МІНСК, 31 сту – Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Кодэкс аб адукацыі і зацвердзіў новыя правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Адна з галоўных навін у кодэксе – з’яўленне нацыянальнага (цэнтралізаванага) экзамену ў школах. Выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць асобныя прадметы (рускую мову, беларускую мову, матэматыку) у форме ЦТ.
У ВНУ яны будуць паступаць па сертыфікатах экзамену. Парадак яго правядзення будзе зацверджаны Міністэрствам адукацыі.
"Дыстанцыёнка" і мэтавая падрыхтоўка
У новым кодэксе афіцыйна замацоўваецца паняцце дыстанцыйнай формы навучання – у школах, ВНУ і ССНУ. Вучыцца зараз можна самастойна дома, акрамя таго, установы адукацыі могуць абменьвацца ў сетцы вучэбнымі праграмамі.
Пашыраюцца магчымасці для "мэтавікоў": накіраваць на мэтавае навучанне сваіх будучых работнікаў могуць арганізацыі, размешчаныя не толькі ў вёсках, пасёлках, невялікіх гарадах і ў зоне ЧАЭС, але ў іншых населеных пунктах.
Студэнтам, якія адвучыліся па мэтавым накіраванні, будзе давацца статус маладога спецыяліста: на працы за гэта будуць даплаты.
Новыя віды адукацыі
Згодна з кодэксам, па асобных тэхнічных і медыцынскіх спецыяльнасцях уводзіцца спецыяльная вышэйшая адукацыя. Таксама з’яўляецца новы від дадатковай адукацыі – адораных дзяцей і моладзі на базе Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Яго навучэнцы з гэтага часу змогуць паступаць у ВНУ і каледжы на льготнай аснове.
Новыя правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ
У правілах прыёму абазначана, што яны накіраваны на "прадухіленне адтоку абітурыентаў у сумежныя краіны", а таксама на тое, каб павысіць канкурэнтаздольнасць універсітэтаў і каледжаў.
Асноўныя навіны наступныя:
павелічэнне ў 2022 годзе колькасці бюджэтных месцаў у ВНУ для "мэтавікоў": па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях – да 70% ад кантрольных лічбаў прыёму, па медыцынскіх – да 80%, па іншых (у прыватнасці, педагагічных) – да 60%. Нагадаем, сёлета ў ВНУ Беларусі адбыўся рэкордны недабор студэнтаў;
упершыню льготы пры паступленні ў ВНУ атрымаюць выпускнікі спартыўна-педагагічных і ваенна-патрыятычных класаў, дзеці ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія загінулі (памерлі) або сталі інвалідамі пры выкананні службовых абавязкаў, а таксама абітурыенты, якія здалі АДЭ і паступаюць на платную форму навучання;
ільготы пашыраюцца ў пераможцаў універсітэцкіх алімпіяд і асобных удзельнікаў заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды;
уводзяцца дадатковыя ўступныя іспыты для абітурыентаў пры паступленні на спецыяльнасці, якія "патрабуюць асаблівых кіраўніцкіх і практычных навыкаў, неабходнасць наяўнасці стажу работы для атрымання адукацыі ў завочнай і вячэрняй формах";
залічэнне ў каледжы будзе весціся па конкурсе атэстатаў – ЦТ здаваць, як планавала раней Мінадукацыі, не спатрэбіцца.
Што яшчэ будзе ў кодэксе?
пачатковым школам дазволяць прымаць на навучанне дзяцей маладзей за 6 гадоў;
прадугледжана магчымасць навучання школьнікаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай у следчых ізалятарах;
"платнікі" гэтак жа, як і "мэтавікі", атрымаюць пасля заканчэння навучальнай установы статус маладога спецыяліста;
у тэрмін абавязковай работы па размеркаванні будзе залічвацца перыяд вайсковай службы па кантракце і альтэрнатыўнай службы.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт пацвердзіў аб'яднанне школьных экзаменаў і ЦТ
Час павялічыцца, старыя заданні вернуцца: ці стане ЦТ-2022 больш складаным?
Урбанолагі і сіці-менеджэры: новыя спецыяльнасці адкрые беларуская ВНУ
Новыя адзнакі і іншыя тэрміны: у Беларусі змяніліся правілы прыёму ў ліцэі
Названа колькасць беларусаў, якія паступілі па ЦТ у ВНУ Расіі ў 2021 годзе