19:40 12 чэрвеня 2021
«Радыё Sputnik»
  • USD2.48
  • EUR3.02
  • 100 RUB3.46
Цiкавосткi
Атрымаць кароткую спасылку
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (77)
6110

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра тое, навошта на Грамніцы свяча, чыстая падлога, як атрымаць "чырвоныя боты", і прыводзіць цікавы рэцэпт хатняга пячэння

Стрэчаньскі дзянёк сёлета выдаўся надзіва пагодны. Свяціла сонейка, было суха і крыху марозна. Калі верыць народным прыкметам усё гэта прадракае раннюю вясну. Што ж, хутка пабачым! Пераваліўшы за палову снежны, марозны люты і надалей прарочыць добрае надвор’е.

У народзе лічылі, што вясна пачынаецца ад 15 лютага, калі адзначаюць зімовае свята народнага календара Грамніцы або Стрэчанне. Кажуць, што ў гэты дзень да абеду зіма, а пасля абеду ўжо вясна. Так і кажуць "Грамніцы-паўзіміцы" але, характэрызуючы няўстойлівае надвор’е апошняга зімовага месяца, дадаюць: "Да Грамніц пільнуй рукавіц, а на Грамніцах у тых самых рукавіцах".

Памяць Перунова

У нядаўнім мінулым найстаражытнейшае свята жывога агню Грамніцы (Стрэчанне, Устрэчанне) для чалавека, жыўшага ў суладдзі з прыродай мела вялікае значэнне. Многія з тых, хто і цяпер ходзіць у царкву на "Сретенье"* асвячаць свечкі, не падазраюць, што свята мае глыбокія язычніцкія карані і звязана з язычніцкім богам грымот і маланак Грамаўніком (па-ранейшаму, Перуном). Адсюль назва свята Грамніцы, а не зразумелая ўсім царкоўна-славянская назва "Сретенье" ператварылася ў Стрэчанне або Устрэчанне і тлумачылася, як сустрэча зімы з летам.

*Сретенье у хрысціянстве знаменавала сустрэчу Сімяона з Ісусам Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў.

Памяць аб паходжанні язычніцкіх назваў свята і цяпер выкрываецца ў народных тлумачэннях. Напрыклад, вясновыя навальніцы і дажджы пад уладай Грамаўніка спрыялі росту расліннасці. У народзе верылі, што расліны надзелены вялікай жыццёвай сілай, якая бы памірае і можа адрадзіцца праз агонь. Таму на Грамніцы рабілі з саломы куклу і палілі яе, вяртаючы такім чынам сілу раслінам.

У пазнейшы час пад уплывам хрысцяінства Грамніцы сталі атаясамлівацца таксама са святым Юрыем (Георгіем). Так, на думку народа Грамніцы таму Грамніцы, што ў гэты дзень св. Юрай быццам бы "чысціць сваю стрэльбу і выпрабоўвае яе на чарцях". Калі ён у іх страляе – грыміць. Таму з гэтага дня зрэдку ўжо можна пачуць грымоты. Але верылі, што дзякуючы асвечаным у гэты дзень грамнічным свечкам, гэтыя грымоты не шкодзяць ні людзям, ні жывёлам, ні збудаванням.

Абярэг ад нячысцікаў

Свечка, прынесеная з царквы ў гэты дзень, мела вялікую сілу. Многія імкнуліся мець яе ў хаце як абярэг ад нячыстай сілы. Выкарыстанне свячы ў народнай магіі, гаспадарцы і нават медыцыне было вельмі разнастайнае. Лічылася, што чэрці, ведзьмы і ліхія духі ўсяляк пазбягаюць агню і дыму ад гэтых свечак. Казалі, што нават не запаленая "грамніца"* быццам нервуе ведзьмаў і чараўніц так, што "...калі маюць да грамніцы доступ, грызуць яе зубамі".

*грамніца – асвечаная на Грамніцы свечка.

Усяго толькі некалькі дзесяцігоддзяў таму ў вёсках Лоеўскага і Светлагорскага раёнаў, што на Гомельшчыне, аб чароўнай свячы можна было пачуць наступнае меркаванне:

"Кожны хазяін ішоў у цэркаў, дзе свяціў ету (стрэчанскую) свечку, хаваў за пазуху і прыносіў дадому. Кусочкі свячы даваліся людзям і жывёлам, як лякарства, насіліся ля цела, як амулет. Імі падкурвалі пры іспугах ліхарадках бальную жывёлу, семяна, адзежу".

Альбо часам і такое:

"Калі пачыналася навальніца, то іх запальвалі каб маланка хату не спаліла. Яны як бы зберагалі нас ад нячысцікаў. Свечы гэтыя вешалі над хлявамі. Каб ведзьмы не забралі малако ў каровы. Калі чалавек умірае, даюць у руку свечку, свячона свечка вельмі добра ў хаце. Яе запальвалі, маліліся богу, абыходзілі ўсе вуглы ў хаце і абыходзілі шчэ і хлеў, каб ніяка нячыста сіла не прыкасалася. Калі гналі ў чаргу кароўку, то ішлі з гэтаю свячою да кароўкі, маліліся абыходзілі кругом, а тады гоняць у поле, штоб здоровенька була, у пору дадому прыходзіла, малачко давала".

Поглядкі за Стрэчаннем

Важнасць дня сустрэчы зімы і лета ўсяляк падкрэслівалася не толькі ў прыгожых паданнях і  абрадах, але і ў побытавых дзеяннях. Гаспадыня павінна была памятаць, што паліць у печы перад усходам сонца нельга, бо тады ў яе кароў ведзьмы будуць адбіраць малако, а на падлозе не павінна быць пяску, каб у хаце ўлетку не завялося шмат мух.

На Гомельшчыне і цяпер жыве показка, што сустрэчу зімы з летам можна падгледзець. Для гэтага рэкамендавалася:

"Апоўначы ісці на перакрыжаванне і глядзець на неба. А там такая карціна: зіма ў футры, з нагі на нагу перамінаецца, глядзіць нядобра з-пад ілба на вясну. Тая ж ў вобразе маладой дзяўчыны, у белым адзенні, з вянком на галаве ўсміхаецца зіме. Колькі часу яны моўчкі гуляюць у глядзелкі, але зіма ўжо слабая, не можа перамагчы вясну. Так, сустрэўшыся сярод зор пастаяць яны і разыходзяцца".

А яшчэ дзеці верылі, што калі пабегчы босымі за агароды і гумны, глядзець, як сустракаюцца зіма з летам, то самым смелым зіма падорыць чырвоныя боты. Калі ж праз некаторы час са слязьмі на вачах, расчараваныя і змерзлыя малечы вярталіся назад, то дарослыя, смеючыся і ківаючы на іх чырвоныя ад снегу і холаду ногі, казалі, што гэта і ёсць тыя самыя "чырвоныя боты" ад Зімы. Каб хоць як  суцешыць малых, маці частавала дзяцей  абрадавым печывам у выглядзе сярпоў і кос і адпраўляла грэцца на гарачую печ.

А вось і добры рэцэпт на такое печыва, якое і цяпер гатуюць вясковыя гаспадыні

Хатняе пячэнне.

З чаго гатаваць:

  • мука 450 г,
  • цукар 100 г,
  • смятана 100 г,
  • яйкі 2 шт,
  • алей 50 г,
  • сода 3 г,
  • соль па смаку.

Як гатаваць. У смятану дадаць соду, яйкі, цукар і соль, прасеяную муку і замясіць цеста.

Пасыпаць стол або дошку мукой і тонка раскачаць цеста. Нарэзаць фігуркі ў выглядзе сельскагаспадарчых прылад, конікаў, качак і інш.

Выпякаць у духоўцы пры 180 градусах або ў досыць жаркай печы 25-30 хв. 

Смачна есці!

Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (77)
Тэги:
беларуская кухня

Галоўныя тэмы