Посцім смачна: булён з галавы асятра і гарохавыя брускі

Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае, што такое Мікіта і Пахвальны тыдзень, а таксама што гатаваць у перадапошні посны тыдзень.
Sputnik
16 красавіка ў народным календары пазначаны як прысвятак Мікіта, на якога, згодна з народнай думкай "няма ні зімы, ні лета". Палова вясны засталася ва ўспамінах: прыляцеў бусел, з'явіліся першыя пралескі, зацвіла вярба, выстраіўшыся ў карагод белымі аблокамі ў сінім небе праплылі "вяснянкі". Дзявочыя спевы здужалі ўсё ж перамагчы зіму, якая напаследак шчодра сеяла снегам.
Гледзячы ў акенца на завіруху, старыя ківалі галавой і з усмешкай казалі: "Гэта зіма палаткі змятае". Але першыя вясновыя грымоты з дажджамі паставілі кропку ў дыялогах паміж зімою і вясной. Ліўні амылі зямлю ад снегу, а вось грымоты кагосці спужалі. Маўляў на "пусты", "голы" лес гром – гэта дрэнна, "голы", неўраджайны год будзе. Прыкмета магчыма спрацавала б, калі першыя грымоты адбыліся у лютым або сакавіку. Не хвалюйцеся, усё наадварот. Згодна з народнымі назіраннямі даждлівы і грымотны красавік – да цёплага і ўрадлівага года. Пабачым, ці спраўдзяць прыкметы!
Вясна
Сканчаецца "Пахвальны тыдзень", які звычайна адбываўся перад Вербніцай. Яго назва паходзіць ад дзеяслова "хваліцца". У народзе гэты тыдзень лічылі шкодным. У Лельчыцкім раёне так і казалі: "... урэдны ён". Таму існаваў цэлы шэраг забарон на пэўныя віды працы: не будавалі і не бялілі хату, не снавалі кросна. Верылі, што толку з гэтых прац не будзе: "Пахвалісса зрабіць – не пахвалісса знасіць". І ўсё ж спадзяваліся, што ўсё кепскае будзе перасілена, выпраўлена надыходам вялікага свята. У Пінскім раёне з гэтай нагоды можна было пачуць: "Похвальная похваліць, то Вэрбная поправіць".
Дарэчы ведалі, што многія з прыляцеўшых з выраю птушак паспелі ўжо да гэтага часу сесці на гнёзды: "Дзікая качка яйцэм пахваліцца". На пошук гэтых яек выпраўляліся да берагоў рэк падлеткі. У галодны вясновы час гэта было добрым дадаткам да сталавання пасля Вялікадня. А птушкам гэта вялікай шкоды не рабіла, хіба толькі ізноў трэба было несці яйкі.
Яйцо
Што ж тычыцца іншых хатніх клопатаў, то іх ніхто не адмяняў. Рыхтуючыся да велікоднай выпечкі на наступным тыдні ў "пахвальную" пятніцу гаспадыні мылі дзежкі, прыбіралі ў хаце, клапаціліся аб вербных галінках, з якімі назаўтра трэба было ісці ў царкву і гатавалі посныя стравы на цэлы дзень, каб у свята не паліць у печы.
Прапаную прыгатаваць найсмачнейшы булён з галавы асятра або ласося і старажытныя "стульцы" або гарохавыя брускі.

Стульцы або гарохавыя брускі

Гарохавы кісель, з якога робяць брускі
Гэту старажытную народную страву гатавалі з разваранага гароху або бобу, якія праціралі праз сіта. Так пазбаўляліся ад шалупіння. Утрымвалася пюрэ, якое разлівалі ў нізкі посуд і ахалоджвалі. Застылая гарохавая маса рабілася пругкай і тады яе наразалі на брусочкі ("стульцы"). Страву падавалі з канапляным або льняным алеем. Елі не лыжкай, а спецыяльнымі спіцамі з двума ці трыма зубцамі. У ХІХст стульцы можна было набыць на кірмашы напрацягу ўсяго посту ў адмысловых гандляроў, якія насілі брускі на бляхах, перасоўваючыся паміж гандлюючымі і пакупнікамі.
З чаго гатаваць:
2 шклянкі лушчанага гароху
2 ст лыжкі алею
соль, перац на смак
Як гатаваць. Гарох замачыць нанач, засыпаць у гаршчок або каструлю, заліць 2 літрамі кіпеню і варыць на слабым агні да гатовасці болей за 1 гадзіну. У канцы варкі дадаць соль і перац. Калі гарох не лушчаны, працерці яго праз друшляк або сіта, заліць вадкасцю ў якой ен варыўся і раскласці па формах, паставіць на холад. Ахалоджаны кісель пакроіць на невялікія брусочкі і паліць алеем. Каб было яшчэ смачней, можна пасыпаць іх зялёным кропам або падсмажанай на алеі цыбуляй.

Булён з галавы асятра або ласося, маслены або посны

Інгрэдыенты для юшкі
Гэту цудоўную страву з кулінарнай кнігі Вінцэнты Завадскай "Літоўская кухарка, або Першая беларуская кулінарная кніга" лёгка прыгатаваць сучаснай гаспадыні. Дастаткова толькі набыць у рыбнай краме набор для рыбнай юшкі з ласося, сёмгі, стромгі і асятра.
З чаго гатаваць:
1 галава асятра або ласося
1 ст. лыжка масла
10 зярнятак англійскага (духмянага) перцу
1 шклянка рысу або ячных круп
2-3 лаўровыя лісты
2 зерні гваздзікі
1 морквіна
1 корань пятрушкі або пастарнаку
1 парэй
1-2 цыбуліны
Як гатаваць. Зрабіць адвар з карэнняў, пасаліць. Калі будзе гатовы, пакласці ў яго падрыхтаваную рыбу, пасечаную на часткі і разварыць яе так, каб мяса аддзялялася ад костак, працадзіць, мяса выбраць. Укласці ў суп мяса, лыжку масла, засыпаць загадзя адвараны рыс або ячныя крупы, закіпяціць і падаць на стол з хлебам.
Заўвага гаспадыні: масла можна зусім не класці бо рыба азначаных парод даволі тлустая.
Таксама на Sputnik:
Посны абед з трох страў, або Старажытная кухня "не на губу, а на зуб"
Нашы стравы ў красавіку, або Крупнік з кіслымі агуркамі
Стравы Вялікага посту: гатуем цуру ці крышанку
Посцім смачна: гатуем мазёху, мілту і мурцоўку