Сямейны капітал у Беларусі: як яго атрымаць і патраціць?
© Sputnik / Наталья Селиверстова
/ Падпісацца
З наступнага года ўзмацняюцца ўмовы датэрміновага выкарыстання капіталу. Улады прынялі такое рашэнне "з мэтай больш узважанага падыходу грамадзян да расходавання сродкаў сямейнага капіталу".
Беларускія сем'і, у якіх з'явілася трэцяе і наступнае дзіця, атрымліваюць ў 2021 годзе 23 737,5 рублёў. Гэтая сума - так званы сямейны капітал - дзяржпадтрымка шматдзетных сямей.
Праграма сямейнага капіталу ў Беларусі дзейнічае з 2015 года. Тады пры нараджэнні або усынаўленні трэцяга і наступных дзяцей бацькам належыла 10 тысяч долараў.
У 2020 годзе прэзідэнт падоўжыў праграму яшчэ на пяць гадоў. З'явіліся і некаторыя важныя новаўвядзенні. Выплаты сталі налічвацца ў беларускіх рублях - суму штогод індэксуюць у залежнасці ад узроўню інфляцыі. Акрамя таго, з'явілася магчымасць выкарыстоўваць сямейны капітал датэрмінова: на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетнай сям'і (будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё кватэры, пагашэнне запазычанасці па жыллёвых крэдытах), а таксама для навучання ў дзяржаўных ВНУ і ССНУ і аплаты медыцынскіх паслуг.
У 2020 годзе памер сямейнага капіталу складаў 22,5 тысячы беларускіх рублёў, у 2021-м - 23 737,5 рублёў. У 2022 годзе сума зноў будзе індэксавацца.
Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, на 1 студзеня 2021 года ў Беларусі адкрыты 93,575 тысячы дэпазітных рахункаў на сямейны капітал для шматдзетных сем'яў.
Як атрымаць сямейны капітал?
Сямейны капітал належыць бацькам пасля таго, як у іх з'явілася трэцяе дзіця. Права на гэтую форму дзяржпадтрымкі даецца сям'і адзін раз.
Самае галоўнае - звярнуцца па прызначэнне сямейнага капіталу на працягу паўгода з дня нараджэння (ўсынаўлення) трэцяга дзіцяці. Але калі па нейкіх прычынах гэтага не атрымалася зрабіць своечасова, то з улікам канкрэтных абставін кампетэнтныя органы могуць пайсці насустрач і аднавіць права на сямейны капітал.
Каб атрымаць сямейны капітал, неабходна з заявай і пакетам дакументаў звярнуцца ў выканкам. З сабой трэба ўзяць:
пашпарт (або дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка, калі звяртаецеся не вы);
пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, якія ўлічваюцца ў складзе сям'і;
для поўных сямей: пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які сведчыць асобу мужа (жонкi);
для няпоўных сямей: пасведчанне аб смерці жонкі (мужа), копію рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу (альбо ж іншы дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям'і, напрыклад, пашпарт, у якім няма адзнакі аб рэгістрацыі шлюбу);
пры ўсынаўленні: копію рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні).
На працягу пяці дзён выканкам запытае даведкі аб месцы жыхарства і складзе сям'і, інфармацыю пра дзяцей. Правераць таксама інфармацыю аб пазбаўленні бацькоўскіх праў, адмене ўсынаўлення, адабранні дзіцяці з сям'і, адмове ад дзіцяці. Увогуле, увесь пакет дакументаў пераправерылі і вынесуць рашэнне на працягу месяца з дня падачы заявы.
Пасля гэтага бацька на працягу паўгода павінен звярнуцца ў "Беларусбанк", каб адкрыць дэпазітны рахунак з заявай (ён ёсць на сайце банка), пашпартам і рашэннем аб прызначэнні сямейнага капіталу.
За час захоўвання на рахунку да сумы будуць налічвацца працэнты. Сямейны капітал не атрымлівацца ў спадчыну. Грошы будуць налічвацца ў памеры, дзеючым на дату нараджэння ці ўсынаўлення дзіцяці.
Калі можна выкарыстоўваць капітал?
Карыстацца сямейным капіталам можна па дасягненні 18-годдзя дзіцяці, са з'яўленнем якога і была прызначана гэтая выплата. Але з прадаўжэннем праграмы з 2020 года з'явіліся і іншыя важныя новаўвядзенні, пра якія так часта прасілі шматдзетныя сем'і (чытайце пра гэта ніжэй).
Пасля 18-годдзя выкарыстоўваць сямейны капітал можа адзін з членаў сям'і або ўсе - сума падзеліцца на кожнага ў роўных долях. Для гэтага адзін з паўналетніх падае заяву, каб распараджацца ўсімі сродкамі цалкам, разам са згодай іншых сваякоў. Для заявы неабходны наступныя дакументы:
пашпарт (або дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка, калі звяртаецеся не вы);
рашэнне (копія) аб прызначэнні сямейнага капіталу;
калі змянялася прозвішча і іншыя дадзеныя: дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва ў адносінах да членаў сям'і (пасведчанне аб нараджэнні, пасведчанне аб шлюбе, аб змене імя, копія рашэння суда аб усынаўленні і іншыя);
калі ў сям'і з'явілася яшчэ адно дзіця, якога не было пры падачы дакументаў на сямейны капітал, то будуць неабходнымі пасведчанне аб нараджэнні, копіі рашэнняў суда аб усынаўленні, аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць уключэнне ў склад сям'і новага сваяка;
калі склад сям'і змяніўся: пасведчанне аб смерці, копія рашэння суда аб аб'яўленнi грамадзянiна памерлым, аб прызнанні яго без вестак прапаўшым, пасведчанне аб скасаванні шлюбу ці іншы дакумент, які пацвярджае выключэнне са складу сям'і грамадзяніна, улічанага ў яе складзе пры прызначэнні сямейнага капіталу;
натарыяльна завераную згоду паўналетніх членаў сям'і, законных прадстаўнікоў непаўналетніх членаў сям'і на прадастаўленне права распараджацца ўсімі сродкамі сямейнага капіталу аднаму даросламу члену сям’і або непаўналетняму члену сям'і ў асобе яго законнага прадстаўніка.
Калі сваякі згоды не дасягнулі, то сямейны капітал падзеляць пароўну на маці і бацькі (айчыма/мачыху), якія ўлічваліся пры прызначэнні сямейнага капіталу, і дзяцей (і тых, хто з'явіўся ў складзе сям'і пазней). Калі бацькі развяліся і адзін з іх у сям'і не пражывае, то ён не атрымлівае частку сродкаў. Гэтак жа паступяць, калі аднаго з бацькоў з часам пазбавілі бацькоўскіх праў.
Выкарыстоўваць сямейны капітал пасля паўналецця дзіцяці можна на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне медыцынскай дапамогі, паслугі ў сферы сацыяльнага абслугоўвання, на назапашванне пенсіі маці.
Што можна датэрмінова
Пасля абнаўлення праграмы сямейнага капіталу з 2020 года сродкі можна выкарыстоўваць датэрмінова. І калі раней выкарыстоўваць іх (часткова альбо цалкам) датэрмінова можна было толькі на аплату медыцынскіх паслуг, то зараз спіс пашырыўся:
на паляпшэнне жыллёвых умоў шматдзетнай сям'і (будаўніцтва, рэканструкцыю ці набыццё кватэры, пагашэнне запазычанасці па жыллёвых крэдытах);
на навучанне ў дзяржаўных ВНУ і ССНУ;
на аплату медыцынскіх паслуг (і стаматалагічных таксама).
Пералік неабходных дакументаў будзе залежаць ад гэтых мэтаў. І на кожны прыватны выпадак, скажам, у залежнасці ад таго, як вы плануеце паляпшаць жыллёвыя ўмовы (будаўніцтва, купля жылля, пагашэнне жыллёвага крэдыту) будзе розны пакет даведак, які лепш загадзя ўдакладніць у мясцовым выканкаме.
Дарэчы, такое ж права на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу маюць і тыя сем'і, якім ён быў прызначаны па праграме мінулых гадоў - 2015-2019 гадоў.
Новае ў датэрміновым выкарыстанні
З 1 студзеня 2022 года будуць пашыраны магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу для вырашэння жыллёвага пытання. Акрамя ўжо дзеючых норм дадаюцца наступныя:
набыццё долі (долей) жылога памяшкання, калі пасля такой пакупкі грамадзянін становіцца ўласнікам усяго жылля;
пагашэнне пазыкі, якая была прадстаўлена ад работы члена сям'і на будаўніцтва (рэканструкцыю), набыццё жылля;
пагашэнне запазычанасці па крэдытах, прадастаўленых банкамі па дагаворах аб пераводзе доўгу, аб прыёме запазычанасці (у выпадках, калі доўг па крэдыце пераведзены на члена шматдзетнай сям'і ці ім прынята запазычанасць па крэдытнай дамове).
Стануць шырэй магчымасці выкарыстання сямейнага капіталу на атрыманне платнай адукацыі. Цяпер датэрмінова выдаткаваць гэтыя сродкі можна не толькі на аплату вучобы ў дзяржаўных ВНУ і ССНУ, але і ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі спажывецкай кааперацыі Беларусі і ў ВНУ Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Да іх адносяцца, напрыклад, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, Міжнародны ўніверсітэт "МІПСА".
Пашырацца і "медыцынскія падставы" для датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. З 1 студзеня 2022 года яго можна выдаткаваць яшчэ і на прадастаўленне для медыцынскага прымянення іншых медыцынскіх вырабаў (замест тых, якія прадугледжаны бясплатна згодна з Рэспубліканскім фармулярам медыцынскіх вырабаў) пры выкананні складаных і высокатэхналагічных умяшанняў у артапедыі (раней - у кардыяхірургіі, нейрахірургіі, анкалогіі).
Таксама з наступнага года можна будзе выдаткаваць сямейны капітал, не чакаючы 18-гадовага дзіцяці, на набыццё для членаў сям'і, якія з'яўляюцца інвалідамі, дзецьмі-інвалідамі з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарата, тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі і інтэграцыі іх у грамадства (тактыльныя дысплеі і прынтэры Брайля, прылады для падымання людзей, функцыянальныя ложкі).
Некаторыя складанасці
З наступнага года ўзмацняюцца ўмовы датэрміновага выкарыстання капіталу. Улады прынялі такое рашэнне "з мэтай больш узважанага падыходу грамадзян да расходавання сродкаў сямейнага капіталу".
У прыватнасці:
тыя, хто захоча пабудаваць ці купіць кватэру плошчай менш 10-15 "квадратаў" на аднаго чалавека, будуць здымацца з уліку маючых патрэбу;
забароняць адчужаць (купля-продаж, мена, дарэнне) набытае з выкарыстаннем сямейнага капіталу жыллё на працягу 5 гадоў (пры гэтым прадаць або абмяняць кватэру можна, калі яна знаходзіцца ў закладзе/іпатэцы альбо ўладальнік пераехаў у іншы горад, скасаваў шлюб, памёр і гэтак далей);
забароняць купляць за кошт сродкаў сямейнага капіталу старыя і пустуючыя хаты;
уводзіцца абавязковая ацэнка кошту (на падставе рыначных метадаў ацэнкі) набытага жылля.
Чытайце таксама:
Улады зрабілі больш жорсткімі ўмовы атрымання сямейнага капіталу
Сямейны капітал афіцыйна дазволілі траціць на куплю жылля
Больш за $1 млрд: агульная сума сямейных капіталаў у Беларусі расце
Шматдзетная маці распавяла, як зэканоміць на пакупках
Шматдзетныя сем'і ў Беларусі атрымаюць шматмільярдную падтрымку