Прыемна думаць, што з пачаткам новага жнівеньскага дня заўтра лета працягнецца і яшчэ колькі часу можна будзе адчуваць навакольнае хараство.
Другая палова апошняга месяца лета ў народным календары прысвечана святкаванню старажытнага земляробчага свята Спас, звязанага з выспяваннем пладоў.
Гэтымі днямі пачынаюць развітвацца з летам і таму ў народзе кажуць:
"Прыйшоў Спас – і лета ад нас шась!".
Згодна з народнымі традыцыямі Спас святкуюць тройчы – з 14 па 29 жніўня:
першы – Мядовы Спас ці Макавей (14 жніўня);
другі – Вялікі Спас, Яблычны Спас – свята Праабражэння Гасподняга (19 жніўня);
трэці – Малы Спас, Хлебны ці Арэхавы Спас (29 жніўня).
Салодкі тыдзень, прысвечаны Макавею, у працы каля пчол пралятае хутка.
Мёд – "салодкае золата"
© Sputnik / Сергей Лескеть
Знаёмыя медары-пчаляры "падглядалі" пчол і, выбраўшы найбольш поўныя рамкі з "салодкім золатам", адпраўлялі іх у медагонку. Сапраўды, у тых, хто трымае пчальнік ці борці, – гарачая пара!
Вядома ж, у сам дзень Макавею, а свята сёлета прыпала на панядзелак, хто мог – той абавязкова схадзіў у царкву да святочнага набажэнства, дзе асвячалі мёд, ваду, садовыя кветкі, моркву і сланечнік. Дарэчы, садовымі кветкамі заўсёды ўпрыгожвалі хату.
Макі квітнеюць
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Макавыя традыцыі" на кухні
У гэты дзень і на працягу тыдня продкі прытрымліваліся "макавых традыцый" – гатавалі з гародніны, мёду і маку разнастайныя стравы, сярод якіх пірагі з начынкай з гародніны, варэнікі, кашы з макам, ды й стравы, у якія можна было макаць. Асабліва ў пашане былі пірагі з мёдам, морквай і макам. Таксама здаўна было прынята гатаваць цюпкі на мядовай сыце, або пячы бліны, каб потым, скруціўшы трубачкай, макаць іх у мёд.
Продкі гатавалі з мёду і маку разнастайныя стравы
© Sputnik / Альфред Микус
Прапаную адсвяткаваць "макавейны тыдзень" частаваннем блізкіх смачнейшымі традыцыйнымі стравамі нашай кухні!
Цюпкі на мядовай сыце з абаранкамі і макам
З чаго гатаваць:
300 г маленькіх абаранкаў (сушак),
2 шк. маку,
3 ст. л. мёду,
гатаваная вада.
Як гатаваць. Мак заліць кіпенем, астудзіць, зліць ваду і тры разы пракруціць на мясарэзцы ці скарыстацца блэндэрам. У гатаванай, астуджанай вадзе развесці мёд, цюпіць (крышыць) туды абаранкі (сушкі) і дадаць мак.
Святочную страву ядуць лыжкай.
Бульбяная каша з макам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Бульбяная каша з макам па-Семежаўску
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
вада (для варкі),
200 г маку,
соль.
Як гатаваць. Абабраць і зварыць бульбу, добра адцадзіць, стаўчы.
Мак у макотры
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Асобна сцерці мак. Рабіць гэта трэба наступным чынам: прамыць мак у цёплай вадзе, двойчы абліць крутым варам (першы раз кіпень хутка зліць, другі раз – патрымаць не болей за 1 хв., каб не страціць алей), мак адціснуць праз марлю, складзеную ўдвая, і, перамяшаўшы з цукрам (ці без яго), перацерці ў ступцы або ў "макацёры" (адмысловы гліняны посуд).
Пасля ў форму пакласці бульбы (2 часткі), затым слой маку (1 частку), накрыць бульбай.
Даць астыць і, нарэзаўшы на кавалкі, падаць да стала.
Ігрушы з мёдам
З чаго гатаваць:
ігрушы,
мёд.
Для гэтага ласунка лепш браць сакавітыя летнія ігрушы
© РУП "Институт плодоводства"
Як гатаваць. Салодкія, але не пераспелыя, ігрушы нарэзаць кружочкамі (ці як вам хочацца). Цяпер паліце іх мёдам і ў хуткім часе падавайце на стол.
Дарэчы, для гэтага ласунка лепш браць сакавітыя летнія (раннія) ігрушы. Але скурка ў іх вельмі далікатная, таму і падаваць на стол іх трэба амаль толькі зрабіўшы.
Аладкі з морквы
З чаго гатаваць:
125 г морквы,
15 г масла,
1 яйка,
1/3 шк. мукі,
соль (па патрэбе).
Свежая морква
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Памыць і абабраць моркву, дробна натаркаваць. У маркоўную масу дадаць яйка, муку, соль, перамяшаць і выпякаць на масле ці сланечнікавым алеі.
Аладкі можна пячы і з морквы
© Sputnik / Людмила Янковская
Падаваць са смятанай ды мёдам.
Са святам і смачна есці!
Чытайце таксама:
"Салодкі кусок знойдзе раток!", або Гатуем з садавіны
Кулінарныя шэдэўры з вішань: сакрэты старабеларускай кухні
Смак беларускага жэньшэню, або Далікатэсы з дзьмухаўцоў