Час не хварэць, або Поснае смакоцце супраць ліхаманкі

Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае продкавую таямніцу, як ранняй вясной засцерагчыся ад "дачок цара Ірада", якія залазяць пад кажух, і што ў такі час трэба ўжываць, седзячы на гарачай печы ці хатніх палатках.
Sputnik
Ну вось, дзякуй Богу і вясна! Але ж няўстойлівае надвор’е дае пра сябе знаць, і вясна ў сакавіку – небяспечны час. Нездарма ж кажуць, што "сакавік снегам сее, а часам сонцам грэе". Сонейка гэта яшчэ вераломнае, і, як бы ні хацелася скінуць з сябе цёплую апратку, трэба памятаць, што "марац адмарозіць яшчэ палец".

"На Рыгора йдуць рэкі ў мора"

Сёлета сакавіцкае надвор’е адпавядае кліматычным нормам: прымаразкі змяняюцца адлігай і тады-сяды сыпле снег, пра які ў народзе казалі, што гэта зіма "змятае палаткі". Сёння сэнс гэтых слоў многім будзе не зразумелы, бо "палаткамі" як спальным месцам ужо амаль не карыстаюцца. Вядома ж, вясковыя хаты даўно памянялі свой інтэр’ер, часткай якога калісьці і былі "палаткі". Праўда падзівіцца на іх можна і цяпер, але пераважна толькі ў этнаграфічных музеях.
Замест гэтых шырокіх дашчатых насцілаў з’явіліся іншыя ўтульныя спальныя месцы, на якія ў сакавіцкую непагадзь так і хочацца прылегчы, каб паразважаць аб няўстойлівым надвор’і ды пагартаць народны каляндар. А ў ім у першай палове месяца – што ні прысвятак, то кожны пра вясну.
Вясна ідзе
Мяркуйце самі. 4 сакавіка – Казіміра, як раней казалі:
"На Казімера зіма ўмера".
9 сакавіка – Янка, або Аднойдзенне галавы Іаана Хрысціцеля. Продкі заўважалі:
"Усе з галавою, а Янка дык не. Янавай галавы баіцца зіма".
12 сакавіка – Рыгор, пра якога ўспаміналі:
"На святога Рыгора йдуць рэкі ў мора".
13 сакавіка – Васіль і Марына. На гэты прысвятак нельга было прасці, бо лічылі, што, слінячы пражу, можна "адслініць замураваную зіму", у выніку чаго зноў надарацца зімовыя халады – і тады трымайся, каб не захварэць.
Каб не захварэць, трэба ўжываць натуральныя вітаміны

Ратаванне ад 77 "сясцёр"

Дарэчы, які прысвятак ні вазьмі, але ж продкі ведалі, што вясной прастудзіцца і "схапіць ліхаманку" было значна лягчэй, чым узімку. Таму варта было асабліва клапаціцца аб здароўі і ўмацаваць знясілены за зіму арганізм.
Памяталі, што трэба было цёпла апранацца і правільна харчавацца, і тады не будзе страшная ніякая трасца. А яшчэ маліліся святой Фацінні, якая лічылася заступніцай ад ліхаманак. Цікава, што розныя формы працякання гэтай цяжкай хваробы ў народзе звалі "сёстрамі" або "дочкамі цара Ірада". У народзе існавалі ўяўленні пра 7, 9, 12 і ажно 77 "сясцёр" ці інакш "цётак".
Дэманічная постаць ліхаманкі мела розныя імёны. Гэта ўсім вядомая па праклёнах Трасца, яна ж Хіндзя і Хондзя, таксама Незбуць, Фыбра, Цётка, Шуня, Варагуша і, зразумела, Ірадава дачка. Прытым існавала ўяўленне, што хвароба быццам бы хадзіла па свеце і клікала па імені сваю ахвяру. Калі хто-небудзь адгукаўся, то, залазячы пад кажух або світку, яна пасялялася ў тым чалавеку і прыносіла яму страшэнныя пакуты.
Народныя лекары ў залежнасці ад формы працякання хваробы падзялялі ліхаманкі на розныя віды, бо ад гэтага залежылі спосабы змагання з імі. Напрыклад, ліхаманкі, якія панавалі ўвесну, агульна называлі "лістаадзеватнымі", але яны мелі і больш дэталёвыя назвы – "сонная", "гарачая", "мокрая", "губастая", "пякучая", "ліхучая" і "жоўтая".
Продкі давяралі абярэгам ад ліхаманкі. Так, з сабой маглі насіць:
велікоднае яйка,
пярсцёнак з цвіка ад труны,
жывога кажана,
галаву змяі,
стары нацельны крыж,
вянчальныя свечкі, якімі абкурвалі хворага, ды іншае.
Да абярэгу адносіліся і свечкі
Пры гэтым чыталі замовы, дзе хваробу адсылалі:
"…на крутыя горы, на сырыя балоты, на гнілыя калоды".
І замыкалі там "на вякі вякоў".
Бывала, што хвораму прапаноўвалі 13 разоў аббегчы вакол хаты, каб пазбавіцца ад ліхаманкі.
Ды нароўні з магічнымі спосабамі лячэння ліхаманкі выкарыстоўваліся і сродкі народнай медыцыны. Сярод іх, акрамя такіх экзатычных як падкурванне порхаўкамі і змяінай скурай, выкарыстоўвалі таксама адвары зёлак і карэння.
Лекавы запас каліны ў гаспадарцы
Хворыя на ліхаманку посціліся ў суботу, парыліся ў лазні, грэліся на печы, каб з потам выйшла і сама хвароба, не вытрымаўшы гарачыні. Таксама не на апошнім месцы ў лячэнні было і лекавае харчаванне, у тым ліку вітамінныя напоі.

Каб не брала трасца!

Сакавік – час перадвелікоднага посту, падчас якога арганізм як здаровага, так і хворага чалавека ацаляецца. У народнай кухні немала страў, што дапамагаюць пазбавіцца вясновага авітамінозу і дапамагчы ў змаганні з хваробамі.
Вось некалькі рэцэптаў страў, цікавых і лёгкіх у прыгатаванні.

Салата з бульбы і часнаку

З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
1 цыбуліна,
1 галоўка часнаку,
0,5 шк. вады,
зеляніна,
соль.
Вітамінная бульбяная салата
Як гатаваць. Бульбу адварыць у мундзірах, пастудзіць і пачысціць. Часнок пачысціць і патаўчы ў ступцы, развесці халоднай гатаванай вадой. Накрышыць кубікамі бульбу, дадаць здробненыя цыбулю і часнок, соль, перамяшаць, выкласці на талерку і пасыпаць здробленай зелянінай. Калі такой няма, то можна выкарыстаць сушаную пятрушку, кроп або чабор.
Дарэчы, калі захочаце зрабіць невялікую порцыю салаты, то і цыбулі з часнаком дадаць трэба памяркоўна і не лішнім будзе тут алей.

Сок каліны звычайнай

Нягледзячы на крыху горкі смак, каліна – найсмачнейшая ягада! Штогод можна рабіць калінавы сіроп, а ягады трэба ўжываць хоць сабе з цукрам, хоць без яго.
З чаго гатаваць:
1 л соку каліны,
125 г ксіліту або цукру.
Каліна – вельмі карысная ягада
Як гатаваць. Пасля першых маразоў сабраць кошыкі з ягадамі, памыць, абабраць, выдаліць пладаножкі. Ягады ўсыпаць у паліваную каструлю, заліць вадой так, каб яна толькі пакрывала ягады, варыць да мяккасці, пасля чаго раздушыць драўлянай лыжкай. Адціснуць сок праз марлю, дадаць у яго ксіліт або цукар. Нагрэць на малым агні да поўнага распускання цукру. Працадзіць сіроп праз 4 слоі марлі, нагрэць да кіпення, разліць у стэрылізаваныя слоікі і закаркаваць стэрылізаванымі металічнымі накрыўкамі.

Каліна ў мёдзе

З чаго гатаваць:
гронкі каліны,
мёд.
Гронкі каліны
Як гатаваць. Гронкі каліны прамыць і высушыць. Падагрэць мёд, каб ён стаў вадкі, абмакваць у яго гронкі і абсушваць. У такім выглядзе каліна захоўваецца каля шасці месяцаў. Ужываць па патрэбе.

Жэле лімоннае

З чаго гатаваць:
1 шк. цукру,
5 шк. вады,
цэдра 1 лімона,
30 г жэлаціну,
1 ст. л. лімоннага соку.
Лімон – моцны сродак супраць прастуды
Як гатаваць. Загадзя заліць халоднай гатаванай вадой жэлацін, каб набрыняў. Распусціць цукар у пяці шклянках вады, дадаць туды цэдру лімона і набрынялы жэлацін, зварыць. Працадзіць праз сіта, дадаць 1 ст. лыжку лімоннага соку, перамяшаць, уліць у форму і паставіць на холад, каб застыла.
Перад падачай апусціць формы ў гарачую ваду на 2 хв. і выкласці на талерку.

Гарбата са сцябла малін

З чаго гатаваць:
50 г сцябла малін,
1 л вады.
Ягады маліны
Як гатаваць. Збіраюць аднагадовае сцябло малін, крышаць на кавалкі даўжынёй 4-5 см. 50 г сыравіны заліваюць 1 л кіпеню, вараць 10 хв.
П’юць з мёдам або ягадай малін пры прастудах, бо гарбата з’яўляецца патагонным сродкам.

Хваёвы настой

Беларускія знахаркі не ведалі хімічнага складу раслін, але іх багаты вопыт лячэння людзей узімку падказваў, што пры недахопе ў арганізме вітаміну С дапамогуць не толькі лісце і ягады маліны, абляпіхі, журавін ды іншых раслін, але яшчэ і хвоя.
З чаго гатаваць:
40 г хвоі,
250 мл вады.
Пры недахопе ў арганізме вітаміну С таксама дапаможа хвоя
Як гатаваць. Хвою здрабніць нажніцамі і заліць шклянкай кіпеню. Павольна кіпяціць 20 хв., зняць з агню і даць пастаяць, пакуль не астыне. Працадзіць і піць у 2-3 прыёмы напрацягу дня.
Дарэчы, акрамя насычэння арганізму вітамінам С такі напітак з хвоі добра чысціць кроў ад таксічных рэчываў. Каб умацаваць імунітэт і дапамагчы пры прастудзе, можна выкарыстаць і хвою, сабраную зімой.
Смачна есці і не хварэць!
Чытайце таксама:
Далоў скаромнае, або Нашы стравы ў Вялікі пост
Папулярныя стравы з казачнай расліны, або Не складаней за "параную рэпу"
Посцім смачна: булён з галавы асятра і гарохавыя брускі
Посны абед з трох страў, або Старажытная кухня "не на губу, а на зуб"
Гатуем посныя супы па беларускіх народных рэцэптах