"А мы проса сеялі…", або Абрадавыя і кулінарныя завядзёнкі з прасяным смакам
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПроса на ручніку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, адкуль пайшла назва "прасянога карагода", чым "бабіна каша" адрозніваецца ад "баравой", а таксама раіць прыгатаваць традыцыйную прасяную поліўку з часнаком ды вясковую запяканку з проса.
Проса – найстаражытная культурная расліна, з круп якой гатуюць не толькі смачныя, але і карысныя для здароўя стравы.
"Пшано", а менавіта так з даўніх часоў называліся крупы з проса, выкарыстоўвалася ў многіх важных народных абрадах – такіх як Багач, хрэсьбіны, вяселле, пахаванне. А каб забяспечыць добры ўраджай і абудзіць урадлівасць зямлі, у маі продкі гулялі ў гульню-карагод "А мы проса сеялі…".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПроса – старажытнейшая культурная расліна
Проса – старажытнейшая культурная расліна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Проса і абрады
Як толькі пасля зімы надыходзіць цяпло, у Беларусі пачынаецца час вясновых карагодаў. Асабліва часта іх водзяць у маі і пачатку лета, калі па народных меркаваннях яшчэ працягваецца вясна. "Карагодам" у вёсцы Пагост, што ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, называюць нават абрадавы пшанічны хлеб, які выпякаюць да "Юр'еўскага карагода" (свята, якое ў 2019 годзе было ўключана ў абаронны спісак ЮНЕСКА).
Цікава, але ж існуе на вёсцы і "прасяны карагод". Гэтая старажытная гульня-карагод "А мы проса сеялі…" вядома многім славянскім народам. Гулялі ў яе пераважна ў канцы мая і ў пачатку чэрвеня – акурат тады, калі сеюць проса. Мэта "прасянога карагода" была простай, але адначасова і вельмі важнай – абудзіць урадлівасць зямлі, забяспечыўшы добры ўраджай.
А вось для незамужніх дзяўчат гэтая гульня дапамагала ўдала і хутка выйсці замуж. Падчас "прасянога карагода" хлопцы і дзяўчаты асобнымі шэрагамі адмысловым чынам "тапталіся" ў полі, спяваючы па чарзе пэўныя словы:
"А мы проса сеялі,
А мы проса вытапчам (у сэнсе абмалоцім).
А чым жа вам вытаптаць? –
А мы коні выпусцім.
А мы коні выкупім,
А мы дамо дзеўчыну…".
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяГульня "А мы проса сеялі". Фота з архіва Ларысы Мятлеўскай, 1989 год
Гульня "А мы проса сеялі". Фота з архіва Ларысы Мятлеўскай, 1989 год
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Завяршалася тым, што адзін з хлопцаў выкрыкваў імя дзяўчыны, якая яму падабалася – тая пераходзіла ў бок да хлопцаў. І так адбывалася да таго часу, пакуль усе ўдзельнікі гульні не ядналіся ў адзіным карагодзе.
Асобнае месца ў якасці абрадавай ежы займала і прасяная каша. Так, калісьці ў Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць) давялося ўдзельнічаць у хрэзбінным абрадзе "Бабіна каша": густую прасяную кашу варылі ў печы на малацэ ў адмысловым гліняным гаршку, які падчас абрадавага застолля разбівалі, чарапкі адкідалі ў бок, а салодкую кашу, якая прыняла форму гаршка, рэзалі на кавалкі і раздавалі прысутным.
А вось у Капыльскім раёне Мінскай вобласці на свята Багач і на памінкі гатуюць "Баравую кашу" – гэта пшонка, якая варыцца ў печы з салам і грыбамі.
Дарэчы, за дзесяцігоддзе вандраванняў па Беларусі ў пошуках старадаўніх кулінарных рэцэптаў пашанцавала запісаць нямала добрых страў з ужываннем ашатраванага прасянога зерня, частку з якіх прапаную сёння.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПрасяныя зернейкі
Прасяныя зернейкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Гатуем смакоцце з проса
Прасяныя кашы могуць быць з дадаткам сухафруктаў і арэхаў, з агароднінай (гарбуз, бульба) і грыбамі, з тварагом і печанню.
Каб пшонка не мела горкі прысмак, яе заліваюць гарачай вадой, якую пасля закіпання, зліваюць, а крупы заліваюць новай вадой і вараць да гатовасці.
Здараецца, прасяную кашу вараць на кіслым малацэ (як у вёсцы Неглюбка, што ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці), якое ператвараецца ў тварог.
А для таго, каб надаць прасяной кашы асаблівы смак, яе запраўляюць маслам, алеем, смятанай, мёдам ды падліўкамі са свежых ягад.
Каша прасяная малочная
З чаго гатаваць:
250 г проса,
3 шк. малака,
100 г вяршковага масла,
1 яйка,
цукар (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКаша з прасяных круп вельмі карысная!
Каша з прасяных круп вельмі карысная!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Прамытае проса заліць гарачай вадой, дадаць цукар і соль да смаку і варыць, здымаючы пену. Затым, пакуль проса не разварылася, даліць гарачае малако і варыць на слабым агні да загусцення.
Гатовую кашу заправіць маслам і ўбіць яйка.
Поліўка з проса з часнаком
Проса – цудоўны дадатак для першых страў! У беларускай кухні крупені, баршчы, поліўкі, патраўкі амаль заўсёды вельмі густыя. Гэта пра іх у народзе кажуць:
"Сядай, я табе супу насыплю!"
І нездарма, бо проса часта дадаюць для большай пажыўнасці і густаты першай стравы: з просам вараць супы з гароднінай, малочны, грыбны, з мясам, курыцай або рыбай… Усё гэта дзякуючы таму, што проса мае нейтральны смак, які не перабівае водару асноўнага інгрэдыенту.
З чаго гатаваць:
0,5 шк. проса,
1,5 л вады,
1-2 цыбуліны,
1 морква,
3 зубкі часнаку,
алей (тлушч або масла) да смажання,
зеляніна кропу (пятрушкі),
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПоліўка з проса з часнаком
Поліўка з проса з часнаком
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Проса прамыць і зварыць да мяккасці, пасаліць. Цыбулю дробна скрышыць, моркву буйна натаркаваць, абсмажыць на патэльні і дадаць да проса. Варыць поліўку яшчэ 5 хв., затым дадаць туды здробнены і расцёрты часнок, скрышаную зеляніну кропу (пятрушкі), перац, соль.
Зняць з агню і даць пастаяць пад накрыўкай некалькі хвілін.
Запяканка з проса
З чаго гатаваць:
100 г проса,
20 г вяршковага масла,
20 г смятаны,
1 яйка,
манныя крупы (сухары),
цукар (па патрэбе),
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСапраўдную запяканку з проса лепш гатаваць у печы
Сапраўдную запяканку з проса лепш гатаваць у печы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Прамытае проса ўсыпаць у кіпячае малако і варыць да гатовасці, увесь час мяшаючы. Злёгку астудзіць кашу і дадаць у яе сырое яйка, соль, цукар да смаку, перамяшаць, выкласці ў форму, змазаную маслам і абсыпаную маннай крупой ці сухарамі. Змазаць кашу зверху сумессю яйка і смятаны. Запякаць у печы да ўтварэння залацістай скарынкі (або ў духоўцы пры 180 градусах).
Гатовую запяканку паліць вяршковым маслам і падаць з кісялём.
Смачна есці!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяДа прасяной запяканкі можна падаваць густы кісель з яблыкаў
Да прасяной запяканкі можна падаваць густы кісель з яблыкаў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
Крапіва на талерцы, або Гатуем вясковыя далікатэсы з пякучай расліны
Залатыя ключы Юр’я-Ягор’я, або Карысныя першацветы ў аптэчцы і на кухні
"Калі рыбна, дык і юшна!", або Рыбны дзень каля хатняй печы