апетыт, страту якога заўсёды лічылі сімптомам хваробы.
Схуднелы чалавек успрымаўся як нездаровы, а значыць не здатны да працы. Аб такіх людзях можна было пачуць:
"Такі худы, што з ботаў можна вытрэсці",
"Такі худы, што цераз жывот можна спіну чухаць",
"Худы, як смык" і інш.
Як праклён у сэнсе "каб ты схуднеў" гучала: "Хай яго кашуля не чапае".
Чалавека, які шмат есць і не папраўляецца, таксама разглядалі як хворага. Гэта пра яго казалі: "Наеўся, як бык, перагнуўся, як смык і галодны, як сабака".
Вызначэнне лекавых асаблівасцей хрэну прывяло да з’яўлення цікавых рэцэптаў з выкарыстаннем гэтай расліны. Вось некаторыя з іх.
Лекавыя рэцэпты або, як у народзе кажуць, "лячноя"
Сок хрэну з кефірам
З чаго гатаваць:
1 ст л соку хрэну,
1 шк кефіру.
Як гатаваць. Сталовую лыжку соку хрэну змяшаць са шклянкай кефіру. Піць па шклянцы сумесі раніцай, удзень і ўвечары за 20 хвілін да яды пры цукровым дыябеце.
Настой каранёў хрэну
З чаго гатаваць:
1 дэс л старкаванага кораню хрэну,
1 шк вады
Як гатаваць. Ваду закіпяціць. Заліць шклянкай кіпятка дэсертную лыжку старкаванага кораню хрэну і даць настаяцца 1 гадзіну. Працадзіць, прымаць па 2 ст лыжкі тры разы на дзень для паляпшэння апетыту.
"Налягайце, братачкі, на хрэн…"
А вось што датычылася нечаканых гасцей, дык, бывала, нейкая гаспадыня ці гаспадар, каб пазбавіць знянацку завітаўшых на вячэру апетыту, маглі звяртацца да розных хітрасцей, у тым ліку, да побытавай магіі.
Стол для гасцей
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Так, "у этнаграфічных запісах можна сустрэць смешныя цяпер дзеянні сквапнай гаспадыні, якая хацела, каб госці мала елі за бяседным сталом. Для гэтага дастаткова было уткнуць у стальніцу пад дошкамі з чатырох кутоў па вязальнаму прутку і ў гасцей прападаў апетыт. Але варажба не дзейнічала на таго, хто пра гэта ведаў. Усміхнуўшыся, такі госць незаўважна ўторкваў перад сабой пад сталом нож, каб мець смак да ежы. А яшчэ лепей было дастаць гэтыя пруткі з-пад стала. Казалі, што тады сквапная гаспадыня "аж зямлю будзе грызці ад злосці".
Хадзілі і такія байкі. Калі падчас бяседы госці спусташалі стол і на ім заставаўся толькі хрэн, то гаспадару нічога не заставалася, як прапанаваць: "Налягайце, братачкі, на хрэн!".
Вядома ж, вострага хрэну шмат не з’ясі, але ж і без яго бяседны стол не будзе поўны! Таму прапаную вам цікавыя кулінарныя рэцэпты з выкарыстаннем гэтай расліны.
Кулінарныя рэцэпты
Соус з хрэну
З чаго гатаваць:
1 кг хрэну,
4 г лімоннай кіслаты або 2 ст лыжкі воцату,
800 г халоднай гатаванай вады,
80 г цукру або ксіліту,
40 г солі.
Як гатаваць. Абабраць карані ад скуркі, вымыць, дробна натаркаваць. Уліць ваду, дадаць соль, цукар або ксіліт, перамяшаць і хутка раскласці па слоіках, шчыльна закаркаваць.
Соус з хрэну са смятанай
З чаго гатаваць:
1 корань хрэну,
1 шк смятаны,
соль.
Як гатаваць. Нацерці падрыхтаваны корань хрэну, змяшаць са смятанай, пасаліць па смаку. Падаць соус да мяса, застудзін (халадзец) ці рыбы як частку гарніру.
Бурачкі абабраныя
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Буракі з хрэнам
З чаго гатаваць:
100 г буракоў,
2 ст л хрэну,
30 г смятаны або 15 г алею,
5 г кропу або пятрушкі.
Як гатаваць. Зварыць бурак і натаркаваць, перамяшаць з прыгатаваным загадзя соусам з хрэну, заправіць смятанай або алеем. Перад падачай на стол пасыпаць зелянінай.
Салат з сухіх адвараных грыбоў з хрэнам
З чаго гатаваць:
50 г сухіх грыбоў,
30 г смятаны,
соус з хрэну.
Як гатаваць. Грыбы замачыць на 3-4 гадзіны, адварыць, нашаткаваць, пасаліць па смаку. Смятану перамяшаць з цёртым хрэнам і паліць ёю грыбы.
Салат з хрэну і морквы
З чаго гатаваць:
100 г морквы,
10 г смятаны,
20 г хрэну,
15 г зеляніны,
цукар,
соль.
Як гатаваць. Буйна нацерці моркву і перамяшаць з соусам з хрэну, заправіць смятанай, дадаць соль ды цукар па смаку, перамяшаць. Перад падачай на стол пасыпаць зелянінай.
Галубцы з буракамі і хрэнам
З чаго гатаваць:
60 г капусты,
60 г буракоў,
20 г хрэну,
30 г смятаны,
5 г кропу або пятрушкі,
соль.
Як гатаваць. Капуснае лісце абдаць кіпятком, начыніць пасоленай сумессю з буракоў і хрэну, укласці ў каструлю і заліць смятанай, патушыць. Пасыпаць сечанай зелянінай перад падачай на стол.
Селядзец з буракамі і хрэнам
З чаго гатаваць:
40 г селядца,
75 г буракоў,
20 г хрэну,
15 г маянэзу або алею,
15 г зеляніны.
Як гатаваць. Пачысціць ад скуры і костак селядзец, нарэзаць на кавалачкі і выкласці на блюда. Як гарнір буйна старкаваць буракі, перамяшаць з нацёртым хрэнам і выкласці побач з селядцом. Паліць усё маянэзам або алеем і пасыпаць сечанай зелянінай.
Спадзяюся, што рэцэпты прыйдуцца вам да спадобы! І ўсё ж, ужываючы хрэн, варта памятаць, што есці яго раюць з асцярожнасцю хворым на гастрыты, язвавую хваробу, каліты, людзям з хваробамі печані і нырак.
Смачна есці і не хварэць!
Чытайце таксама:
"Святое Васілля людзям красілля", або Успаміны пра "хвастатую" куццю
"Куханы" для "малімоніка", або Смачны дзень у бабулі
"Лапцёвыя" звычаі, або "Зручны абутак бы добры сябра…"