16:23 20 лютага 2020
«Радыё Sputnik»
  • USD2.20
  • EUR2.38
  • 100 RUB3.46
Спадчына
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (49)
15550

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра паходжанне незвычайнага дзеяслова і вучыць гатаваць сапраўдную беларускую зацірку.

Ад гаспадынь у беларускіх вёсках нярэдка можна пачуць запрашэнне на абед: "Сядай, пасёрбай супчыку!". Гэтыя словы для многіх беларусаў не проста атаясамліваюць родную мову, але і звязана з успамінамі пра дзяцінства і падарожжамі да бабулі ў вёску.

Дзеяслоў "сёрбаць" азначае "есці вадкую страву, прысмоктваючы ад задавальнення" і паходзіць ад назоўніка "сёрб", што азначае "глыток напітка".

У беларускай народнай мове сустракаецца шмат трапных выразаў, у якіх выкарыстоўваецца гэтае слова, напрыклад, "Гэта яму адным сёрбам выпіць" ці "Гэтага яму на адзін сёрб".

Выкарыстоўваўся гэты дзеяслоў і для абазначэння ацэнкі паводзінаў гаспадароў і іх гасцей. Калі, напрыклад, гаспадар па нейкіх уласных прычынх не выказваў гасціннасці, госць казаў так: "Пазваў да аднаго сёрбу". Калі ў хату трапляў госць-абжора, то пра такога казалі "Жарэць у сем сярбоў з аблізам".

Дарэчы бедных людзей, якія харчаваліся за кошт іншых, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці называлі "сербаловічамі" і казалі: "У гэтай хаце сербаловічы жывуць" ці "Сербаловічы прыехалі".

Ёсць і другое тлумачэнне слова "сёрбаць", якое азначае  "груба і  неахайна есці", а слова "сёрб" азначае "гук пры хлёбанні". Выхоўваючы моладзь у добрых манерах казалі: "Не сёрбай ты так, ня хораша" або "еш без сёрбу".

У беларускай міфалогіі існуе  чалавекападобны персанаж імя якому Сярбай (Сёрба,Сербай). Ён быццам бы з'яўляецца ў час голаду, галечы, бяды і іх увасабляе.  Паходжанне яго імя мае некалькі версій. Першая ўтварылася пад уплывам дзеяслова "сёрбаць", другая - ад наймення цыганоў-сербіянаў, што прасіліся да сялян на пастой ці зімоўку, трэцяя мае літоўскія карані.

Этнограф Ларыса Мятлеўская
© Photo : фота з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай

Справа ў тым, што напаміны пра гэтага духа даволі лакальныя. Навукоўцы сцвярджаюць, што звесткі аб ім сустракаюцца толькі на беларуска-літоўскім памежжы у Астравецкім, Воранаўскім, Ашмянскім, Браслаўскім, Мядзельскім раёнах. Лічыцца, што форма Сярбай выглядае больш архаічна і першапачаткова утворана ад літоўскага siaūbas – "жах", siaubė - "спусташальніца", siaubimas - "спусташэнне". Такі сэнс слова дакладна адпавядае гэтаму міфалагічнаму персанажу. Але ў народзе лічылі, што прагнаць Сярбая, а разам з ім і голад, можна. Для гэтага неабходна першы зжаты сноп прынесцi ў хату і пакінуць яго на покуці.

Сярбай і Сёрба – дух, які мае і мужчынскае, і жаночае аблічча. Калі мужчынскі дух Сярбай выглядаў жахліва, то Сёрба не была агіднаю. Гаспадыня імкнулася ўлашчыць яе, наладзіць добрыя адносіны і таму яе  велічалі "паняй". Дарэчы абедзве гэтыя істоты ў народных уяўленнях здольны караць за неахайнае стаўленне да хлеба. Выхоўваючы дзяцей, якія раскідалі хлеб, дарослыя пагражалі: "Эта ж ужо, як раскінеш, не будзеш мець есці, толькі зацірку. Зацірку ж етую так толькі сёрбай... Голад будзе, або будзе хадзіць Сёрба. Яна з пранікам (пранік – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім церлі (пралі)бялізну пры мыцці і абівалі лён, проса, - Sputnik) ходзіць, забівае, хто ўжо хлеб раскідуе". Хутчэй за ўсё тут гаворка ідзе пра зацірку? прыгатаваную на вадзе і муцэ без інакшых інгрыдыентаў – найпрасцейшы, а значыць найбяднейшы варыянт гэтай стравы.

Нягледзячы на тое, што зацірка лічылася стравай бедных, прыгатаваная на пшанічнай муцэ, хатнім малацэ і яйках, гэта вельмі пажыўная і смачная страва. Пра яе казалі: "Хлізь(сёрб) ды хлізь, толькі бровы падымай" або "Нахлізаўся, як шчанюк заціркі", "Смачна так, што ад задавальнення нос гнецца". Ядуць зацірку толькі гарачай і на гэта ў народзе таксама ёсць трапная показка: "Дзеўка не зацірка, не астыне".

Зацірка

Інгрыдыенты:

  • 1,5 шклянкі мукі
  • 1-2 яйкі
  • 40 г сметанковага масла
  • 1,5 – 1,75 л малака
  • Соль
  • Цукар па смаку

Як гатаваць:

Прасеяную пшанічную муку падсмажыць на патэльні без масла да светла-карычневага колеру, дадаць трошкі вады, яйка, масла, соль і цукар, старанна перацерці. Атрыманыя камячкі цеста засыпаць у каструлю з кіпячым малаком. Варыць 5-7 хвілін на невялікім агні памешваючы. Пакаштаваць на смак і калі трэба то дадаць соль і цукар.

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (49)
Тэги:
беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская

Галоўныя тэмы