"Кулажка – не бражка, а з божага дару…", або Пачастунак для Купальскага Дзядка
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКулага з чарніц

© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае продкавую таямніцу, як на Купалле прывабіць на свой абрус чароўную кветку, і прапануе прыгатаваць па купальскім рэцэпце старажытную палесскую кулагу з ягадамі.
Здаецца, зусім нядаўна ўшаноўвалі нараджэнне вясновага сонца, гукалі вясну і клікалі цёплае лета, а вось ужо на парозе дзень летняга сонцастаяння. 21 чэрвеня сёлета – самы доўгі дзень і самая кароткая ноч у годзе, і гэтую падзею абавязкова трэба адзначыць!
Дзень лічыцца спрыяльным для розных відаў творчасці, сярод якіх спевы і скокі на першым месцы. Таму ў гэты дзень трэба сабрацца з сябрамі і абавязкова на прыродзе. Тым больш, што так з даўніх часоў рабілі і нашы продкі, якія ў гонар жыццядайнага сонца ладзілі абрадавую ўрачыстасць пад назвай Купалле.
© Sputnik / Alexandr Kryazhev / Перайсці ў медыябанкНа Купалле продкі збіраліся з сябрамі і сваякамі на прыродзе

На Купалле продкі збіраліся з сябрамі і сваякамі на прыродзе
© Sputnik / Alexandr Kryazhev
/ Кветку – на абрус!
У гэты дзень ёсць нагода апрануць вышыванкі, са спевамі пайсці ў поле збіраць кветкі, віць з іх вянкі, а ўвечары запаліць вогнішча, вадзіць вакол яго карагоды, скакаць праз агонь, ізноў спяваць і, вядома ж, частавацца загадзя нагатаванымі стравамі.
Продкі верылі, што дзень, прысвечаны найвышэйшаму росквіту жыватворных сіл зямлі і асабліва расліннасці, – чароўны. Гэты час здаўна лічыцца спрыяльным для збірання лекавых раслін, бо яны, на думку народа, набываюць вялікую гаючую моц.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДзень летняга сонцастаяння прысвечаны найвышэйшаму росквіту расліннасці

Дзень летняга сонцастаяння прысвечаны найвышэйшаму росквіту расліннасці
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Акрамя таго, старажытныя беларусы спадзяваліся, што, збіраючы зелле пасля абеду, можа пашанцаваць убачыць сапраўднага Купальскага Дзядка. Па народных уяўленнях, гэты міфалагічны персанаж таксама гэтым часам збірае зёлкі. Лічыцца, што Дзядок гэты (у адрозненне ад іншых міфалагічных істот) даволі лагодны, добра ставіцца да людзей і, калі не разгубіцца і расцяліць перад ім чысты абрус, то ён абавязкова кіне на яго адмысловую чароўную кветку.
З кветкі гэтай для чалавека бывае вялікая карысць, бо той, хто яе мае, атрымлівае дар прадбачання і можа даведацца, дзе ляжаць схаваныя скарбы і як з іх зняць закляцце, бо па павер’ях на большасць з іх накладзена закляцце супраць раскрадальнікаў. Таксама можна пачуць мову раслін, а менавіта ў купальскую ноч лічыцца, што дрэвы размаўляюць паміж сабой, раскрываючы шчасліўцу каштоўныя веды.
© Sputnik / Виктор ТолочкоУ гэты дзень ёсць нагода ўвечары запаліць купальскае вогнішча і вадзіць вакол яго карагоды

У гэты дзень ёсць нагода ўвечары запаліць купальскае вогнішча і вадзіць вакол яго карагоды
© Sputnik / Виктор Толочко
Аднак для ўладальніка кветкі не ўсё так проста! Мала кветку атрымаць ад Дзядка, яе яшчэ трэба абараніць ад нечысці, якая таксама хоча мець такую цудоўную расліну.
Да ўсяго, жадаючы спаткаць Купальскага Дзядка, трэба мабыць не адно сонцастаянне гойсаць па палях і лясах з белым абрусам. Ды й наогул каштоўныя рэчы лёгка не даюцца! Таму, калі Дзядок у гэты раз не сустрэўся, то на будучыню можна яго залагодзіць, паабяцаўшы ў яго гонар прыгатаваць на купальскі абрус смачную страву.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяУ купальскую ноч можна пачуць мову раслін

У купальскую ноч можна пачуць мову раслін
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Купальская кулага
Ніякае народнае свята, якое адзначалася вясковай супольнасцю, не абыходзілася без абрадавага стала, які накрываўся ў складчыну. Кожны нёс з хаты загадзя прыгатавныя стравы ды напоі, якія раскладаліся на абрусах, разасланых на зямлі. І свята Купалля не выключэнне!
© Sputnik / Альфред МикусСвяточны стол

Святочны стол
© Sputnik / Альфред Микус
З купальскіх напіткаў часцей прысутнічалі хлебны, бярозавы або яблычны квас ды узвар з сухафруктаў, аднак сустракаліся на святочным абрусе і лёгкае піва, і гарэлка. А вось сярод абрадавых страў на сонцаварот абавязковымі былі бліны, якія сімвалізавалі сонца, клінковы сыр, яечня, запечаная курыца, сала, свежы хлеб, падсушаныя каўбасы, пер’е цыбулі і такія ласункі, як пірагі і кулага з ляснымі ягадамі.
Кулага – даўняя страва з мукі, кісла-салодкая мучная каша, вядомая амаль па ўсёй Беларусі (акрамя яе заходняй часткі). Звычайна варылі кулагу з жытняй або грэцкай мукі, часам – з іх сумесі ці жытняга соладу, аднак бывала, што выкарыстоўвалі і аўсяную. Муку спачатку разводзілі летняй ці халоднай вадой, потым залівалі варам – страва набывала салодкі смак. Потым яе ставілі ў цёплае месца ці вылівалі ў хлебную дзежку, каб укісла, а затым варылі (паводле энцыклапедыі "Этнаграфія Беларусі").
Такую няхітрую кулагу нічым не запраўлялі, ужываючы проста з бульбай або хлебам.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКулага простая – без ягад

Кулага простая – без ягад
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Тым не менш, на свята гэтую страву варылі з ягадамі каліны, чарніцамі ды наогул з любымі ягадамі без костачак.
У розных мясцовасцях кулагу гатавалі па-свойму. Вось як яе гатуюць па сённяшні дзень у Кобрынскім раёне.
Кулага "палесская"
З чаго гатаваць:
1 шк. вады,
1-1,5 ст. л. аржаной (аўсянай, грэцкай) мукі,
1 шк. ягад (чарніцы, брусніцы, маліны, буякі, суніцы, клубніцы, а таксама слівы і вішні без костачак),
мёд (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКулага "палесская"

Кулага "палесская"
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Каструлю запоўніць напалову ягадамі і напалову вадой, закрыць накрыўкай і варыць на малым агні, паступова павялічваючы яго да таго часу, як зварацца ягады.
У сярэдзіне варкі дадаюць мёд ці цукар, або разам цукар і мёд.
Калі ягады разварацца, да іх паступова падсыпаюць муку, увесь час мяшаючы, пакуль не ўтворыцца густы кісель.
Ядуць такую кулагу і гарачай, і халоднай, але абавязкова з блінамі.
Смачна есці ды добра пакупаліць!
© Sputnik / Виктор ТолочкоКупальскае свята

Купальскае свята
© Sputnik / Виктор Толочко
Чытайце таксама:
"Каля святой Алены гароды добра зялены", або Дзень ільну ў старажытных традыцыях беларусаў
Зялёныя Святкі з водарам ліпы і цомбера, або Гатуем Траецкую бяседу на "вялікія госці"
"А мы проса сеялі…", або Абрадавыя і кулінарныя завядзёнкі з прасяным смакам