"Радасць гор" у продкавым кубку, або Варым напіткі з духмянай мацярдушкі

Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае прыродныя ўласцівасці ліпеньскіх зёлак, дзеліцца праверанымі часам цікавымі зборамі "зялёных лекаў" і прапануе прыгатаваць карысныя напоі з мацярдушкі і разынак.
Sputnik
Ліпень – бясспрэчна чароўны час. Над квітнеючымі травамі шчыруюць пчолы. У садзе, лузе, лесе вока радуецца рознаколернай палітры лета.
Паветра паўсюдна напоўнена водарам ад лекавых раслін, якія ўвабралі ў сябе ўсю сілу ад зямлі і сонца. А гэта значыць, што пачалася гарачая пара збірання іх у запас не толькі на лекі, але і на гарбату – гарачы напітак з водарнага зелля прыйдзецца дарэчы і ў спякотны летні дзень, і пазней узімку.
Кошык з лугавымі зёлкамі

Ліпень пахне зёлкамі

Лячэнне лекавымі раслінамі, або фітатэрапія, чалавецтву вядома здаўна. Нягледзячы на тое, што ў аптэцы сёння можна купіць любыя лекі, народная медыцына ўсё больш прыцягвае да сябе ўвагу. Асабліва эфектыўна фітатэрапія для хворых з павышанай адчувальнасцю да сінтэтычных прэпаратаў.
Збор зёлак – вельмі клопатная справа. Даўней ёй займалася далёка не кожная жанчына, а толькі тыя, што ведалі толк у лекавых раслінах. Іх называлі "зяляркамі" ці "бабкамі". І менавіта да іх звярталіся ў складаных выпадках, калі хтосьці моцна хварэў.
Да "зялярак" звярталіся ў складаных выпадках, калі хтосьці моцна хварэў
Жыла такая жанчына і ў вёсцы маіх дзядоў. Інакш як Лявоніха яе ніхто не называў і казалі, што ў часы ваеннага ліхалецця яна сваімі ведамі аб сіле лекавых траў выратавала нямала чалавечых жыццяў. Гэта ветлівая, добрая жанчына пражыла доўгі век, зацікавіўшы не адну маленькую дзяўчынку чароўным светам раслін. Яна вучыла, што кожная расліна мае свой час нарыхтоўкі, збіраць зёлкі трэба ў спякотны дзень далёка ад аўтамабільных дарог і сушыць на гарышчы. Захоўваць сушанае зелле Лявоніха раіла ў палатняных мяшэчках не больш за два гады і памятаць, што не кожную зёлку можна "кідаць у чай".
Святаяннік лугавы
Спраўная зялярка, каб не шкодзіць прыродзе, заўсёды мае каля хаты "аптэкарскі агарод" накшталт тых, якія калісьці былі пры панскіх сядзібах і кляштарах. На "лекавых градках" цешаць вока шалфей і мацярдушка, розныя віды мяты, меліса, румянкі, наготкі, капуцыны ды іншае зелле. Аднак вырасціць, а потым сабраць і высушыць "зялёныя лекі" – гэта толькі палова справы! Іншы клопат – як правільна прыгатаваць зёлкавую гарбату.
Агульных правіл гатавання няшмат:
гатуючы зельную гарбату, варта браць водарныя зёлкі, прыемныя на смак;
гарбату п’юць толькі свежай і добра настоянай;
класічнай лічыцца мерка, калі на 1 шк. вады бярэцца 1 ч. л. сумесі.
Шалфей мускатны
Наогул жа, варыянтаў прыгатавання зельнай гарбаты можа быць мноства. Тым не менш, трэба памятаць аб лекавых якасцях раслін і ўлічваць гэта пры складанні збору. На жаль, назапашаны стагоддзямі народны досвед у лячэнні зёлкамі ўсё яшчэ мала вывучаны, і таму лячыцца імі трэба пад назіраннем спецыялістаў.
Вось некалькі добрых, правераных часам збораў зельнай гарбаты:
па 3 часткі мацярдушкі, святаянніку, мяты, па 1 частцы пялёсткаў і ягад шыпшыны;
па роўных частках рамонку аптэчнага (кветкавыя кошыкі) і мяты перцавай (лісце);
па роўных частках лісця чорнай смародзіны, мелісы, сунічніку, чабару;
па роўных частках лісця чорнай смародзіны, мяты перцавай, малін.
Рамонкі аптэчныя
Асаблівай увагай на агародзе продкаў карысталася мацярдушка. Яе вырошчвалі не толькі як лекавую расліну, але і як цудоўную спецыю, якая ў стравах можа паспяхова замяняць маяран. Пэўна, што смак і водар у гэтых раслін розніцца, але стравы з мацярдушкай атрымваюцца арыгінальныя і смачныя. Так, любяць гэтую зёлку стравы з бабовымі, яйкамі, мясам (вяндлінай), рыбай, рознай гароднінай і ў выпечцы. Тым больш, у Беларусі ў некаторых рэгіёнах мацярдушку клалі ў бочку разам з іншымі спецыямі пры засолцы агуркоў, выкарыстоўвалі пры вырабе квасу, піва, налівак ды запарвалі гарбату.

Пчалалюб гарбаце люб

Мацярдушку звычайную або oregano, што перакладаецца з грэчаскай як "радасць гор", у народзе яшчэ называюць – мацеранка, душанка, мацержанка, бабіна душыца і пчалалюб. Мацярдушка – блізкая сваячка маярану, яна часам так і называлася – дзікі маяран.
Выкарыстанне гэтай расліны чалавецтву вядома здаўна. Яе і цяпер выкарыстоўваюць ў розных краінах свету, але ў славян да яе было асаблівае стаўленне: мацярдушку лічылі чар-зеллем, здольным адагнаць злых духаў, прычараваць каханага, абараніць ад варажбы. Дарэчы, тое самае прыпісвалі і святаянніку (зверабою) з палыном. Для гэтага вязанкі з зёлкамі развешвалі каля ўваходу ў хату, запарвалі ў вадзе, якой мылі падлогу.
Каб адагнаць злых духаў і хваробу, вянкі з зёлкамі развешвалі каля ўваходу ў хату
Мацярдушку можна сустрэць не толькі ў садзе зацятага агародніка, але і ў лесе і нават каля дарогі. Гэтую шматгадовую расліну, якая квітнее ад чэрвеня да верасня, з лекавымі мэтамі нарыхтоўваюць сцяблінамі вышынёй у 20-30 см у сухі, сонечны дзень. Найбольш ярка водар расліны праяўляецца менавіта ў гарачае, сонечнае лета – як сёлета. Павязаўшы ў пучкі, духмяную зёлку сушаць, затым здрабняюць і захоўваюць не больш за два гады. Перад заваркай кветкі і сцябло добра размінаюць.

Настой мацярдушкі

З чаго гатаваць:
1 ст. л. сушанай мацярдушкі,
1 шк. вады.
Для настою спатрэбіцца сушаная мацярдушка
Як гатаваць. 1 ст. л. сухой здробненай мацярдушкі заліць шклянкай (200 мл) кіпятку. Настаяць 30 хв., працадзіць.
Ужываць перад ядой па 0,5 шк. тры разы на дзень пры клімаксе, цукровым дыябеце, імпатэнцыі, неўрозе.

Напітак з мацярдушкі

З чаго гатаваць:
50 г сушанай мацярдушкі,
3 л вады,
150 г мёду.
Напітак з дзікім маяранам і мёдам лічыўся лекавым
Як гатаваць. У кіпячую ваду апусціць сухую траву мацярдушкі і зняць з агню. Даць настаяцца 2-3 гадзіны. Працадзіць, дадаць мёд, перамяшаць. Разліць па бутэльках і ахаладзіць.

Напітак з мацярдушкі і разынак

З чаго гатаваць:
5 шк. вады,
3 яблыкі,
1 ст. л. разынак,
1 ч. л. парашку мацярдушкі.
Спелыя яблыкі дапамогуць зрабіць напітак з мацярдушкі больш салодкім
Як гатаваць. Зварыць яблычны напітак, у канцы варкі дадаць мацярдушку і варыць 5-6 хв. Гатовы адвар працадзіць, дадаць памытыя разынкі і кавалачкі яблыкаў. Даць пастаяць.
Трэба памятаць, што ўжыванне мацярдушкі забараняецца пры цяжарнасці, павышанай адчувальнасці да расліны, у перыяд груднога гадавання і ва ўзросце да 18 гадоў. Таксама яе не выкарыстоўваюць пры павышанай страўнікавай сакрэцыі, хваробах сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавай хваробе дванаццаціперснай кішкі і страўніка.
Цёплых дзянёчкаў!
Шыпшына ля градак
Чытайце таксама:
"Пятрова ночка маленька…", або Ціснем сыры па-шаркаўшчынску
"Ліпень пякучы, але даручы…", або Кухарым з лясных ягад
"Што Бог дасць у дар", або Гатуем багатую "бацвінню" на Ціхана