Сёлета пачатак лета выдаўся асабліва гарачы, але сухое надвор’е, якое пануе ўжо некалькі тыдняў, не дзіва для гэтага месяца. Такое ў чэрвені час ад часу здараецца і, нягледзячы на тое, што ў маі пасля халоднай працяглай вясны хацелася цеплыні, зямля здоўжылася па дажджы. Як, дарэчы, і людзі. Вядома ж, асабліва ў аграрыяў падобнае надвор’е выклікае трывогу за якасць ураджаю, што фарміруецца менавіта цяпер. Нездарма раней у народзе казалі:
"У чэрвені ўбача спадар,
што Бог дасць у дар".
Аблівацца і "араць раку"
Ідэальным лічылася цёплае, у меру дажджлівае лета. Пра што і захаваліся ў продкавай памяці выслоўі:
"Благое лета,
калі сонца нету",
ды яшчэ
"Не прасі лета доўгага,
а малі цёплага".
У засуху ўсё жывое імкнецца да вады і спадзяецца на дождж
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
І ўсё ж суш не радавала. Аматары збіраць грыбы незадаволена заўважалі: "Чэрвень сухі – плюнь на баравікі".
У паўднёвых раёнах Беларусі суха бывае часта, і можа таму ў тых краях узнік вельмі просты абрад – Абліваха. Так, сапраўды, каб выклікаць дождж, палешукі абліваліся вадой! Дарэчы, гэтакае містычнае абліванне праводзілі на Гранай нядзелі напярэдадні летняга сонцавароту.
Існавалі і іншыя абрады і абрадавыя дзеянні з той жа мэтай. Дзесьці, просячы дажду, у калодзеж сыпалі мак. Дзесьці збіралі ваду менавіта з трох калодзежаў і потым разлівалі яе па палях. А дзесьці жанчыны, упрогшыся ў саху, сімвалічна "аралі раку", каб спыніць засуху.
Вось цяпер, мабыць, і дождж пойдзе!
© Sputnik / Альфред Микус
Таксама і мне ў пачатку 90-х падчас працяглай спякоты давялося бачыць, як каля крыжа на ростані маліліся жанчыны-каталічкі, якія напярэдадні замовілі імшу ў касцёле.
Усё чакае дажджу! На Палессі ў такую спёку можна было пачуць:
"Дождж ліне да й збяжыць, а раса поіць расліну ўсю ночку. З расою й жыўёло больш ахвочо есці траву".
Але ж адначасова працавітыя палешукі заўважалі:
"Дождж Бог пасылае на карысць людзям, але ніколі не можа дагадзіць усім, бо аднаму трэба дождж, а другому – пагода".
Народныя метэаролагі прыкмячаюць
Цяпер даведацца аб тым, калі пойдзе дождж, няцяжка. А вось даўней даводзілася разлічваць толькі на жыццёвы вопыт і назіранні за прыродай ды жывёламі. Таксама ў народзе верылі, што дождж людзям дае Бог, але не сам, а даручае гэту справу святому Іллі. Ілля ж пасылае дождж тады, калі ён сапраўды патрэбен людзям. Продкі лічылі, што хавацца ад дажджу пасля працяглай яго адсутнасці нельга, бо тады Ілля раззлуецца і пачне грымець, падумае, што дажджу не трэба.
У старажытнасці па хмарах продкі вызначалі – ці будзе дождж
© Sputnik / Виталий Тимкив
/ З надзеяй на дождж сяляне ўзіраліся ў неба, радуючыся кожнай хмарцы. Дарэчы, у старажытнасці па хмарах беларусы і вызначалі – ці будзе дождж. А яшчэ і па расе.
"Хмарныя" прыкметы
калі дождж пачне ісці зранку, то к поўдню сунімецца, а калі пойдзе после поўдня, то супыніцца толькі на другі дзень аб тую самую пару;
калі пасля дажджу стаіць туман і як бы сцелецца па зямлі, то будзе пагода, а калі туман падымаецца ўгору ды й пабяжыць хутка маленькімі хмаркамі, то трэба чакаць надоўга непагоды ці абложнага дажджу;
калі находзяць вельмі цёмныя ды страшныя хмары, то дажджу не будзе;
калі вельмі парыць, як зойдзе сонца, значыць рана пойдзе дождж.
Раса "падказвае"
"калі бывае ўлетку вялікая раса, то гэта зямля-матка плачэ, просіць Бога, каб ён даў багаты зраджай на ўсіх долю" (з запісаў А.К. Сержпутоўскага "Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў");
калі ўлетку няма расы, то будзе дождж.
Калі ўлетку вялікая раса, будзе добры ўраджай
© Sputnik / Альфред Микус
Напоі ад спёкі
У спёку цягне да вады і асабліва хочацца піць. І таму, каб наталіць смагу, раю прыгатаваць смачныя напіткі.
Вітамінны напітак з зязюлінай канюшынкі
З чаго гатаваць:
200 г зязюлінай канюшынкі,
1 л халоднай гатаванай вады,
мёд (па смаку).
Як гатаваць. Траву прамыць, адкінуць на друшляк і дробна пакрышыць, каб пусціла сок, заліць вадой і даць пастаяць 2 гадзіны. Затым напітак працадзіць, дадаць мёд па смаку.
Напой з зязюлінай канюшыны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Квас хлебны
З чаго гатаваць:
1 л вады,
200 г сухароў,
10 г дражджэй,
1 ст. л. мукі,
50 г цукру.
Як гатаваць. У паліванай каструлі заліць кіпятком сухары, закрыць накрыўкай і настаяць 3 гадзіны. Атрыманы настой працадзіць, дадаць у яго цукар і дрожджы. Дрожджы папярэдне развесці цёплай вадой, дадаць муку і пакінуць на 1 гадзіну. Пасля таго як у квас дадалі дрожджы паставіць яго на 4-5 гадзін у цёплае месца, затым астудзіць і можна ўжываць.
Ліманад
З чаго гатаваць:
1,5 л вады,
5 лімонаў,
свежая мята,
3/4 шк. цукру.
Напоі з лімона заўсёды асвяжаюць
© Sputnik / Людмила Янковская
Як гатаваць. У ваду дадаць сок 4 лімонаў, натаркаваную цэдру 1 лімона і цукар. Усё перамяшаць і варыць 10 хв. Працадзіць праз тонкую тканіну і астудзіць. Падаць напітак са скрылікам лімона і лісцікам мяты.
Цяпер смагі можна не баяцца!
Чытайце таксама:
Смак беларускага жэньшэню, або Далікатэсы з дзьмухаўцоў
"Не тая рыба, што ў рацэ…", або Абед са смакам селядца і карпа
Незвычайная "каліна звычайная", або Сапраўдная беларуская кава