"Жавароначкі, прыляціце…", або Святкуем Саракі з поснымі стравамі

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра старажытныя асаблівасці Гукання вясны і прапануе прыгатаваць на Саракі "жаваронкі" з поснага цеста ды журачку з грыбнымі вушкамі.
Sputnik
У народзе кажуць: "Свая хатка, як родная матка". Быццам бы падцвярджаючы гэтыя словы, шпарка махаючы крыламі, вяртаюцца з выраю птушкі. Будуюць гнёзды гракі, неба поўніцца гусінымі пераклічкамі, і ўжо чуваць у полі звонкі галасок жаваранка.
Усё гэта напаўняе сэрца шчымлівай радасцю, бо вясну не стрымаць і наперадзе цёплае лета. Па павер’ях яго прыносіць на сваіх маленькіх крылцах шэранькі птах жаваранак у Саракі, якія ў народным календары адзначаюць 22 сакавіка. Лічыцца, што ў гэты дзень вылятае з цёплых краёў на радзіму сорак "выраяў" птушак.
Птушкі вяртаюцца з выраю
Нават існавала прыкмета: калі ў гэты дзень убачыць вырай, які ляціць, то гэтаму чалавеку будзе шанцаваць ва ўсім. Мабыць, варта паехаць за горад, каб паўглядацца ў неба, прыхапіўшы з сабой абрадавае печыва ў выглядзе жаваранкаў.
Печыва ў выглядзе жаваранка

Чароўны час

Самая вялікая падзея тыдня – вясновае раўнадзенства, якое сёлета адбылося 20 сакавіка, а побач з ім і Саракі. Гэта перыяд, калі ўсё аднаўляецца ў прыродзе, абуджаецца ад сну, адраджаецца нанава.
Як і ў многія іншыя народныя святы, на Саракі было прынята назіраць за надвор’ем. Лічылася, якая пагода на Саракі – такая застанецца і на 40 наступных дзён. Больш пільна назіралі за надвор’ем да 12 гадзін і лічылі: калі будзе пахмурна, то вясна будзе ранняя, а калі сонца, то наадварот. Калі ж гэты дзень быў марозны, то трэба было чакаць яшчэ сорак маразоў.
"Жавароначкі, прыляціце, цёпла лецейка прынясіце!.."
Таксама назіралі за паводзінамі жаваранка. Аглядаючы нівы, чалавек прыкмячаў:
жаваранкі гуляюць – да добрага надвор’я,
жаваранкі сядзяць, надзьмуўшыся – да навальніцы.
Саракі – чароўны час! Калісьці ў гэты дзень, калі не было снегу, дзяўчаты хадзілі ў лес гукаць вясну. Яны спявалі адмысловыя песні і перагукваліся паміж сабой. Паўсюдна было чутно:
"Вясна, вясына на калочку, не напрала на сарочку. Г-у-у!"
Дзяўчаты гукаюць вясну
Сабе ў дапамогу клікалі жаваранка:
"Жавароначкі, прыляціце, цёпла лецейка прынясіце! Бо зімачка надаела, усе хлебчыкі пераела!"
А вось у Шумілінскім раёне (што на Віцебшчыне), на Саракі прыладжвалі арэлі і абавязкова гушкаліся. Лічылася, што такая традыцыя сустрэчы з вясной абавязкова дапаможа справіцца ўлетку з камарамі.
Каб вясна хутчэй прыйшла. Ды без камароў!
Наогул, гэты дзень поўны разнастайных абрадаў, і сярод іх пэўная колькасць абавязкова звязана з кулінарыяй!

"Гукаем вясну" на кухні

Бадай, асабліва прыкметным сярод іншых было выпяканне маленькіх булачак у выглядзе жаваранкаў у колькасці 40 штук, якія раздавалі дзецям. З гэткімі прысмакамі малыя беглі на вуліцу і там падкідвалі іх угару – клікалі вясну. А ў некаторых мясцовасцях у адну з булачак клалі запаветную манетку-"саракоўку" (у савецкія часы 20 капеек). Верылі, што каму яна дастанецца, таму будзе нейкае шчасце.
"Жаваронкаў" падкідвалі ўгару – клікалі вясну
На Палессі ж аб традыцыі выпякаць абрадавае печыва казалі, што Саракі заўсёды бываюць у пост і таму ўся выпечка і іншыя стравы павінны быць адпаведныя:
"Саракі… гэта ўжо саўсім вясна, бо ўжэ прылятае з выр’я жаваранак. На саракі пякуць галушкі з прэснаго, а часамі й з кіслаго цеста. Гэто жаваранкі. Ядуць іх з сытою з мёду, бо гэто посны дзень" (паводле А. Сержпутоўскага, "Выбранае").
Што ж, не будзем адставаць ад продкавай кухні!

"Жаваронкі" з поснага цеста

З чаго гатаваць:
480 мл вады,
9 г сухіх дражджэй,
6 ст. л. цукру,
100 мл алею,
640 г мукі,
10 г разынак,
соль (да смаку).
Тыя самыя традыцыйныя "жаваронкі"
Як гатаваць. У 150 мл цёплай вады развесці 3 ч. л. цукру, дрожджы і пакінуць на 10-15 хв. да з’яўлення пены. У астатняй цёплай вадзе развесці соль і астатні цукар, усыпаць дрожджы, алей і добра перамяшаць. Пакрысе падсыпаць туды прасеяную муку, увесь час мяшаючы спачатку лыжкай, а пасля рукамі, пакуль цеста не пачне адставаць ад рук. Цеста павінна быць мяккім, нетугім. Міску з цестам накрыць, паставіць у цёплае месца – прыкладна на адну гадзіну ці крыху болей.
Як толькі цеста паднялося, яго трэба акуратна абціснуць і падзяліць на роўныя часткі, зрабіць круглячкі, накрыць іх сурвэткай і пакінуць на 10 хв.
З цеста раскачаць круглячкі каўбаскай у 20-25 см, закруціць вузлом і выляпіць птушачку з галоўкай і хвосцікам. Галоўку зрабіць з дзюбкай і вочкамі, на якія спатрэбяцца кавалачкі накрышаных разынак, хвост злёгку распляскаць і надрэзаць нажом. З гэтай колькасці цеста павінна атрымацца прыкладна 25 "жаваронкаў".
Засцяліць бляху пергаментнай паперай, а калі такой няма, змазаць бляху алеем і няшчыльна выкласці булачкі. Затым паставіць у цёплае месца на 10-20 хв.
Перад выпечкай змазаць "жаваронкаў" салодкай вадой ці алеем. Выпякаць у печы (ці загадзя разагрэтай да 180 градусаў духоўцы) 20-25 хв., пакуль не падрумяняцца.
Спечаныя "жаваронкі" да Саракоў

Лянівікі

Гэтыя мучныя качаныя клёцкі раней гатавалі з рознай мукі – пшанічнай, грэцкай, жытняй ці ячнай. Або змешвалі два віды мукі ў розных спалучэннях.
З чаго гатаваць:
2 шк. мукі,
2 ст. л. вады,
соль (да смаку).
Лянівікі
Як гатаваць. Замясіць тугое цеста, скачаць каўбаскай. Потым нарэзаць на кавалачкі і скачаць у далонях памерам з грэцкі арэх, пакінуць на некаторы час "вянуць".
Закіпяціць ваду, пасаліць і кідаць клёцкі ў вар. Як падымуцца, дастаць з вады.
Перад падачай можна падсмажыць цыбулю на алеі і паліць гэтым клёцкі.

Журачка з грыбнымі вушкамі

З чаго гатаваць журачку:
сушаныя грыбы,
2 шк. мукі,
2 цыбуліны,
алей,
лаўровы ліст,
перац гарошкам,
вада,
соль (да смаку).
Як гатаваць. Сушаныя грыбы замачыць, памыць, паставіць варыцца у прафільтраванай вадзе, у якой яны мачыліся. Дадаць лаўровы ліст і перац гарошкам.
Як грыбы зварыліся, дастаць іх, парэзаць і падсмажыць на алеі з нашаткаванай цыбуляй.
Некалькі сталовых лыжак мукі перамяшаць з халоднай падсоленай вадой і ўліць патроху ў гарачы грыбны булён. Варыць, мяшаючы, 10 хв., зняць з агню і накрыць накрыўкай.
Журачка вясковая
З чаго гатаваць вушкі:
2 шк. мукі,
1,5 шк. вады,
зеляніна кропу,
соль (да смаку).
Як гатаваць. Узяць 2 шк. мукі, вады, соль і замясіць густое цеста. З раскатанага цеста шклянкай выразаць кружочкі, пакласці на іх грыбны фарш і зашчыпаць па краях.
Закіпяціць падсоленую ваду, акуратна апусціць у яе вушкі і варыць у кіпені 5-7 хв. Як пачнуць усплываць – то гатовы.
Падаваць наступным чынам: пакласці ў талерку некалькі вушак, наліць журачку і пасыпаць зелянінай кропу.

Зуцы (грыбныя катлеты)

З чаго гатаваць:
2 жмені сушаных грыбоў,
2 цыбуліны,
1 ст. л. мукі,
1 зубок часнаку,
паніровачныя сухары,
чорны молаты перац (па патрэбе),
молатая каляндра (па патрэбе),
молаты кмен (па патрэбе),
соль (да смаку).
Для стравы спатрэбяцца лепшыя сушаныя грыбы
Як гатаваць. Сушаныя грыбы замачыць, прамыць, зварыць і перакруціць на мясарубцы.
Падсмажыць на алеі да залацістага колеру лыжку мукі. У грыбы дадаць муку, падсмажаную цыбулю, зубок дробна скрышанага часнаку, каляндру, перац і соль.
Сфармаваць катлеты, абкачаць іх у сухарах і падсмажыць на алеі да залацістай скарынкі.
Смачна есці!
Рознакаляровае печыва
Чытайце таксама:
Пад уладай сялянскіх разнасолаў, або Час посных страў
Усім водарам водар, або Кулінарнае падарожжа па лютаўскіх стравах з кменам
Поснае перадкаляддзе, або Пачынаем Піліпаўку з поліўкі ды квасу