МІНСК, 31 жні — Sputnik. Быхаўскія археолагі знайшлі ў аграгарадку Глухі нацельны абразок Баркалабаўскай Божай Маці, паведамляе тэлерадыёкампанія "Магілёў".
"Металічны абразок адліты, і спецыялісты папярэдне адносяць знаходку да XVIII стагоддзя", — адзначылі ў праграме.
Раскопкі ідуць на Царкавішчы — месцы ў вёсцы, дзе калісьці стаяла Мікалаеўская царква. Драўляны будынак, узведзены ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, за савецкім часам выкарыстоўвалі як свіран і склад, а потым ў 1960-ыя гады знеслі канчаткова. Вяскоўцы ўсталявалі там памятны крыж.
"Вакол — шмат валуноў і надмагільныя пліты, дзе добра захаваліся надпісы на польскай мове. Якім чынам гэтыя пліты суадносяцца з праваслаўнай царквой — гэтую загадку Глухаў і спрабуюць раскрыць дырэктар Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян і валанцёры", — паведамляе тэлеканал.
Разам з абразком археолагі знайшлі адліваныя цвікі і манеты розных часоў. Раскопкі ў Глухах працягваюцца.
Баркалабаўская Адзігітрыя, намаляваная тэмперай на хваёвай аснове з пазалочаным разьбяным фонам, — адзін з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу, які захоўвае выразныя рысы старажытнавізантыйскай асновы.
Першапачаткова знаходзілася ў праваслаўным Баркалабаўскім жаночым манастыры, заснаваным у 1648. У манастырскім архіве захоўвалася легендарнае паданне пра паходжанне абраза. Паводле яго ў 1659 годзе нейкі "князь вояў рускіх" Пажарскі вяртаўся "з Польшчы", маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, "абраз стаў нерухомы" і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры, і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне. Тут абраз праславіўся многімі цудамі, аб чым сведчылі яго шматлікія копіі ў навакольных цэрквах. Найвялікшым цудам лічылася тое, што абраз перажыў усе войны XVII-XX ст. і ганенні на рэлігію ў XX ст.
Святкаванне абраза адбываецца 24 ліпеня, у дзень яго з'яўлення ў Баркалабаўскім манастыры.
Чытайце таксама:
У Беларусі знайшли лыжку старажытней за маску Тутанхамона >>
Дзень археолага: заканадаўства абараняе, але помнікі ўсё роўна нішчаць >>
Вандалы раскапалі старажытны курганны магільнік у Беларусі >>
Крыж часоў Івана Грознага: што яшчэ знайшлі беларускія археолагі >>
Навукоўцы знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай >>
У Беларусі ўпершыню знайшлі цэлыя "молаты Тора" >>
Знайшлі першы будаўнічы чарцёж, які захаваўся з часоў Сярэднявечча >>