У межах выставы "Беларусь і Біблія" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працягваецца цыкл лекцый, на якіх выбітныя навукоўцы разважаюць пра ўплыў Святога Пісання на грамадскае і асабістае жыццё чалавека. З лекцыяй "Біблія і навука" ўжо выступіў нобелеўскі лаўрэат прэміі міру Кэнет Брокман, а ўчора слухачы маглі даведацца шмат цікавых фактаў пра Берасцейскую Біблію і Рэфармацыю ў ВКЛ ад доктара Оксфардскага цэнтра місіянерскіх даследаванняў Бруса Андэрсана.
Берасцейская Біблія была выдадзена ў 1563 годзе на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага. Яна з'яўляецца другім, пасля каталіцкай Бібліі Леапаліта, поўным перакладам Святога Пісання на польскую мову з моў арыгінала – старажытнагрэчаскай і іўрыта. Акрамя таго, гэта самая вялікая і багата аздобленая беларуская друкаваная кніга XVI стагоддзя.
Да вытокаў
Гісторык і тэолаг Брус Андэрсан прыязджае ў Беларусь амаль кожны год і шчыра прызнаецца ў любові да нашай краіны і яе народа. Яго цікавасць да ВКЛ узнікла дзякуючы сяброўству з людзьмі з Беларусі, Літвы і Польшчы, якія зацікавілі навукоўца амаль не даследаванымі фактамі з гісторыі гэтых зямель.
"Звычайна я не распачынаю свае лекцыі цытатамі з Бібліі, але паколькі гэтая выстава звязаная з Бібліяй, я прывяду цытату. У Старым Запавеце ў прарока Ісаі ёсць урывак, у якім сказана: "Паглядзіце на скалу, з якой мы былі высечаны", — так Брус Андэрсан пачаў размову са слухачамі, сярод якіх былі навукоўцы з БДУ і шмат студэнтаў.
Навуковец патлумачыў, што гэтую цытату можна спраецыраваць на ўсе народы як заклік звяртацца да мінулага, вывучаць і разважаць над тым, што было раней. Гісторыя, па яго словах, заўсёды выклікае спрэчныя пытанні, але разам з тым дапамагае нам зразумець, хто мы такія і якія мы ёсць.
Дэвізам эпохі Адраджэння, які пераняў і рэфармацыйны рух, было "Ad fontes" (лац. "Да вытокаў"). Рэфармацыя перш за ўсё ўяўляла сабой распад старога парадку і адыход ад яго.
"Гісторыкі прызнаюць, што святарства ў тыя часы адчувала пэўную спустошанасць. Рэнесанс прыдаваў пэўны штуршок, з'явілася цікаўнасць да царкоўнага і духоўнага адраджэння", — адзначыў Брус Андэрсан.
Па яго словах, у нейкім сэнсе Адраджэнне з'яўлялася навучальным, педагагічным рухам, які ўключаў крытычнае прачытанне біблейскага тэкста і фарміраванне свайго меркавання. Такое ж жаданне было ўласціва эпохе Рэфармацыі. Гэты рух перш за ўсё распаўсюджваўся ў пратэстантызме, але пэўныя яго рысы прысутнічалі і ў рыма-каталіцкай царкве.
"Адзін з тагачасных пратэстанцкіх навукоўцаў сфармуляваў гэта так: пратэстантызм ставіць верніка наўпрост перад Богам", — распавёў навуковец.
Друкарскі станок як інтэрнэт старажытнасці
Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў берасцейскую друкарню ў 1558 годзе, і гэта аказала вельмі сур'ёзны ўплыў на грамадскае жыццё ВКЛ. Брус Андэрсан параўнаў з'яўленне друкарскага станка і пашырэнне кнігадрукавання са з'яўленнем інтэрнэта ў ХХ стагоддзі.
"Старэйшае пакаленне мае вялікі прывілей – убачыць глабальныя змены, якія адбываліся на працягу нашага жыцця. Друкарскі станок прывёў да падобных пераменаў у XVI стагоддзі", — падкрэсліў навуковец.
Калі Брус Андэрсан прыйшоў на семінар у Оксфардзе па тэме сваёй дысертацыі, якую ён абараніў па асобе палітычнага дзеяча ВКЛ, філосафа Андрэя Волана, нават у гэтым горадзе, дзе шмат адукаваных людзей, не знайшлося шмат спецыялістаў, якія б нешта ведалі пра яго.
"Калі я пачаў сваю лекцыю, як вы думаеце, што ўсе рабілі? Гуглілі. Але да таго часу, як я завяршыў яе, мне сталі задаваць ужо вельмі прадуманыя, глыбокія пытанні пра ВКЛ і Волана. Гэта адбылося таму, што веды знаходзіліся для іх у непасрэднай дасяжнасці і яны пачалі разважаць" – патлумачыў навуковец.
Ён падкрэсліў, што станаўленне індывідуальнасці як у ВКЛ, так і ва ўсёй Еўропе адбывалася пад уплывам вынаходніцтва друкарскага станка.
"З 1503 да 1536 года ў Кракаве былі надрукаваны 294 кнігі. Гэтая колькасць кніг перавышае колькасць кніг, надрукаваных за аналагічны перыяд ва ўсёй Англіі. А былі яшчэ друкарні ў Берасце, у Нясвіжы і шмат у якіх іншых месцах", — пералічыў Брус Андэрсан.
З канца XV да канца XVI стагоддзя на тэрыторыі Польшчы і Літвы было надрукавана 7500 кніг, і шмат якія з гэтых кніг былі звязаныя з Рэфармацыяй. Па словах навукоўца, гэта паказвае нам, што адбываецца, калі кнігі трапляюць у рукі простых людзей: "Калі людзі маюць кнігі, яны пачынаюць самастойна думаць".
Ідэі Волана папярэднічалі канцэпцыі Джона Лока
Навукоўцы адзначаюць, што Рэфармацыя паўплывала на роўнасць асобаў перад дзяржавай, на сацыяльную роўнасць паміж рознымі класамі і неперадузятасць закона. Пачалі з'яўляцца ідэі свабоды сумлення, а таксама ідэі, звязаныя з правам на ўласнасць. У Еўропе на гэта паўплывалі ідэі Жана Кальвіна адносна сацыяльнага вымярэння асобы.
"Ён быў сучаснікам Мікалая Радзівіла Чорнага, і Берасцейская Біблія была выдадзена падчас яго жыцця. Нажаль, шмат хто з нашых сучаснікаў не ўсведамляе высокі інтэлектуальны ўзровень людзей у Еўропе, якія жылі ў тыя часы. Мы маем перапіску паміж Кальвінам і шмат кім з ВКЛ, у XVI стагоддзі жылі беларусы, якія былі нароўні ў інтэлектуальнай дыскусіі з усёй астатняй Еўропай", — падкрэсліў Брус Андэрсан.
Як высветлілася, навуковец невыпадкова ўзгадаў Кальвіна: па яго словах, тэалогія швейцарскай рэфармацыйнай царквы была адаптаваная рэфармацыйнай царквой ВКЛ.
Некалькі год свайго жыцця Брус Андэрсан пасвяціў працам Андрэя Волана, які быў выдатным багасловам і палітычным дзеячом. Ён паходзіў з польскай Познані і ўсё сваё жыццё служыў сям'і Мікалая Рудога, а жыў у Ашмянскім раёне. Андрэй Волан напісаў больш за 30 прац на лацінскай мове, у якіх многа цытаваў грэчаскіх і лацінскіх аўтараў і вядомых айцоў царквы. Самы вядомы яго твор – "De Libertate", напісаны ў 1572 годзе. Гэта кніга была прадстаўлена ў сенаце ВКЛ для таго, каб з яе дапамогай прымаць важныя рашэнні адносна будучай палітыкі.
"Андрэй Волан казаў, што чалавек мусіць быць здольным займаць месца ў грамадстве на падставе сваёй маралі, свайго труда. Ён выступаў за абмежаванне манархіі і правы асобы, прасоўваў ідэі асабістай уласнасці, якія фактычна папярэднічалі ідэям Джона Лока", — распавёў Брус Андэрсан.
Яго ўнёсак увайшоў у агульную еўрапейскую спадчыну таму, што ў ВКЛ гэтыя ідэі былі распрацаваныя значна лепей і глыбей, чым у астатняй частцы Еўропы, дзе ў той час былі абсалютныя манархіі.
Такі культурны і сацыяльны кантэкст і абумовіў стварэнне літаратурнага помніка свайго часу – Берасцейскай Бібліі.
Чаму Берасцейска Біблія магла шакаваць першага чытача
Берасцейская Біблія з'яўляецца другой па ліку Бібліяй, цалкам перакладзенай з моваў арыгінала – старажытнагрэчаскай і іўрыта – на польскую.
"Берасцейская Біблія дазваляе нам убачыць сувязь паміж асабістай духоўнасцю і грамадскім жыццём. Кантэкст і змест берасцейскай Бібліі паўплываў не толькі на духоўнае аднаўленне краіны, але таксама і на змены асабістай грамадскай і духоўнай адказнасці", — расказаў Брус Андэрсан.
Рымска-каталіцкая царква таксама падкрэслівала неабходнасць таго, каб чалавек меў Біблію на нацыянальнай мове, і прыклад гэтага – Біблія Леапаліта.
"Гэта не быў, так бы мовіць, стартап, калі параўнаць – гэтая кампанія была накшталт "Майкрасофта", але яны працягвалі перакладаць з лацінскай вульгаты і захоўваць увесь царкоўны парадак. І таксама іх погляды на асабістае прачытанне Бібліі былі такімі, што хутчэй на нацыянальнай мове вы маглі чуць Святое Пісанне, а не чытаць", — удакладняе навуковец.
Берасцейская Біблія, па яго словах, вельмі істотна адрозніваецца ад тагачасных выданняў.
"Сама тытульная старонка ўжо шмат нам дае. Там напісана: "Кнігі Старога і Новага Запавета, дакладна перакладзеныя з яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай мовы" – нанова перакладзеныя. Гэта моцна адрозніваецца ад бібліі Вуека і іншых выданняў", — распавёў Брус Андэрсан.
На першых старонках Берасцейскай Бібліі таксама змешчаны верш, у якім ёсць спасылкі на ўрыўкі кніг Бібліі, якія распавядаюць пра тое, як Святое Пісанне было знойдзена і потым выкарыстана не толькі для духоўных, але і сацыяльных зменаў у жыцці.
"Тут некалькі разоў паўтараецца слова "запавет" – гэта вельмі важны біблейскі тэрмін, які кажа пра асаблівыя адносіны паміж людзмі і паміж людзьмі і Богам. Цэнтрам усяго гэтага было слова", — дадаў Брус Андэрсан.
Таксама ў кнізе ёсць прадмова да хрысціянскага чытача – тая частка Бібліі, якая выступае за асабістае чытанне слова і яго тлумачэнне. Яна напісаная простай мовай, якая, па словах навукоўца, магла нават шакаваць людзей таго часу, якія не прызвычыліся так "наўпрост размаўляць з Богам".
"Ёсць яшчэ 11 дапаможнікаў, якія не з'яўляюцца тэкстам Бібліі, гэта настаўленні і інструментарый для чытача: каментары, тлумачэнні, крытычныя заўвагі. І ўсе яны спрыяюць канцэпцыі асабістага чытання і разважання над Бібліяй", — падкрэсліў Брус Андэрсан.
Таксама ў кнігу быў уключаны дадатак на 365 дзён, дзе прыводзіліся ўрыўкі з пісання.
Такім чынам, Берасцейская Біблія з'яўляецца вельмі добрым прыкладам імпульса Рэнесанса і Рэфармацыі на беларускіх землях. Убачыць яе факсімільную копію можна на выставе "Беларусь і Біблія" ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі.