Ліпень – сярэдзіна лета, а самае прыгожае і чароўнае свята месяца, безумоўна, – Купалле.
Беларусам шанцуе! Мы сустракаем Каляды і Купалле па два разы на год па старым і новым стылі. Летняя ўрачыстасць у гонар сонца і агню адбываецца з 23 на 24 чэрвеня і з 6 на 7 ліпеня. У гэтыя дні святкуюць адразу два святы Купалу і Яна (святы Іаан Прадцеча). Так і спяваюць:
"Сёння Купала, заўтра Ян!.."
Сонца, якое да гэтага часу падымалася ўсё вышэй і вышэй, пасля летняга сонцастаяння павольна коціцца да цёмных калядных вечароў. Але ж да іх яшчэ далёка, а сённяшняе свята – нагода пашукаць папараць-кветку.
Купальскія цуды
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
"Жычкай" па чараўніцы!
Купалле здаўна лічылася святам, перш за ўсё, моладзі і кахання. Аднак у ім прымалі ўдзел усе жадаючыя (пры гэтым паводзячы сябе адпаведна ўзросту), бо спаць у гэтую ноч было немажліва. Тым больш, што жанчын, якія не святкавалі Купалу, лічылі ведзьмамі і кпілі з іх. Для астатніх, хто не святкаваў Купалле, у абрадавых песнях таксама было прапісана пакаранне:
"...А хто ня быў на Купаллі,
Бадай таго закапалі!"
Таму, каб нават жартам не быць "пакараным" у самае забабоннае свята, чаму б не падтрымаць старажытную традыцыю і не пасядзець каля вогнішча разам з сябрамі? А яшчэ – спяваць любімыя песні, скакаць праз агонь ці назіраць, як гэта робяць іншыя, і ласавацца стравамі, прыгатаванымі да гэтага вечара загадзя.
Да Купалля гаспадыні гатуюць адмысловыя стравы, сярод якіх і святочны пірог як сімвал сонца
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дзяды верылі, што ў купальскі час здзяйсняецца нейкі пераварот у свеце: дрэвы, звяры, жывёлы вядуць паміж сабой гаворку і шэпчуцца ў лузе травы. На Купалле сустракаюцца разам усе стыхіі – агонь, вада, зямля і паветра, і ўсе яны ў гэты час на службе ў чалавека. Праўда, кожны карыстаецца імі, як разумее. Напрыклад, зяляркі і пчаляры – на карысць чалавеку, а вось ведзьмы імкнуцца прычыніць максімальную шкоду.
Гаспадыні плятуць купальскія вянкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, ці ведаеце, як распазнаць сярод суседак ведзьму? Яна у гэты дзень абавязкова прыйдзе па запалкі! Сцеражыцеся, падумайце "соль ёй у вочы" і нічога не давайце!
Чым абараняцца ад шкоднага ўздзеяння купальскіх чараўніц? Ад продкаў захаваліся містычныя парады:
агонь – найлепшы сродак абароны, таму на купальскім свяце трэба абавязкова скакаць праз вялікае вогнішча;
палын у якасці абярэга неабходна насіць на целе пад сарочкай;
крапіва – раслінны сімвал агню, гэта ж датычыцца і асобага віду крапівы з дробнымі лісцікамі, які называецца "жычка", бо яна асабліва пякучая і пра яе кажуць "жыжкае крапівы нарвалі". Падчас Купалля дзеці не маглі скакаць праз вялікае вогнішча разам з дарослымі, яны раскладалі маленькі агонь з жычкі і скакалі праз яго.
Крапіва – старажытны купальскі абярэг
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Таксама продкі, каб засцерагчы сябе ад шкоднага ўздзеяння ведзьмаў, якія ператвараліся па народных павер’ях у жаб, змей ці яшчарак і імкнуліся трапіць у хлеў, каб "адабраць" малако ў кароў, заездзіць да смерці коней, – паўсюдна каля дзвярэй і вокнаў затыкалі галінкі палыну і крапівы, вешалі на сцены вянкі з асвечанага ў царкве купальскага зелля, малявалі дзёгцем крыжы на ілбах кароў і для большай вагі затыкалі над дзвярыма грамнічную свечку. Кажуць, раніцай можна было пабачыць, ці прыходзіла чараўніца. Калі прыходзіла, то свечка была пагрызена, а значыць гаспадыня такім чынам змагла процістаяць нападам злыдні.
Было падобнае здарэнне сёлета і са мной! Праз адчыненыя на ганку дзверы ў хату спрабавала перабрацца вялікая жаба – адкінутая ад дзвярэй яна раз-пораз ізноў імкнулася трапіць да вядомай толькі ёй мэты. Хто ведае, была гэта купальская ведзьма, ці можа проста тутэйшая жыхарка агароду заблукала.
Купальскі вянок з зёлак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Аднак каб былі сілы змагацца з купальскімі чараўніцамі, у Купальскую ноч важна добра падсілкавацца.
Гатуем да Купальскай вячэры
Да святочнага вогнішча кожны прыносіў што-небудзь смачнае. Так, абавязкова пяклі бліны і аладкі, якія сімвалізавалі сонца, разам з пер’ем цыбулі прыносілі салёнае сала і сухія каўбасы, проста ў вогнішчы пяклі бульбу, а ў хаце гатавалі пышную яечню, варылі кулагу і іншыя густыя кісялі, пяклі разнастайныя пірагі, бісквітныя грыбкі, печыва. З напіткаў жа бралі на Купалле разнастайныя квасы, узвар, хатняе піва ды медавуху.
Да святочнага вогнішча кожны прыносіў што-небудзь смачнае
© Sputnik / Альфред Микус
Блінцы купальскія
З чаго гатаваць:
1,25 шк. мукі,
2 шк. малака,
1 яйка,
0,5 ст. л. цукру,
4 ст. л. топленага масла,
кавалак сала (для падмазвання),
соль (да смаку).
Купальскія блінцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У шклянку малака ўбіць яйка, усыпаць цукар, муку і ўсё добра перамяшаць, каб не засталося камякоў. Дадаць астатняе малако і перамяшаць.
Нагрэць патэльню, змазаць яе падмазкай з сала, наліць тонкім слоем цеста.
Гатовыя блінцы скласці трохкутнікам і абсмажыць з абодвух бакоў на масле.
Медавуха
З чаго гатаваць:
5 л вады,
300 г мёду,
10 г дражджэй.
Старажытная медавуха
© Sputnik / Сергей Лескеть
Як гатаваць. Мёд разам з сотамі развесці халоднай гатаванай вадой, заліць у невялікую драўляную бочачку. Дадаць дрожджы, разведзеныя ў цёплай вадзе, перамяшаць.
Трымаць у халодным месцы 6-8 дзён.
Печыва на расоле
З чаго гатаваць:
1 шк. агурочнага расолу,
3 шк. мукі,
1 ч. л. соды,
0,5 шк. цукру,
0,5 шк. алею.
Святочнае печыва
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У расол усыпаць лыжку соды, добра перамяшаць. Калі з’явіцца пена, дадаць цукар, муку і алей.
Замясіць цеста, тонка раскачаць і выразаць чаркай (формамі для печыва) фігуркі. Пасыпаць макам і запячы на блясе.
Вясёлай Купальскай ночы!
Дзяды верылі, што ў купальскі час здзяйсняецца чароўны пераварот у свеце
© Sputnik / Альфред Микус
Чытайце таксама:
"Кулажка – не бражка, а з божага дару…", або Пачастунак для Купальскага Дзядка
"На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае…", або Беларускі халаднік ад Радзівілаў да Капыля
"Каля святой Алены гароды добра зялены", або Дзень ільну ў старажытных традыцыях беларусаў