"Як боб у гаросе шукаць", або Пажыўныя стравы з ліпеньскіх град
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяАбсмажаныя бобэныкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, калі на беларускай зямлі з’явіўся боб і чаму "сядзець на бобках" карысна для здароўя, а таксама раіць паспытаць на смак знакамітыя "бобэныкі" з Брэстчыны і традыцыйны суп з бобу.
У другой палове ліпеня агародныя клопаты пачынаюць прыносіць гаспадыні радасць. Красуюцца на градах першыя агуркі, наліваецца цыбуля, бульба і цешаць вока маладыя бурачкі.
Гарачае ліпеньскае надвор’е прымушае гаспадыню гатаваць "лёгкія", але пажыўныя стравы. Гэта супы з садавіны і гародніны, разнастайныя халаднікі, а таксама іншыя кулінарныя вынаходкі, сярод якіх не на апошнім месцы стравы з бобу.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗялёны боб на градах
Зялёны боб на градах
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У пашане продкаў
Радзімай бобу лічыцца Міжземнамор’е – расліна была вядома старажытным грэкам і егіпцянам, у Палесціне. Ведалі яе і на Еўрапейскім кантыненце. А яшчэ плады бобу былі знойдзены падчас археалагічных раскопак пад Мінскам, што сведчыць аб ужыванні яго ў ежу нашымі продкамі яшчэ ў VII-VIII стагоддзях.
Боб здаўна быў вельмі папулярнай раслінай у беларусаў. Нездарма, зыходзячы з такой старажытнасці, упамінанні пра яго часта выкарыстоўваліся ў народнай гаворцы. Так, напрыклад, пра шматлікасць дзяцей у сям’і ды пра буйную, ураджайную пшаніцу заўважалі "дзяцей, як бобу" і "пшаніца, як боб". Пра нейкую простую жыццёвую задачу прыкмячалі, што яе зрабіць – "як боб у гаросе шукаць!". А вось пра чалавека, які хутка і выразна чытае, з павагай прамаўлялі: "чытаць, як боб малаціць" (паводле "Слоўніка беларускіх народных параўнанняў").
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБоб на вёсцы здаўна вельмі папулярная расліна
Боб на вёсцы здаўна вельмі папулярная расліна
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Боб не толькі пажыўны і смачны, ён яшчэ і карысны для здароўя! У яго склад уваходзяць крухмал, бялкі, тлушчы, клятчатка, мінеральныя рэчывы, сярод якіх калій і фосфар. У бобках шмат вітамінаў С, РР, вітамінаў групы В, а таксама правітаміна А. Стравы з гэтай расліны рэкамендуюць есці пры хваробах нырак, печані, некаторых захворваннях кішэчніка.
На жаль, у наш час у крамах, дзе прадаецца гародніна, бобу не знайсці. Хіба толькі завітаўшы на кірмаш, дзе буйныя зялёныя струкі знойдуцца ў вясковых гандлярак.
Гатуем з бобу
Амаль забыты агароднікамі цяпер, калісьці боб быў у вялікай пашане! Да з’яўлення бульбы нароўні з рэпай і капустай боб з даўніх часоў складаў падмурак харчавання сельскага чалавека. У ежу ўжывалі як свежы, крыху недаспелы боб, так і сушаны. З яго гатавалі супы з мясам, супы-пюрэ, бабовыя бліны і аладкі, камы, палітыя вяршковым маслам, выкарыстоўвалі ў якасці гарніру. Асабліва смачны недаспелы боб, параны ў струках у печы.
Параны боб
З чаго гатаваць:
боб у струках,
вада,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяПараны боб
Параны боб
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Памытыя струкі бобу пакласці ў гаршчок, уліць вады не да верху, пасаліць. Уставіць у гарачую печ на некалькі гадзін, пакуль вада не выпарыцца.
Параны боб падаюць у струках. Ядуць гарачым.
Бобэныкі
Рэцэпт стравы "бобэныкі" быў запісаны падчас кулінарнай вандроўкі ў вёску Залятынне, што ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Жыхарка гэтай палескай вёскі Таццяна Дзялун патлумачыла, што:
"Бобэныкі – гэта бульбяныя піражкі з бабовай начынкай".
Гатуюцца яны проста. Спачатку боб трэба загадзя намачыць: яго заліваюць вадой і пакідаюць на ноч. А гатуюць страву раніцай да абеду.
З чаго гатаваць:
1 кг бульбы,
200 г бобак,
200 г здору,
1 яйка,
смятана,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБобэныкі – далікатэс з Брэстчыны
Бобэныкі – далікатэс з Брэстчыны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зварыць бобкі, дадаць у іх 1 ст. л. здору (свінога тлушчу), крышку солі, стаўчы і астудзіць. Дарэчы, у боб можна дадаць і смажаную цыбулю, як закрасу, крыху ўзбагаціўшы арыгінальны рэцэпт.
Натаркаваць бульбу як для дранікаў, адціснуць праз марлю, дадаць у бульбяную масу яйка і соль, перамяшаць. Узяць лыжкай бульбу і распляскаць яе на далоні, у сярэдзіну пакласці тоўчаны боб і загарнуць.
Абсмажыць на здоры з усіх бакоў на працягу 5 хв.
Ядуць "бобэныкі" цёплымі, са смятанай.
Вараны боб з маслам
З чаго гатаваць:
100 г струкоў,
20 г вяршковага масла,
5 г зеляніны кропу,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяБабовые струкі з соллю
Бабовые струкі з соллю
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Недаспелыя струкі бобу мыюць, складаюць у каструлю, заліваюць кіпенем і вараць да гатоўнасці. Вынімаюць струкі і лушчаць, здымаюць з бобак абалонкі і падсальваюць.
Перад падачай паліваюць растопленым маслам і пасыпаюць сечаным кропам.
Суп з бобу
З чаго гатаваць:
300 мл булёну,
60 г свіных рабрынак,
40 г бобак,
30 г морквы,
30 г цыбулі рэпкі,
5 г зеляніны кропу,
соль (да смаку).
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗялёныя струкі маладога бобу ў гаршку
Зялёныя струкі маладога бобу ў гаршку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У кіпячы булён на свіных рабрынках дадаць бобкі, нарэзаную моркву, цыбулю і варыць да гатоўнасці бобу. Дадаць крышаную бульбу і варыць яшчэ 7-10 хв.
Даць пастаяць і падаваць на стол, заправіўшы кропам.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Амос цягне ўгору авёс", або Сакрэты старажытнай расліны ў аптэчцы і на кухні
"Чэрвень не гуляе – ураджай люляе", або Карыснае пустазелле ў полі і на стале
Крапіва на талерцы, або Гатуем вясковыя далікатэсы з пякучай расліны