Як толькі надыходзіць май, у канцы працоўнага тыдня вялікія і малыя гарады паціху пусцеюць. Усе, у каго ёсць лецішча ці сваякі жывуць ў вёсцы, спяшаюцца з’ехаць "на прыроду". І не дзіва – заседзеўшыся ў кватэрах і офісах, людзі спяшаюцца дакрануцца да зямлі.
Май – прыгожы вясновы месяц, калі паўсюдна чуюцца спевы птушак, паветра напоўнена водарам квітнеючых дрэў і кветак. Здаецца, лепшага часу для адпачынку не знайсці. Тым больш, што сёлета май пачынаецца з трох вольных ад працы дней. І, тым не менш, апошні месяц вясны поўны вялікіх клопатаў для земляробаў і агароднікаў.
Бусел над вёскай у маі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Прадракаючы цёплае надвор’е ў паветры таўчэцца машкара, а значыць і адпачынак, і праца будуць прыемныя. Дарэчы, вечаровыя пасядзелкі каля вогнішча ў пачатку мая раней у вёсцы называліся "маёўкамі", калі было прынята смажыць сала з хлебам на прутках і есці смачныя піражкі з морквай.
У дапамогу сучасным агароднікам напісана нямала добрых кніг. Нашы ж бабулі ўсё насілі ў галаве, бо народны каляндар нельга не ведаць на памяць. Ад першых дзён месяца гэты гаспадарчы аракул даваў сельскім гаспадыням шмат карысных падказак, што тычыліся і надвор’я, і майскіх пасеваў, бо неабходна было вырашыць: насенне якіх культур трэба першым укінуць у зямлю, а якое яшчэ няхай пачакае больш устойлівага надвор’я. Такое стаўленне сялян да продкавых назіранняў мела вялікі сэнс, бо ад пасаджанай своечасова агародніны залежаў будучы ўраджай, а значыць і дабрабыт сям’і.
Свойская морква
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, 1 мая ў народным календары прысвечана прысвятку Кузьма, у дзень якога было прынята сеяць моркву і буракі. З такой гаспадарчай нагоды, складаючы план агародных работ на месяц, у вёсцы раней казалі:
"Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком праводзіць".
Ад "агароднай магіі" да ўдалай сяўбы
Беларусы ў большасці сваёй зацятыя агароднікі, і вопыт догляду агародніны, парадак чарговасці сяўбы пэўных яе культур перадаецца з пакалення ў пакаленне. Здаўна захаваўся няпісаны звод агульных правіл падрыхтоўкі да пасяўной:
прыступаць да любой справы ў чыстым адзенні;
пачынаць пасяўную ў добрым настроі;
выбраць для сяўбы дзень, калі на небе будзе поўня, бо тады караняплоды пойдуць не ў траву, а ў корань;
каб палепшыць ураджайнасць, кінуць на будучыя грады шкарлупкі ад асвечаных у царкве яек, прыхаваныя ад Вялікадня.
І толькі пасля такога падрыхтоўвання з элементамі "агароднай магіі" можна было прыступаць да гаспадарчай практыкі на ўласным агародзе.
Перш за ўсё трэба было размеркаваць сяўбу розных культур так, каб яны не перашкаджалі расці адна адной і нават дапамагалі. Так, напрыклад, пры сяўбе морквы дзеля яе абароны ад шкоднікаў побач садзілі часнок ці цыбулю, але толькі не кроп (ён духмяным парасончыкам прываблівае шкодных насякомых). А вось каб морква вырасла саладзейшая – побач сеялі буракі.
Буракі на градах
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Гэтым жа часам, каб мець насенне на наступны год, рабілі высадкі з самых лепшых караняплодаў. Калі ж свайго насення па якой-небудзь прычыне не было, яго куплялі ў суседкі за сімвалічную плату – дробныя грошы – і абавязкова прыгаворвалі: "Каб вялося і не звялося…".
Існавала і адмысловае гаспадарчае выслоўе, якое продкі прамаўлялі пасля сяўбы морквы:
"Расці вялікая ды салодкая на ўсіх долю!"
Беларусы – зацятыя агароднікі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
На Пружаншчыне морква – каралева!
Наогул, морква і буракі – тая гародніна, якая здольна захоўвацца да новага ўраджаю. Калісьці гэта было вельмі важна, бо большасць прыпасаў, закладзеных з восені, было ўжо амаль з’едзена. Таму галоднай вясной спраўныя гаспадыні радаваліся мінулагоднім морквачцы ды бурачку, з якіх гатавалі шмат пажыўных і смачных страў. Накшталт тых, што гатуюць у аграгарадку Сухопаль, што на Пружаншчыне!
Піражкі з морквай і ігрушамі
З чаго гатаваць:
450-500 г мукі,
1 яйка,
7-10 г сухіх дражджэй,
250 г вады,
3 ст. л. алею,
2-3 буйныя морквіны,
20-25 дробных сухіх ігруш,
1 ч. л. цукру,
0,5 ч. л. солі.
Піражкі з морквай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Для начынкі замочаныя загадзя ігрушы дробна парэзаць, дадаць старкаваную на буйной тарцы моркву, перамяшаць і тушыць каля гадзіны.
Пакуль начынне тушыцца, гатуем цеста. У цёплую ваду (замест яе можна выкарыстаць і кіслае малако) убіць яйка, акуратна перамяшаць. Потым дадаць цукар і дрожджы ды зноўку перамяшаць, каб яны распусціліся. Уліць алей і зноў перамяшаць.
Далей усыпаць муку і соль, замясіць цеста – спачатку лыжкай, а затым рукамі. Муку дадаваць да таго часу, пакуль цеста не стане мяккім і не збярэцца ў адзін ком, які можа злёгку ліпнуць да рук і начыння. Ёмістасць з цестам, накрыўшы сурвэткай, паставіць у цёплае месца на 30-40 хв., каб паднялося. Калі аб’ём цеста павялічыцца амаль удвая – дасыпаць муку і абмяць.
Далей нарабіць з цеста невялікіх лапуноў, укласці начынку і сфарміраваць піражкі.
Смажыць піражкі на патэльні з разагрэтым алеем у печы (духоўцы).
Аладкі з морквы
З чаго гатаваць:
125 г морквы,
15 г масла,
1 яйка,
1/3 шк. мукі,
соль (да смаку).
Аладкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Дробна натаркаваць моркву, убіць яйка, соль, муку. Добра перамяшаць і падсмажыць на сметанковым масле.
Смачна есці і ўдалых агародных клопатаў!
Морква з бацвіннем
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"Зямля выспявае – крапіва буяе…", або Красавіцкія клопаты ля ачага з пякучым пустазеллем
"Калючы ёрш – а юшка смачная…", або Рыбны дзень каля сялянскай печы
"Сакавік снегам сее, а часам сонцам грэе…", або Гатуем з бручкі посныя прысмакі