На двары зімна, а ў вясковай хаце неяк асабліва ўтульна і цёпла. Ад цепленай печы ўсё мацней цягне водарам ежы, якую гаспадыня пачала гатаваць зранку.
Гаспадарка – клапатарка, і зімовая раніца паступова поўніцца звыклымі гукамі. Рыпіць пад нагамі гаспадара снег, бразгаюць дзверы хлявоў, у якіх з апетытам храбусціць сенам карова. Чакаючы сваёй чаргі, мэкаючы, нецярпліва тупаюць у загоне авечкі, а ў куратніку, адбіваючы час, падае свой голас певень.
Раскручаны калаўрот студні грыміць ланцугом, вядро гулка б'ецца аб ваду і вось ужо празрысты струмень са звонам пераліваецца ў вядро.
Вада са студні
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Забрахаў сабака. Гэта сусед праехаў па дарозе на кані... Пачаўся новы дзень.
"Дзе шчырая праца – там густа…"
Нарэшце асноўная праца па гаспадарцы зроблена і цяпер самы час адпачыць. Нездарма ж у народзе кажуць, што "ўлетку гаспадар гаруе, а зімою – лежань, дармаед". Але ж на тое і зіма, каб за кароткі час селянін мог крыху адпачыць ад кола звыклых спраў, пакуль зямля яшчэ спіць пад белым покрывам снягоў. Бо кажуць жа на працоўнага чалавека, які не ведае адпачынку, што ён "гароўны". "Але ж як іначай, – думае чалавек, – без клапоту ды без поту наш брат не пражыве".
У задуменні ён разглядае свае навярэджаныя працай рукі і мацае зацвярдзелыя на далонях мазалі. Гаспадар усміхнуўся, узгадваючы як калісьці бацька пасмейваўся з яго першых працоўных мазалёў: "Гультай за працу, мазоль за руку!". А цяпер аб такіх як ён кажуць: "Таго на кут, у каго мазалі цвярдзейшыя". Так, покуць – гэта месца для самага паважанага, працавітага чалавека.
Продкі высока цанілі такія якасці, як працавітасць, умельства, спрактыкаванасць, кемлівасць, дбайнасць, гаспадарлівасць і беражлівасць. Іх проціпастаўлялі гультайству, бестурботнасці, абыякавасці, безгаспадарчасці, празмернай пястоце і свавольству, бесхарактарнасці. Лічылі, што гультайства псуе характар, яно бы хвароба. Казалі, што лянівы горш за бязрукага:
"Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць" і таму з "гультаём пажаніцца – лепш задавіцца".
І наадварот рухавага, працавітага чалавека называлі "лёткім":
"Лёткі чалавек! Не драмлівы, не лянівы!".
Або так, як у Шчучынскім р-не казалі:
"Вот ён у нас чалавек лятонцы, і баба яго лятонца – натта быстра ў хадне і ў рабоце!".
"…а дзе лянота – там пуста!"
Гультай – персанаж адмоўны. Нягледзячы на тое, што часам ў вёсцы можна было пачуць "усёй работы не пераробіш", "дзве работы зараз не зробіш", "работа не воўк, у лес не ўцячэ", "дай божа ўсё ўмець ды не ўсё рабіць", пры гэтым усё ж памяталі, што "гультайства губіць хазяйства". І таму, выхоўваючы, дзяцей навучалі: "Вучыся гаспадарыць, яшчэ тавар (статак) пасучы".
Урок народнага працоўнага выхавання праз параду аднойчы атрымала і я. Будучы ў дарозе, разгаварылася са старэнькім дзядком, які аказаўся цудоўным расказчыкам. З гумарам распавядаючы пра авантуры свайго нялёгкага жыцця, ён перасыпаў кожны з аповедаў прымаўкамі: "Дзе я толькі не быў, і на кані і пад канём! Баба нават ня ведала..."
А на развітанне параіў, як малога сына да працы навучаць:
"Слухай сюды, маладзіца! Вось прыйшла са службы дадому і адразу на канапу кладзіся, стагні: "Ой, сыночак мой, як я стамілася, прынясі мне вадзіцы…". А далей загадай яму падлогу месці, бульбы абабраць і іншае, і гэтак часцей. Тады прывучыш да парадку".
Гультаям нідзе спуску не было – ні ва ўласнай сям’і, ні за яе межамі. Якіх толькі найменняў не было ў гультая. Ён і абібок, і лотра, і лодар, і дармаед, і лежань, і цымбал, і лабідуда! Некаторыя з гэтых слоў, нязвыклыя для сучаснага вуха, але маюць старажытнае паходжанне і цікавае тлумачэнне.
"Лежыва" – сцелішча, месца, дзе слалі лён
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Так, найменне "лежань" паходзіць ад слова "лежыва" – сцелішча, месца, дзе слалі лён, які быў павінны доўга ляжаць. Пра чалавека, які "лёгма ляжыць" і не бярэ ўдзелу ў працы, казалі: "Ляжыць як лён на лежыве". Зусім рэдкія словы цымбал і лабідуда калісьці былі запісаны ў вядомай з часоў Вялікага Княства Літоўскага вёсцы Вялікія Нястанавічы, што ў Лагойскім р-не Мінскай вобласці. На гультая і лодара тут казалі: "Цымбал, лабідуда ты!".
Гультаяваты чалавек заўсёды быў прадметам насмешак. Узяць хаця б дзіцячую дражнілку:
"– Лянько, Лянько, з’еш яйко!
– А ці аблупленае яно?".
Ці вось такі камічны выпадак, калі гультай з Браслаўшчыны лічыў дармаедаў: "Тут ліжа на ложку, я нашчытаў шэсцьдзесят двух дармаедаў у нашай вёсцы, ляжу і лічу".
На лянівага чалавека казалі, што ён ходзіць як лось, паўзе як слімак і інш. З такіх кпілі: "Лянушчы чалавек, лянуецца нават паварухнуцца", "Гультай і сядзець стамляецца". Ці вось як у Драгічынскім раёне:
"Ляныцьця сам собі повботынкі паваксоваты".
Або так:
"Хорошый (прыгожы), алэ лынывый, роботы ны хочэ".
Неверагодна, але ж ёсць "гультайскія" стравы і ў… беларускай кухні!
Ад "ляніўкі" да "лянухі"
Аб лёгкіх ў прыгатаванні стравах гаспадыні казалі, што іх "ляніва" рабіць. Прынамсі на поўначы Беларусі вядомы "ляніўка" і "лянуха".
Ляніўка для цяперашняга часу страва экзатычная і магчыма цалкам забытая. Цяпер рэдка хто ўжывае ў ежу селядцовы расол, або як яго яшчэ называюць – лёк. А вось гадоў 60 таму яшчэ былі людзі, якія памяталі, што разведзены вадой духмяны, вельмі салёны лёк елі ў прыкуску з варанай бульбай паўсюдна па Беларусі. Ляніўка ж – посная Паазерская страва, і ў Верхня-Дзвінскім раёне ў вёсцы Лісна пра яе распавядалі так:
"Ляніўка – гэта падкалоцяць (мукой) селядцову жыжку і ядуць".
А вось лянуха – гэта малочны суп з гародніны. Вандруючы па Беларусі ў пошуках старадаўніх кулінарных рэцэптаў адшукала гэты супец у вёсцы Экімань, якая знаходзіцца непадалёк ад Полацка. Назву стравы гаспадыня тлумачыла тым, што ўлетку у жанчын няма часу важдацца з мудрагелістымі стравамі і таму, каб хутка накарміць дзяцей, гатавалі суп з маладой капусты і морквы.
Гутарка гутаркай, ды за працу час – гатуем лянуху!
Капуста - асноўны інгрэдыент лянухі
© Pixabay / ulleo
Лянуха
З чаго гатаваць:
1 л вады,
600 г капусты белакачаннай,
1 л малака,
50 г масла,
2 морквіны
цукар,
соль.
Заўвага гаспадыні: перад гатаваннем, абіраючы качан капусты ў краме ці на кірмашы, пастарайцеся набыць капусту хуткаспелых гатункаў, у якіх лісце тонкае і далікатнае, бо яна будзе больш салодкая на смак і зварыцца значна хутчэй.
Як гатаваць. Тонка нашаткаваць капусту, абскрэбці і натаркаваць моркву, перамяшаць з капустай, пакласці ў каструлю і заліць вадой так, каб яна толькі яе пакрывала. Паставіць на сярэдні агонь і павольна варыць да мяккасці. Калі капуста будзе амаль гатова, дадаць соль і цукар па смаку, уліць малако і давесці яго да кіпення. Зняць з агню, дадаць масла і даць пастаяць некалькі хвілін. Разліць па талерках і падаць з аржаным хлебам.
Свежая морква
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, зварыць лянуху можна і без морквы, але з ёй суп прыгажэйшы і саладзейшы на смак, так што цукар можна і не дадаваць.
Смачна есці і "лятонцага" вам настрою!
Чытайце таксама:
Апетытны хрэн – лекі і ежа
"Куханы" для "малімоніка", або Смачны дзень у бабулі
"Лапцёвыя" звычаі, або "Зручны абутак бы добры сябра…"
"Ад гарэлкі будзе розум мелкі", або Сцеражыся Апіўня!
Бульва ці бульба або Тапінамбур на нашым стале