Прафесійнае свята археолагаў традыцыйна прыпадае на 15 жніўня. З такой нагоды Sputnik зрабіў спецыяльную падборку самых знакавых адкрыццяў гісторыкаў у гэтым годзе.
Доўгі час было прынята лічыць, што самыя старажытныя стаянкі людзей на беларускай тэрыторыі – гэта Бердыж і Юравічы, дзе старажытныя людзі жылі больш за 20 тысяч гадоў таму.
Цяпер падручнікі па беларускай гісторыі давядзецца перапісаць, таму што стары кар’ер пад Іванава ў Брэсцкай вобласці паднёс сапраўдную сенсацыю для еўрапейскай археалогіі.
Геалогія ці археалогія
Ні для каго не сакрэт, што ў эпоху палеаліту еўрапейскі кантынент неаднаразова пакрываўся ледніком вялізнай таўшчыні. Кожнае наступленне лёду, нібы тарка, знішчала ўсе сляды старажытных людзей, якія адыходзілі і вярталіся на поўнач па меры раставання лёду.
Таму доўгі час археолагі ў Беларусі і не разлічвалі знайсці сведчанні засялення нашай тэрыторыі старажытней, чым Бердыж і Юравічы.
Як гэта часта бывае ў навуковых даследаваннях, дапамог выпадак. У Іванаўскім раёне на працягу многіх гадоў здабывалі пясок. Рабочыя пайшлі на дзесяткі метраў у глыбіню, фактычна прарабіўшы ўсю чарнавую працу за археолагаў.
Археалагічныя знаходкі з Агова
© Sputnik / Станислав Андросик
Экспедыцыя Інстытута гісторыі па наводцы краязнаўцаў адправілася вывучыць кар’ер, дзе сталі знаходзіць дзіўныя кавалкі крэменю. На месцы стала зразумела, што гэта прылады працы старажытнага чалавека.
Беларускія гісторыкі звярнуліся да расійскіх калег, і тыя, звярнуўшыся да паслуг геолагаў, змаглі ўстанавіць, што частцы крэмніевых прылад дакладна не менш за 400 тысяч гадоў. Цяпер навукоўцы практычна ўпэўнены, што гэтыя прылады належалі гейдэльбергскаму чалавеку, які нават старэйшы за неандэртальцаў.
Фауна Мінска
Вывучэнне гарадзішча на Менцы працягваецца і ўжо зараз гісторыкі ўпэўнены ў тым, што горад тут узнік у Х стагоддзі. Цяпер даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што тут першапачаткова і з’явіўся Менск і ўжо пазней быў перанесены на берагі Свіслачы.
Падчас раскопак на месцы вала сёлета знайшлі яшчэ дадатковыя рады складаных драўляных абарончых канструкцый, якія не маюць аналагаў ва Усходняй Еўропе.
Частка драўляных клецей была разабрана і адпраўлена на кансервацыю, што таксама прынесла некалькі навуковых адкрыццяў. Высветлілася, што на адным з фрагментаў была выразана зааморфная фігура, якую можна інтэрпрэтаваць або як кабана, або як дракона.
Зааморфная фігура, знойдзеная на Менцы
© Photo : Telegram / Институт истории НАН Беларуси
Потым спецыялісты па кансервацыі знайшлі яшчэ ў адным з дубоў Х стагоддзя ўжыўленую сківіцу кабана. Гэтае сведчанне язычніцкіх вераванняў у жыхароў Менска.
Ужыўленая ў дуб сківіца кабана
© Photo : Институт истории НАН Беларуси
Драўляныя фартыфікацыйныя збудаванні, выяўленыя падчас раскопак на гарадзішчы на Менцы, не маюць аналагаў ва Усходняй Еўропе, таму што з’яўляюцца прыкладам сінтэзу тэхналогій заходніх і ўсходніх славян.
Раскопкі гарадзішча на Менцы
© Sputnik / Виктор Толочко
Востраў і могільнік
Шматгадовае вывучэнне археалагічных помнікаў на востраве пасярод возера Сялява прынесла свой плён. Цяпер беларускія гісторыкі могуць сцвярджаць, што знайшлі самыя старажытныя могілкі каменнага веку на тэрыторыі краіны.
У ходзе раскопак былі выяўлены знаходкі, звязаныя з днепра-дзвінскай культурай жалезнага веку (VIII стагоддзе да н. э. – IV стагоддзе н. э.) і раннім Сярэднявеччам.
Раскопкі на востраве на возеры Сялява
© Photo : из личного архива Александра Вашанова
Апошнія даследаванні дазволілі выявіць яшчэ новыя сведчанні больш старажытнага знаходжання чалавека на востраве. Помнік, які складаецца з дзвюх тэрас, прынёс знаходкі эпохі ранняга мезаліту 10-7 тысячагоддзя да н. э. кундскай культуры і артэфакты ранняга неаліту 6 тысячагоддзя да н. э. нарвскай культуры.
У рамках папярэдніх экспедыцый на востраве ўдалося выявіць восем пахаванняў. Цяпер дзякуючы праекту па вывучэнні ДНК іх удалося датаваць. Пахаванні былі розначасовымі ад мезаліту да ранняга Сярэднявечча. Самае даўняе пахаванне адносілася да кундскай культуры, і яно самае старажытнае ў Беларусі.
Цудадзейны торф
Беларускія гісторыкі не першае дзесяцігоддзе даследуюць унікальны Крывінскі тарфянік, дзе ўдавалася знаходзіць у ідэальным стане вырабы са скуры, косці, дрэва і бурштыну.
Знойдзены драўляны коўш
© Максим Черняховский
У гэтым годзе акрамя раскопак на паверхні былі праведзены і падводныя даследаванні. Справа ў тым, што торф не прапускае ні сонечнае святло, ні паветра, што робіць яго ідэальным кансервантам.
Сёлета навукоўцам трапілася драўляная страла разам з тупым наканечнікам. Таксама пад вадой удалося знайсці драўляны коўш з ручкай, памерам прыблізна з далонь дарослага чалавека.
Гэта ўсе матэрыялы паўночнабеларускай культуры, другая палова трэцяга тысячагоддзя да н. э. – пачатак другога тысячагоддзя. Цяпер коўш будзе праходзіць доўгую кансервацыю, а затым і рэстаўрацыю.
Чорна-чорна
У Беларусі дастаткова жорсткая нарматыўная база адносна таго, хто, дзе і як можа праводзіць археалагічныя раскопкі. Але калі вы думаеце, што зараз у краіне пошукам старажытнасцей займаюцца толькі прафесійныя навукоўцы, дык вы сур’ёзна памыляецеся.
У нашай краіне законам забаронена займацца мэтанакіраваным пошукам пры дапамозе металадэтэктара. Гэта могуць рабіць толькі археолагі, у якіх на руках ёсць адкрыты ліст на правядзенне раскопак, гэта значыць дазвол Інстытута гісторыі.
Далей – больш: любая выпадковая знаходка павінна перадавацца спецыялістам, таму што ўсе археалагічныя старажытнасці, а значыць – прадметы старэйшыя за 120 гадоў, належаць дзяржаве.
Пры гэтым у байнэце ёсць цэлы рэсурс, дзе чорныя капальнікі не проста выхваляюцца знаходкамі, але і прадаюць іх.
Летам здарылася сапраўдная сенсацыя: адзін з чорных капальнікаў знайшоў бронзавы наканечнік дзіды сярэднедняпроўскай культуры, а гэта 3200-2300 да н. э.
Зброя ў цудоўным стане была знойдзена ў Глускім раёне і цяпер абсалютна спакойна шукае свайго гаспадара. Такія прадметы ў такім стане ў нас у краіне зараз у музеях не знайсці. Падобныя знаходкі рабіліся ў Расіі і з высокай доляй верагоднасці можна сказаць, што чорны капальнік натрапіў на пахаванне.
Раскапаўшы пахаванне, якому каля 5 тысяч гадоў, ён проста знішчыў археалагічны помнік. Цяпер ён ужо не будзе ўяўляць ніякай каштоўнасці для даследавання. Колькі такіх помнікаў можа быць яшчэ разбурана, застаецца толькі гадаць.
Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"